Ці праслаўляе гітлераўцаў бел-чырвона-белы сцяг?


Мы сабралі папулярныя тэзісы дзяржаўнай прапаганды, што знеслаўляюць бел-чырвона-белы сцяг, і разбіваем іх гістарычнымі фактамі.

Калі з’явіўся сучасны бел-чырвона-белы сцяг?

Бел-чырвона-белы сцяг быў прыняты як дзяржаўны Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР) у траўні 1918 года, але беларускія арганізацыі пачалі карыстацца ім крыху раней.

Загадкі беларускай гісторыі
Хто стварыў бел-чырвона-белы сцяг?
2020.03.25 09:00

БНР – праект немцаў?

Не, кайзераўская Нямеччына варожа ставілася да БНР. Незалежнасць БНР была абвешчаная Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага зʼезду. Гэта быў зʼезд рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, правядзенне якога ўхвалілі бальшавікі і нават дапамаглі ў арганізацыі. Калі ў 1918 годзе бальшавікі адступілі з Менску пад напорам немцаў, Выканаўчы камітэт выдаў Першую Устаўную грамату, якая абвяшчала, што выканаўчая ўлада на беларускіх землях пераходзіць да Народнага сакратарыяту БНР. Але немцы не прызналі гэтага сакратарыяту. Калі яны ўвайшлі ў Менск, то прагналі сакратарыят з будынку, які той займаў, сканфіскавалі касу БНР і пазрывалі бел-чырвона-белыя сцягі.

Ці карысталіся калабаранты ў гады савецка-германскай вайны 1941–1945 гг. бел-чырвона-белым сцягам?

Так, карысталіся. Але гэта былі невайсковыя арганізацыі: напрыклад, Саюз беларускай моладзі. Тое, што яны карысталіся бел-чырвона-белым сцягам, трэба разглядаць як злачынства калабарантаў – яны апаганілі нацыянальную сімволіку.

Дарэчы, толькі лянівы не сказаў, што калабаранты замаралі і іншыя нацыянальныя сцягі – Францыі, Бельгіі, Расеі, Украіны, Азербайджану…

Фільмы
Беларусь пад нямецкай акупацыяй, дак. фільм, ч. 1–3
2014.07.28 17:59

Ці палілі вёскі пад бел-чырвона-белым сцягам?

Не, не палілі. Прынамсі звестак пра гэта не выяўлена. У гэтым пытанні, напрыклад, разбіраўся гісторык Міхась Ткачоў. У сваім артыкуле «Национальные символы: народ и история» (газета «Советская Белоруссия», №№ 235 (17716) і 236 (17717) ад 11 і 12 кастрычніка 1989 г.) ён піша, што працаўнікі Беларускага музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны не ведаюць фактаў правядзення карных аперацыяў пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Міхась Ткачоў дадаткова спасылаецца на аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янку Брыля і Уладзіміра Калесніка, якія сцвярджалі, што сведкі карных аперацыяў не бачылі бел-чырвона-белай сімволікі ў карнікаў.

Дарэчы, фільм «Ідзі і глядзі» (1985 г.) быў зняты паводле сцэнара Алеся Адамовіча.

Ці абурае ветэранаў Другой сусветнай вайны бел-чырвона-белы сцяг?

Магчыма, кагосьці і абурае. Але сярод вядомых ветэранаў, якія агітавалі за бел-чырвона-белы сцяг, можна назваць Васіля Быкава (артылерыст), Янку Брыля (пачаў вайну ў польскай марской пяхоце, скончыў – у савецкіх партызанах), Валянціна Тараса (пайшоў у партызаны 13-гадовым хлопцам), Максіма Танка (франтавы журналіст). Іншы прыклад – ветэран Мікалай Сурын, які быў партызанам і стаў шырока вядомым у 2016 годзе, калі падпісаўся за прызнанне бел-чырвона-белага сцяга гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Ці праслаўляе бел-чырвона-белы сцяг фашызм?

Не, не праслаўляе. Ён не праслаўляў фашызму, калі быў прыняты як дзяржаўны сцяг у 1991 годзе, ён не праслаўляў пазней, калі пад ім збіраліся апазіцыйныя мітынгі. Не праслаўляе і цяпер, падчас пратэстаў 2020–2021 гг.

Лукашэнка выступае пад дзяржаўным бел-чырвона-белы сцягам, 1995 год. Кадр з фільму «Лукашэнка. Напралом. Гульня без правілаў – 2» / Белсат

Ці зʼяўляецца бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім?

З пункту гледжання Аляксандра Лукашэнкі – безумоўна. Мірныя пратэстоўцы пад гэтым сцягам так напалохалі яго ў жніўні, што ён сам узяў у рукі аўтамат, каб бараніцца. Але насамрэч нічога экстрэмісцкага ў бел-чырвона-белым сцягу няма. Прынамсі, так лічаць каля 900 беларускіх гісторыкаў. Інфармацыя пра першыя рэальныя крокі да прызнання бел-чырвона-белага сцягу экстрэмісцкім з’явілася ў лютым 2021 года. Але, як высветлілася, гаворка ішла пра ўзмацненне адказнасці за экстрэмізм, а не пра забарону сцяга. Бел-чырвона-белы сцяг хочуць забараніць з іншай прычыны – як сімвал калабарантаў.

Hавiны
«Канчатковы прысуд чырвона-зялёнаму сцягу». Палітычныя аглядальнікі ацанілі спробы забараніць БЧБ-сімволіку
2021.01.30 09:48

Улады проста баяцца бел-чырвона-белага сцяга?

Пра бел-чырвона-белы сцяг «Белсат» пагутарыў з кандыдатам гістарычных навук Алесем Пашкевічам. Той тлумачыць, што варожасць уладаў да бел-чырвона-белага сцяга звязаная ў першую чаргу з тым, што ён зрабіўся сімвалам пратэставых настрояў. «Гэта палітычна-ідэалагічнае змаганне, і ўсякія спробы нешта давесці праз гісторыю – непераканаўчыя», – лічыць гісторык.

«Зрэшты, галоўная мэта ўладаў – праз забарону бел-чырвона-белага сцяга спыніць пратэставыя настроі. Бо тое, што адбылося летась пасля выбараў, іх моцна напалохала, і цяпер за любую праяву нязгоды, нейкага пасіўнага супраціву можа «прыляцець» адміністратыўная ці крымінальная адказнасць. Таму вядзецца запалохванне, а ўлады словам і справай дэманструюць, што ніякіх бяспечных формаў супраціву ў Беларусі няма», – робіць выснову аўтар артыкулу.

АВ belsat.eu

Hавiны
За што беларускія ўлады не любяць песню «Магутны Божа»
2021.07.08 20:35
Стужка навінаў