Лідары G7 збіраюцца ўзмацніць санкцыі супраць энергетыкі і экспарту Расеі


Лідары G7 на саміце, што з 19 да 21 траўня пройдзе ў Японіі, збіраюцца ўзмацніць санкцыі супраць Расеі, у тым ліку ў дачыненні энергетыкі і экспарту, якія падтрымліваюць ваенныя намаганні РФ, піша «Reuters».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лідары G7 падчас відэасувязі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Баварыі, Нямеччына. 27 чэрвеня 2022 года.
Фота: Kenny Holston / POOL / AFP / East News

Паводле крыніцаў выдання, на саміце плануюць абвесціць новыя захады, скіраваныя на ўхіленне ад санкцыяў праз пасярэдніцтва трэціх краінаў, а таксама на падрыў будучай вытворчасці энергіі ў Расеі і стрымліванне гандлю, які падтрымлівае ўзброеныя сілы гэтай краіны.

Выданне таксама сцвярджае: афіцыйныя асобы Злучаных Штатаў чакаюць, што чальцы «Вялікай сямёркі» пагодзяцца скарэктаваць свой падыход да санкцыяў гэтак, каб для пэўных катэгорыяў тавараў экспарт аўтаматычна быў забаронены пры ўмове, калі гэтыя тавары не ўваходзяць у асобны спіс дазволенай прадукцыі.

Звяртаецца ўвага на тое, што адміністрацыя Белага дому падштурхоўвала саюзнікаў G7, каб змяніць той падыход, што дазваляе на сёння Расеі прадаваць усе тавары, калі яны не ўваходзяць у чорны спіс.

Падобны падыход дазволіў бы ўскладніць Маскве пошук слабых месцаў для абыходу санкцыяў.

На гэты момант дакладныя сферы, на якія будзе распаўсюджанае ўжыванне новых правілаў, яшчэ абмяркоўваецца. Але, паводле аднаго з амерыканскіх чыноўнікаў, варта чакаць, што гэтыя змены закрануць некалькі сфераў – у прыватнасці, абаронча-прамысловую базу Расеі.

Пры гэтым выданне звяртае ўвагу, што намеснік старшыні Савету бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў у красавіку зрабіў заяву, што адказам на забарону экспарту G7 стане завяршэнне зерневай угоды.

Раман Шавель  belsat.eu

Стужка навінаў