Святлана Ціханоўская заклікала ЕЗ падтрымаць Беларусь


Святлана Ціханоўская на запрашэнне вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах Жузэпа Бурэля ўзяла ўдзел у сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу. Дэмакратычная лідарка Беларусі заклікала падтрымаць Беларусь.

Святлана Ціханоўская выступае са зваротам на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту. Страсбур, Бельгія. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Святлана Ціханоўская выступіла на сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ. Удзел у паседжанні дэмакратычная лідарка Беларусі ўзяла на запрашэнне вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ ў замежных справах Жузэпа Бурэля.

​Святлана Ціханоўская заклікала міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ звярнуць увагу на Беларусь і падзеі ў краіне:

«Лукашэнка не выпадкова падтрымлівае вайну супраць Украіны. Вольная, дэмакратычная, еўрапейская Украіна – гэта пагроза рэжыму ў Менску, як і пагроза Пуціну. І я настойваю: гэтая вайна не канфлікт паміж Расеяй і Украінаю. Два дыктатары вядуць вайну супраць еўрапейскай цывілізацыі. І абавязак кожнага народу на кантыненце, у тым ліку беларусаў, дапамагчы Украіне абараніць сябе».

Таму, на думку Святланы Ціханоўскай, краіны ЕЗ і Захаду павінныя дапамагчы грамадзянам Беларусі спыніць гвалт і пачаць дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі:

«Вось чаму я заклікаю ЕЗ прыняць захады для ўрэгулявання крызісу ў Беларусі. Цяпер самы час вярнуць Беларусь у парадак дня. Роля Лукашэнкі ў вайне і пагроза незалежнасці Беларусі больш не могуць заставацца незаўважанымі. Дэмакратыі ўзялі курс на прыхільнасць незалежнай і суверэннай Беларусі. Цяпер самы час падтрымаць намаганні беларусаў у абароне незалежнасці свайго народу».

Лідарка дэмакратычнай Беларусі звярнулася да прадстаўнікоў ЕЗ і заклікала дыпламатаў адмовіцца ад кантактаў з нелегітымным рэжымам і ўзмацніць палітыку непрызнання, не пачынаць гандлю палітычнымі вязнямі:

«Я заклікаю вас падтрымаць новыя сектаральныя санкцыі супраць рэжыму і закрыць існыя шчыліны. Я таксама прашу вас распрацаваць глабальны пакет санкцыяў пасля рашэння Міжнароднай арганізацыі працы ўжыць артыкул 33 супраць рэжыму».

Таксама беларуская лідарка звярнула ўвагу, што ў ЕЗ павінен быць чутны голас беларусаў, а не рэжыму. Заклікала таксама падтрымаць грамадзянскую супольнасць, медыі, праваабаронцаў. А беларусам, якія мусілі з’ехаць з краіны, дапамагчы ў пытаннях міграцыі, спрасціць візавы рэжым.

Hавiны
«Ніколі не забудзем гэтага болю». Святлана Ціханоўская выказалася з нагоды гадавіны смерці Рамана Бандарэнкі
2022.11.12 15:10

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў