У Баранавічах падлетак з цацачным пісталетам прыйшоў рабаваць ламбард


Днём 15 чэрвеня ў Баранавічах падлетак зайшоў у ламбард і пад пагрозай ужывання зброі запатрабаваў ад 25-гадовай працаўніцы аддаць яму грошы. Аднак, пабачыўшы, што дзяўчына націснула трывожную кнопку, ён уцёк, паведамляе МУС.

У Баранавічах падлетак спрабаваў абрабаваць ламбард. Скрыншот з відэа: pressmvd / Telegram

Вонкавыя камеры знялі на відэа, як малады чалавек пад’ехаў да ламбарда на ровары, а пасля няўдалай спробы рабавання на ім жа зʼехаў – як потым высветлілася, у бок чыгуначнага вакзалу.

«На вышук зламысніка быў арыентаваны ўвесь асабовы склад гараддзелу, уведзены спецплан. Дзякуючы зладжанай працы ўсіх падраздзяленняў і службаў па гарачых слядах выявілі асобу і затрымалі фігуранта. Ім аказаўся 16-гадовы жыхар Баранавічаў, навучэнец адной з установаў адукацыі. Пры ім знаходзіўся цацачны пісталет», – справаздачыліся ў МУС.

Следчыя распачалі супраць падлетка крымінальную справу за разбой.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў