Польскія выбары і іх значэнне для Беларусі

Выбары ў Сейм будуць мець наступствы і для беларускай дэмакратычнай супольнасці, якой лепш захаваць нейтралітэт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Плакат, які заахвочвае да ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Варшава, Польшча. 16 верасня 2023 года.
Фота: Wlodzimierz Wasyluk / Forum

Апытанні паказваюць, што пасля парламенцкіх выбараў 15 кастрычніка ў Польшчы можа шмат чаго змяніцца. Паводле Estymator1 (апытанне замаўляў партал DoRzeczy.pl), кіроўная кааліцыя правых партыяў на чале з партыяй «Закон і справядлівасць» (PiS) Ярослава Качыньскага атрымлівае 36,6 % падтрымкі, апазіцыйная Грамадзянская кааліцыя (на чале з Грамадзянскай платформай Дональда Туска) – 29,4 %, трэцяя сіла – нацыяналістычна-папулістычная Канфедэрацыя (Konfederacja) – 11,4, Трэцяя дарога (кааліцыя партыі аграрыяў PSL і партыі былога шоўмена Шымона Халоўні Polska-2050) – 9,4 %, Левыя (Lewica) – 9 %.

Якое стаўленне гэтых партыяў маюць да беларускага пытання? На перыяд кіравання PiS выпалі гістарычныя падзеі для Беларусі – 2020 год. Ніводная краіна свету не прыняла столькі беларускіх уцекачоў, колькі прыняла Польшча. Без урадавага польскага падтрымання (праз МЗС, фонды і г. д.) не існавала б большасці незалежных беларускіх медыяў, няўрадавых арганізацыяў і ініцыятываў. З усіх краінаў ЕЗ Польшча найбольш спрасціла працэдуру легалізацыі для беларусаў.

Варта прыгадаць, што палітыка PiS у дачыненні Лукашэнкі не заўжды была такая. Была і спроба паляпшэння стасункаў, узаемных візітаў. У 2016 годзе Беларусь наведваў тагачасны маршалак Сенату Станіслаў Карчэўскі. У тым жа годзе з Лукашэнкам сустракаўся і Матэўш Маравецкі (тагачасны віцэ-прэм’ер і міністр развіцця і фінансаў). А ў 2019 годзе ў Польшчу завітаў Міхаіл Мясніковіч (тады быў старшынём Савету Рэспублікі), сустракаўся з ім нават прэзідэнт Анджэй Дуда. Былі планы супольных эканамічных праектаў (нафтаправод з Гданьску ў Беларусь). Пасля 2020 года і саўдзелу Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны гэта ўжо мінуўшчына. Але яна паказвае, што PiS некалі спрабаваў праводзіць іншую палітыку ў дачыненні Лукашэнкі.

Праводзіць іншую палітыку і паляпшаць стасункі прабаваў і папярэдні ўрад Дональда Туска (2007–2014).

Можна прыгадаць візіт Радослава Сікорскага (тады кіраўнік МЗС) у Беларусь у лістападзе 2010 года, калі разам з тагачасным кіраўніком нямецкай дыпламатыі Гіда Вэстэрвэле (памёр у 2016 г.) спрабавалі пераконваць дыктатара, каб правёў празрыстыя выбары і не разганяў пратэстоўцаў. Тое нічога не дало, як і папярэднія візіты Сікорскага да Лукашэнкі, падчас якіх падымаліся пытанні польскай меншасці. А можна прыгадаць і справу Алеся Бяляцкага, якога ў 2011 годзе рэжым пасадзіў на 4,5 года дзякуючы перададзеным уладам у Менску польскай Генеральнай пракуратурай (і літоўскім Мінюстам) звестак адносна банкаўскіх рахункаў праваабаронцы. Сёння ж пазіцыя Грамадзянскай платформы ў дачыненні Лукашэнкі асабліва нічым не адрозніваецца да палітыкі «Закону і справядлівасці». У партыі Туска, як і ў партыі Качыньскага, ёсць шмат заангажаваных у справы вольнай Беларусі палітыкаў. Грамадзянская платформа ў час свайго кіравання падтрымлівала беларускія незалежныя медыі, дэмакратычныя ініцыятывы.

З Канфедэрацыяй, сёння трэцяй польскай палітычнай сілай, сітуацыя іншая. Зорка партыі Славомір Мэнцэн (Sławomir Mentzen) некалькі дзён пасля выбараў у жніўні 2020 года казаў, што беларуская апазіцыя «не мае ніякіх шанцаў». Папулярны ў моладзі (асабліва ў сацсетках) палітык ездзіў падчас выбарчай кампаніі, збіраў натоўпы і піў піва з прыхільнікамі. Палітычны гуру ягонай партыі Януш Корвін-Міке яшчэ некалькі месяцаў таму абвінавачваў польскі ўрад у тым, што Варшава нібыта сама штурхала Лукашэнку «ў абдымкі Масквы». Маўляў, Лукашэнка дзесяцігоддзямі «бараніўся перад Расеяй». У Канфедэрацыі пра неабходнасць падтрымання дэмакратычных сілаў Беларусі ніхто, прынамсі гучна, не кажа. Нічога дзіўнага, бо партыя папулярная, асабліва сярод збунтаванай моладзі (якая жыве ў сацсетках), для якой справа дачыненняў з Беларуссю застаецца абстракцыяй.

Усе апытанні паказваюць, што PiS не хапае падтрымання, каб самастойна стварыць урад. І доўгі час ходзяць спекуляцыі, што адзінай сілай, з якой партыя Качыньскага можа стварыць кааліцыю, ёсць менавіта Канфедэрацыя. У кіраўніцтве гэтых партыяў пярэчаць, што і так будзе да выбараў, але пазней нічога нельга выключыць. Як нельга і выключаць перамогі апазіцыі, бо эксперты кажуць, што галоўныя вырашальныя баталіі адбудуцца апошнія два тыдні перад выбарамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У польскай сталіцы на скрыжаванні вуліцаў Południowa Obwodnica Warszawy (al. Legionów Piłsudskiego) i ul. Puławskiej з’явілася кальцавая развязка Вольнай Беларусі. 15 кастрычніка 2021 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Ці ёсць падтрымка вольнай Беларусі з боку іншых партыяў? Ёсць, але яна абапіраецца толькі на асобных палітыкаў. Кандыдат у Сейм (Trzecia Droga) у адным з варшаўскіх акругаў Павэл Ленарчык быў ініцыятарам ушанавання памяці Рамана Бандарэнкі ў Варшаве. Ініцыятыва з бюракратычных прычынаў не ўвасобілася, але дзякуючы яму ў кастрычніку 2021 года ў Варшаве зьявілася развязка Вольнай Беларусі (Rondo Wolnej Białorusi). У сваю чаргу адным з лідараў партыі Lewica ёсць Робэрт Бедрань, які на працягу апошніх гадоў падтрымлівае прыхільнікаў свабоднай Беларусі (у Еўрапарламенце ён быў кіраўніком дэлегацыі ў пытаннях стасункаў з Беларуссю).

Хуткія выбары зробяцца выклікам для беларускіх дэмакратычных сілаў і дыяспары ў Польшчы, якім лепш захаваць нейтралітэт, не ангажавацца ў польскую выбарчую кампанію. Трэба памятаць, што незалежна ад выніку кастрычніцкіх выбараў, змены замежнай палітыкі ў дачыненні Беларусі Лукашэнкі вельмі малаверагодныя. Але чым даўжэй будзе кіраваць дыктатар, тым мацней ягоным праціўнікам у замежжы трэба будзе змагацца за ўвагу і падтрымку Варшавы, без якой рэшта Еўропы пра Беларусь папросту забудзе.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў