Курс расейскага рублю страціў кіравальнасць. Ці пацягне ён за сабой беларускі рубель?


На пачатку года за амерыканскі далар прасілі ўсяго 70 расейскіх рублёў, у пачатку лета – 80, у канцы ліпеня – 90, а ў сярэдзіне жніўня – пад сотню. «Белсат» запытаў беларускую эканамічную аглядальніцу і расейскага эканаміста, што адбываецца і чаго чакаць беларусам.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь, 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

На момант публікацыі афіцыйныя курсы ад цэнтральнага банку Расеі – 101,04 расейскага рубля за долар і 110,68 за еўра. Праўда, у расейскіх абменніках долар можна купіць і за 95 расейскіх рублёў, еўра – за 104.

Гэта можа хутка змяніцца: 15 жніўня Цэнтрабанк Расеі рэзка, з 8,5% да 12 %, падняў ключавую стаўку (гэта як беларуская стаўка рэфінансавання: ад яе залежыць адсотак па крэдытах і дэпазітах для іншых банкаў). У тэорыі, павышэнне гэтай стаўкі магло б знізіць інфляцыю і ўмацаваць нацыянальную валюту Расеі.

Ці спрацуе гэта на практыцы, не відавочна: на момант публікацыі на Маскоўскай біржы за долар і еўра просяць хіба што на пару расейскіх рублёў менш, чым днём раней. Умацаванне ніяк не на дзясяткі адсоткаў.

Беларускі рубель таксама таннее адносна галоўных замежных валют: у пачатку лета за долар у абменніках прасілі блізу 2,90 беларускага рубля, з канца чэрвеня і да жніўня – блізу 3. А з пачатку жніўня пачалося рэзкае падзенне, якое прыпынілася 15 жніўня на адзнаках блізу 3,20 беларускага рубля за долар. Еўра падаражэў у абменніках з пачатку лета з 3,1 да 3,5 рубля. Як і ў Расеі, у Беларусі курс Нацыянальнага банку слабейшы за той, чым у абменніках: па Нацбанку долар каштуе 3,27 беларускага рубля, еўра – 3,58.

Тым часам на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі выкладчыца Акадэміі кіравання Ірына Новікава пераконвае, што беларусы «перасталі мець патрэбу ў доларах», бо «усё можна купіць за рублі».

Што ўсё гэта значыць, эксперты распавялі ў эфіры «Белсата».

Беларускі рубель ідзе за рускім эканамічным караблём

Беларуская эканамічная аглядальніца Таццяна Каліноўская ў каментары «Белсату» адзначае: у Беларусі курсы цяпер мяняюцца яшчэ не так рэзка, як бывала раней.

Беларускі рубель за дзень падаў і на 10, і на 20%, нагадвае яна. Цяпер змены курсу беларускага рублю не выглядаюць катастрафічнымі – асабліва на фоне санкцый у дачыненні да Беларусі і яе галоўнага эканамічнага партнёра, а таксама відавочна ненармальнай палітычнай сітуацыі. Змена курсу ўсяго на пяць капеек за дзень – гэта зусім не тыя маштабы, якія чакаюць беларускі рубель.

«Беларуская эканоміка нібы прывязаная, такі маленькі караблік за вялікім расейскім караблём, які цяпер цягнецца… – разважае Каліноўская. – Усё, што будзе адбывацца з расейскай эканомікай, а нічога добрага там не будзе адбывацца, будзе адбівацца на беларускай эканоміцы».

Каліноўская ўпэўненая, што курс беларускага рублю будзе слабець у залежнасці ад эфекту санкцыяў на расейскую эканоміку і ад гатоўнасці Крамля да мірных перамоваў у вайне ва Украіне. Але рабіць больш дакладны эканамічны прагноз яна не бярэцца: на расейскую эканоміку ўплываюць непрадказальныя палітычныя рашэнні, ды і памер «падушкі бяспекі» Расеі невядомы.

Штучнае стрымліванне цэнаў пакуль не зламала беларускую эканоміку, адзначае аглядальніца. Спіс цэнаў, якія рэгулюе беларуская дзяржава, даволі шырокі, але ўрад дае ставіць прымальныя гандлёвыя надбаўкі – жорсткага дэфіцыту ў Беларусі няма, бізнес адаптаваўся. Вялікая інфляцыя цяпер не на тавары, а на паслугі – асабліва залежныя ад імпартных тавараў.

Калі Беларускі рубель па-сапраўднаму абваліцца або калі з’явяцца новыя абмежаванні на куплю замежных тавараў, «лакальныя дэфіцыты» могуць пачацца і для простых спажыўцоў, і для прадпрыемстваў, кажа Каліноўская. Нават абутак або лекі беларускай вытворчасці залежаць ад імпартных кампанентаў, якія трэба купляць за валюту.

Агляд
Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці
2023.08.14 08:50

Чаго чакаць ад расейскага рубля?

Расейскі эканаміст Зміцер Някрасаў кажа «Белсату»: здзіўляцца трэба не таму, што цяпер за долар просяць 100 расейскіх рублёў, а таму, што год таму прасілі 50. Ва ўмовах вайны аслабленне валюты – нармальная з’ява.

«З пачаткам вайны ў расейскіх манетарных уладаў, у першую чаргу ў Цэнтральнага банку, па сутнасці зніклі асноўныя інструменты маштабнага ўплыву на курс, – тлумачыць Някрасаў. – У норме, калі курс умацоўваўся, яны валюту скуплялі, калі курс слабеў – прадавалі. У іх была магчымасць дзясяткамі мільярдаў долараў апераваць».

Умацаванне расейскага рубля мінулым летам было зусім ненармальным, прадаўжае ён, але Цэнтрабанк Расеі не ўплываў на курс, бо проста не мог. Цяпер Цэнтрабанк можа свабодна прадаваць хіба што юані, і тыя – праз Кітай. Адсутнасць шмат якіх інструментаў маштабнага ўплыву на курс і памяншэнне абʼёмаў таргоў па «валютам недружалюбных краінаў» прыводзіць да большай зменлівасці курсу – на эканамічнай мове яе называюць валацільнасцю. Нейкі рэзкі продаж вялікіх абʼёмаў валюты можа рэзка змяніць курс, можа мацней адчувацца ўплыў сезону адпачынкаў на куплю замежнай валюты.

«Калі я кажу, што на гарызонце паўгода, то я, пры іншых роўных, не бачу перспектываў для далейшага паслаблення рублю, але гэта не значыць, што ён праз два тыдні не можа быць 120, – прызнае Някрасаў. – Проста праз тое, што ўсё гэта некіравальнае».

Калі нацыянальная валюта таннее, тлумачыць ён, імпартныя тавары даражэюць, імпарт скарачаецца (а ў Расеі і так станоўчы гандлёвы баланс – экспарт больш імпарту), паездак грамадзянаў за мяжу становіцца менш. У эканоміцы запускаюцца маштабныя кампенсуючыя працэсы. Без новых глабальных узрушэнняў эканаміст чакае «адкату» курсу расейскага рубля – але гэта можа змяніць, да прыкладу, раптоўнае падзенне коштаў нафты.

Каментар
Тэхнічны «адскок» ці трэнд? Што адбываецца на валютным рынку
2023.08.08 21:44

Гэта не той выпадак, калі чарговы крэдыт «выцягне» беларускі рубель

Беларускі рубель ён называе «вытворнай ад расейскага» – залежнасць асабліва ўзмацнілася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Беларусь мае адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі (імпартуе з іншых краінаў больш, чым экспартуе ў іх), а асноўны гандлёвы партнёр – Расея.

Калі ў такіх умовах у асноўнага гандлёвага партнёру «дэвальвацыя два разы на год», Беларусь будзе вымушаная дэвальваваць уласную валюту, каб яе вытворчасці, якія арыентаваныя на расейскі рынак, заставаліся канкурэнтаздольнымі.

Кароткатэрмінова на курс беларускага рубля могуць уплываць розныя фактары, але ў сярэдняй і доўгай перспектыве «ён павінен ісці за расейскім», кажа Някрасаў. Адзін з фактараў, які ў кароткай перспектыве ўплывае на курс беларускага рубля – гэта «рытмічнасць» прадстаўлення крэдытаў і субсідыяў ад расейскіх уладаў. У мінулым у беларускіх крызісах, не звязаных з Расеяй, расейскія стабілізацыйныя крэдыты дапамагалі ўтрымаць курс беларускага рубля. Але гэта менавіта кароткатэрміновы эфект, падкрэслівае эканаміст, але «на гарызонце паўгода – году» дынаміка курсу беларускага рубля павінна быць такой жа, як у расейскага.

Інфаграфіка
Гэта не «ў іх цэны растуць», а ў нас. Паглядзелі, што падаражэла, а што патаннела ў Беларусі
2023.08.14 21:36

Аліна Скрабунова, Алесь Наваборскі /ІР belsat.eu

Стужка навінаў