Лукашэнка падказаў замежным інвестарам, куды падзець грошы, якія нельга выводзіць з Беларусі


Указ Аляксандра Лукашэнкі «Аб спецыяльных рахунках» быў афіцыйна апублікаваны 15 верасня і адразу набыў моц. Ён апісвае, што замежныя інвестары могуць рабіць з атрыманымі ў Беларусі прыбыткамі, якія забаронена выводзіць з краіны.

Гэтым указам Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў парадак адкрыцця спецыяльных рахункаў для тых замежных кампаніяў і асобаў, супраць якіх уведзеныя «спецыяльныя абмежавальныя захады».

Пад гэтыя санкцыі могуць трапіць практычна любыя замежныя кампаніі або інвестары: згодна закону ад 12 ліпеня, Савет міністраў можа ўводзіць «спецыяльныя абмежавальныя захады» супраць любых інвестараў з краінаў, якія «робяць непрыязныя дзеянні» адносна беларускіх юрыдычных і фізічных асобаў. Такія краіны вызначае сам Саўмін, у спісе цяпер усе дзяржавы Еўразвязу, Злучанае Каралеўства і Злучаныя Штаты, Аўстралія, Канада, Нарвегія, Швейцарыя і іншыя. У спіс падсанкцыйных адразу трапіла сотня кампаніяў – але са спісу могуць і выключаць.

Новы ўказ вызначае, што для атрымання прыбыткаў замежнікамі, якія трапілі пад гэтыя санкцыі, трэба адкрываць спецыяльныя рахункі ў беларускіх рублях, а з гэтых рахункаў грошы можна інвеставаць у праекты на тэрыторыі Беларусі, пагашаць запазычанасці перад банкамі, набываць спецыяльна распрацаваныя пад указ каштоўныя паперы, класці ў дэпазіт пад адсоткі або рабіць яшчэ нешта, што спецыяльна дазволіць Савет міністраў або асабіста Лукашэнка.

Інвестыцыйная прывабнасць Беларусі і без таго была невысокая. Так, вядомае рэйтынгавае агенцтва S&P 8 верасня вырашыла не абнаўляць рэйтынгі Беларусі, бо не мае дастатковых звестак пра краіну. Год таму, яшчэ да ўзаконьвання «спецыяльных абмежавальных захадаў» агенцтва пацвердзіла рэйтынгі Беларусі ў замежнай валюце на ўзроўні «выбарачнага дэфолту», а ў нацыянальнай – на ўзроўні высокіх рызыкаў (CCC).

Аналітыка
«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?
2022.07.05 18:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў