Актывістку Матчынага руху 328 асудзілі за абразу Лукашэнкі да чатырох гадоў «хіміі»


У судзе Кастрычніцкага раёну Менску да чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асудзілі палітзняволеную актывістку Матчынага руху 328 Марыну Кісялевіч, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Марына Кісялевіч.
Фота: Новы Час

Жанчыну судзілі па «даносе неабыякавага» за допісы «УКантакце» паводле двух дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 2 арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзідэнта»).

30 снежня 2021 года Марыну Кісялевіч выклікалі ў міліцыю, каб апытаць наконт нейкіх допісаў «УКантакце». Жанчына адмаўляла сваю датычнасць. Марыну пакінулі на ноч у РАУСе, дзе яна выпіла пачак снатворнага, пасля чаго трапіла ў рэанімацыю. Пасля яе накіравалі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, потым перавялі ў жодзінскую турму да суда.

Hавiны
Актывістка Матчынага руху 328 наглыталася таблетак у міліцыі, напісала заяву пра давядзенне да самагубства
2022.01.06 09:56

Пад вартаю Марыну Кісялевіч утрымлівалі цягам чатырох з паловаю месяцаў. У турме яе змяшчалі ў карцар за нязгоду з пастаноўкаю на ўлік як «схільную да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці», а яна абвяшчала галадаванне.

«Мяне змясцілі ў карцар на пяць дзён за тое, што я не была згодная з пастаноўкаю на ўлік як нібыта схільныя да суіцыду і экстрэмізму, – распавядала жанчына на сваёй старонцы ў Facebook. – Я даказвала, што я не схільная, а паводле артыкулу 16 КПК не вінаватая і пастаноўка на ўлік незаконная. А прымус агаворваць сябе – гэта ўжо артыкул 394 КК. У карцары я абвясціла галадоўку. Галадала ўсе пяць дзён, пакуль там была. Грэлі мяне шкарпэткі і пах лавандавага мыла».

Прысуд Марыне вынес суддзя Аляксандр Рудэнка.

Сыну актывісткі прысудзілі ў 2017 годзе 13 гадоў калоніі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў