Экзітпол: кіроўная партыя Польшчы на выбарах атрымала бальшыню галасоў. Яўка – 72,9%


Экзітпол кампаніі Ipsos сведчыць, што кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» лідаруе на парламенцкіх выбарах з вынікам 36,8% і атрымоўвае 200 мандатаў. На другім месцы – апазіцыйная Грамадзянская кааліцыя (31,6% і 163 мандатаў). Яўка склала 72,9%.

Галасаванне на парламенцкіх выбарах у Польшчы. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Filip Radwanski / Forum

«Вынікі апытанняў даюць нам чацвёртую ў гісторыі партыі перамогу на парламенцкіх выбарах і трэцюю запар. Гэта вялікі поспех», – заявіў старшыня партыі «Закон і справядлівасць» Ярослаў Качыньскі, калі былі абвешчаныя вынікі экзітполу.

Паводле папярэдніх звестак, кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» перамагае на парламенцкіх выбарах з вынікам 36,8% і атрымоўвае 200 мандатаў. На другім месцы – Грамадзянская кааліцыя (31,6% і 163 мандатаў).

Трэці вынік – у правацэнтрысцкай кааліцыі «Трэцяя дарога» (13%, 55 мандатаў), чацвёртае месца – у «Левых» (8,6%, 30 мандатаў). Пятаю ідзе крайне правая Канфедэрацыя (6,2%, 12 мандатаў). Беспартыйныя набіраюць 2,4% і ў парламент не трапляюць.

Яўка, паводле звестак Ipsos, склала 72,9% – і гэта максімум за 34 гады. Дагэтуль найвышэйшая яўка на выбарах у Сейм была ў 1989-м: 62,5%.

Меркаванні
Польскія выбары і іх значэнне для Беларусі
2023.09.20 11:10

Лідар Грамадзянскай кааліцыі Дональд Туск, каментуючы дадзеныя экзітполу, назваў сябе самай шчаслівай асобаю на свеце. «Польшча перамагла, дэмакратыя перамагла. Мы адхілілі іх ад улады. Гэта канец кіравання PiS», – сказаў палітык.

Хаця партыя «Закон і справядлівасць» перамагла на выбарах, бальшыню ў парламенце можа сфармаваць апазіцыя, калі аб’яднаюцца Грамадзянская кааліцыя, «Трэцяя дарога» і «Левыя». У іх будзе 248 мандатаў супраць 200 у кіроўнай партыі. Агулам у Сейме 460 месцаў.

Канчатковыя вынікі галасавання плануюць абвесціць у аўторак, 17 кастрычніка.

Меркаванні
Найважнейшыя выбары ў гісторыі свабоднай Польшчы
2023.10.13 15:42

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў