news
Разбор
РДК, Легіён і Сібірскі батальён. Што за расейцы ваююць супраць Крамля і за Украіну
Там ёсць і нацыяналісты, і імперцы, і сепаратысты.
15.03.202418:39

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расеі некалькі фармаванняў з тэрыторыі Украіны ўчынілі рэйды на памежныя вобласці РФ. Афіцыйна ўлады ў Кіеве адмаўляюць сваю датычнасць да гэтых падзеяў, ускладаючы адказнасць за гэта на расейскіх грамадзянаў, нязгодных з пуцінскім рэжымам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прадстаўнікі Расейскага добраахвотніцкага корпуса (РДК) падчас брыфінгу каля мяжы з Расеяй на поўначы Украіны. 24 траўня 2023 года.
Фота: Madiyevskyy Vyacheslav / Ukrinform / Abaca Press / Forum

Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, 12 сакавіка заявілі, што зайшлі на тэрыторыю Курскай і Белгародскай вобласцяў Расеі. Адпаведную заявы распаўсюдзілі тры вайсковыя фармаванні, створаныя ва Украіне з грамадзянаў РФ – Легіён «Свабода Расеі» (ЛСР), Расейскі добраахвотніцкі корпус (РДК) і Сібірскі батальён.

Расейскія ўлады ў першы ж дзень заявілі, што адбілі атакі «ўкраінскіх дыверсантаў», нанёсшы ім вялікія страты. Але самыя добраахвотнікі кажуць, што працягваюць баявыя дзеянні і патрабуюць ад расейскіх уладаў стварыць гуманітарныя калідоры для эвакуацыі мірных грамадзянаў.

«Мы зноў звяртаемся да жыхароў Куршчыны і Белгародчыны! Ваша кіраўніцтва не зрабіла ніякіх мер для вашай абароны або эвакуацыі, а абстрэлы мірных гарадоў і вёсак Украіны працягваюцца, як і раней! Мы вымушаныя адкрыць агонь у адказ па ваенных аб’ектах у прыгранічных рэгіёнах! Неадкладна эвакуіруйцеся!», – папярэдзіў «Расейскі дабравольніцкі корпус».

Байцы расейскай узброенай апазіцыі заяўляюць, што гэтак ідуць «на выбары» прэзідэнта РФ, якія пройдуць 17 сакавіка. Як кажа Джоні з Сібірскага батальёну, замест галасавання на бюлетэнях варта галасаваць калібрам.

Улады Украіны адзначаюць, што не маюць дачынення да апошніх падзеяў, бо гэта «грамадзяне РФ, якія ў сябе ўдома дзейнічаюць, як вольныя людзі, і вядуць актыўную ў тым ліку грамадска-палітычную дзейнасць». Дый зброя ў іх – нібыта затрафееная, заявіў «Белсату» прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў.

Меркаванні
Не атрымліваецца ў расейцаў абараняць сваю зямлю
2024.03.12 20:49

«У Расеі нейкае там волевыяўленне, і паехалі гэтыя людзі прагаласаваць. Звычайная практыка. Гэта ж грамадзяне РФ, з пашпартамі Расеі і маюць права», – сказаў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.

Не першы такі рэйд

Расейскія добраахвотнікі ўжо год удзельнічаюць у рэйдах на тэрыторыю РФ. Пачалося гэта з дыверсіяў у Бранскай вобласці 2 сакавіка 2023 года, адказнасць за якія на сябе ўзяў «Расейскі добраахвотніцкі корпус». Пры гэтым у праўдзівасць гэтага першапачаткова не верылі нават украінскія эксперты, якія казалі пра інфармацыйную аперацыю Крамля.

Але рэйды і дыверсіі працягваліся. 22 траўня Легіён «Свабода Расеі» і «Расейскі добраахвотніцкі корпус» ладзілі ўжо новую аперацыю на тэрыторыі Белгародскай вобласці. 1 чэрвеня расейскія добраахвотнікі паведамілі пра чарговы рэйд: на гэты раз іх удар быў скіраваны на 40-тысячны горад Шабекіна ў Белгародскай вобласці. У горад яны ўвайшлі раніцай 4 чэрвеня. Баі на Белгародчыне адбываліся і ў снежні мінулага года.

Але што гэта за расейскія фармаванні, якія час ад часу ходзяць рэйдамі на тэрыторыю РФ?

Легіён «Свабода Расеі»

Найстарэйшым вайсковым фармаваннем з расейскіх добраахвотнікаў ва Украіне, утвораным пасля маштабнага ўварвання РФ, стаў легіён «Свабода Расеі». Афіцыйна пра яго ўтварэнне было абвешчана 11 сакавіка 2022 года. А 5 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Кіеве выступілі тры чалавекі ў масках, якія паведамілі, што яшчэ 27 лютага больш як 100 расейскіх вайскоўцаў перайшлі на ўкраінскі бок, пасля чаго пачалі вайсковую падрыхтоўку. У кастрычніку заяўлялася, што легіён пачаў фармаваць ужо трэці батальён у сваім складзе ды займеў уласную артылерыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Экс-дэпутат расейскай Думы Ілля Панамароў і байцы Расейскага легіёну «Свобода России» падпісалі дэкларацыю аб супрацы і каардынацыі дзеянняў расейскіх добраахвотніцкіх атрадаў, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай арміі. Ірпінь, Украіна.
Фота: Oleksii Chumachenko / Zuma Press / Forum

Прынамсі першапачаткова ў складзе легіёну былі і беларусы. Сярод яго чальцоў быў таксама былы віцэ-прэзідэнт расейскага «Газпромбанку» Ігар Валабуеў, які пазней быў паранены ў баях пад Бахмутам.

Пры гэтым доўгі не ўсе ўспрымалі легіён сур’ёзна. Існавала версія, што гэта «ўкраінскі інфармацыйны праект і што насамрэч такога баявога фармавання не існуе». Сярод іншага адзначалася, што легіён «не пакідае ніякіх слядоў і за 11 месяцаў нікога не страціў ні параненымі, ні забітымі». У самым жа фармаванні заяўляюць, што «станам на жнівень 2022 года, падраздзяленні Легіёна ўжо ўдзельнічалі ў баях на бахмуцкім, харкаўскім, сумскім напрамках і на поўдні Украіны».

Афіцыйным прадстаўніком легіёну з’яўляецца Максіміліян Цэзар Андронікаў. У 2010-х гадах ён быў звязаны з радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыяй «Расейскім імперскім рухам», але пасля адышоў ад яе дзейнасці, калі зразумеў, што арганізацыю «курыруе і дахуе адміністрацыя прэзідэнта і ФСБ». Між тым паплечнік Аляксея Навальнага Леанід Волкаў казаў летась, што Цэзар быў «звычайным укаранёным мянтоўскім стукачом». Паводле Андронікава, ён яшчэ ў 2014 годзе думаў ехаць ваяваць за Украіну, але тады гэтага не зрабіў. У 2024 годзе Цэзара на час адхілілі ад выканання абавязкаў намесніка камандзіра за крытыку ў адрас калегаў з РДК. Паводле апошніх звестак, ён удзельнічае ў баях у памежных рэгіёнах РФ.

Да вядомых прадстаўнікоў легіёну належыць таксама Аляксей Бараноўскі, былы прэс-сакратар «Расейскага маршу» і Дзмітрыя Рагозіна ды былы кіраўнік арганізацыі «Расейскі вердыкт», што абараняла затрыманых у РФ праварадыкалаў.

Напачатку ЛСР выкарыстоўваў антываенны бела-сіне-белы сцяг ліберальнай апазіцыі РФ ды заяўляў, што нясе «каштоўнасці Свабоднага чалавека Новай Расеі – свабода слова, свабода волевыяўлення, свабода абіраць сваю будучыню». Але пры гэтым ён выступае за «захаванне адзінай і непадзельнай Расеі ў межах 1991 года» ды кажа, што «самым прыніжаным і бяспраўным сярод усіх народаў Расейскай Федэрацыі з’яўляецца расейскі народ».

«Кожны дзень дыктатуры Пуціна набліжае краіну да яе развалу і знішчэння як дзяржавы. Мы гэтага не дапусцім!» – гаворыцца на сайце падраздзялення.

Расейскі добраахвотніцкі корпус

У жніўні 2022 года ў склад Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны ўвайшоў Расейскі добраахвотніцкі корпус, які таго меў статус падраздзялення тэрытарыяльнай абароны. Касцяком РДК сталі грамадзяне РФ, якія ваявалі ў складзе ўкраінскага батальёну «Азоў». Да іх таксама далучыліся расейцы, якія былі ва Украіне на момант пачатку вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навабранцы Расейскага добраахвотніцкага корпуса на вайсковых вучэннях на фоне нападу Расеі на Украіну на ўскраіне Кіева, Украіна. 6 кастрычніка 2023 года.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum

З ліпеня па лістапад 2022 года байцы РДК удзельнічала ў баях на запарожскім фронце, а агулам «увесь фронт абʼездзілі»: «Кіеўская вобласць, потым быў Харкаў, Нікалаеў, Запарожжа, данецкі напрамак, потым зноў было Запорожжа. Паездка на востраў Змяіны. На стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў было шмат «працы»».

На сайце РДК адзначаецца, што ягоныя байцы «прытрымліваюцца кансерватыўных поглядаў і традыцыяналісцкіх перакананняў». Іх мэты – аднаўленне тэрытарыяльнай цэласці Украіны ў межах 1991 года і звяржэнне дзейнага рэжыму ў РФ.

«Наша мэта – вызваленне і адраджэнне расейскага народу праз Перамогу Украіны. Мы ўпэўненыя, што пацярпеўшы паразу сваіх чырванасцяжных войскаў, РФ атрымае ўдар, ад якога ўжо не зможа акрыяць», – гаворыцца на сайце падраздзялення.

Прадстаўнікі РДК адмовіліся ад выкарыстання ліберальнага БСБ-сцяга, аддаўшы перавагу сімволіцы белаэмігрантаў, якія супрацоўнічалі ў Другой сусветнай вайны з немцамі. Падчас мяцяжу Яўгенія Прыгожына корпус падтрымаў дзеянні лідара ПВК Вагнэра, супраць якога выступілі ў легіёне.

Сярод чальцоў корпусу – лідар неанацысцкага гурта «М8Л8ТХ» Аляксей Лёўкін, актор, правы анархіст Кірыл Канахін, былы вагнэравец Уладзіслаў Ізмайлаў ды іншыя. Камандзірам РДК з’яўляецца Дзяніс Капусцін, вядомы як «White Rex» («белы кароль») – «ключавая фігура праваэкстрэмісцкай субкультуры Еўропы». Ён з 17 гадоў жыў з бацькамі ў Нямеччыне і быў звязаны з футбольнымі фанатамі і разнастайнымі ультраправымі рухамі Еўропы і РФ, у тым ліку – з Максімам Цесаком Марцінкевічам, які раптоўна памёр у 2020 годзе ў чэлябінскім СІЗА. З 2017 года Нікіцін жыве ва Украіне, а з 2019 года яму забаронены ўезд у Еўразвяз і ануляваны від на жыхарства ў Нямеччыне.

Пры гэтым байцы РДК адпрэчваюць сувязі з нацызмам і фашызмам:

«Калі расейскія нацыяналісты ідуць у атаку з чачэнцамі ці якутамі – іх цяжка папракнуць у нацызме ці фашызме».

Сібірскі батальён

Самым маладым фармаваннем з тых, што бяруць удзел у цяперашняй выправе ў памежныя рэгіёны РФ, з’яўляецца Сібірскі батальён. У яго ўвайшлі добраахвотнікі-расейцы, якія «з ідэалагічных меркаванняў не пажадалі далучыцца да РДК, які мае флёр ультраправых ідэй і поглядаў». Сіббат быў створаны ўвесну 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалец Сібірскага батальёну з пазыўным «Варган», які прыехаў з расейскай Рэспублікі Саха (Якуція), каб далучыцца да батальёну, удзельнічае ў вайсковых вучэннях у невядомым месцы ў Кіеўскай вобласці, Украіна. 24 кастрычніка 2023 года.
Фота: Valentyn Ogirenko / Reuters / Forum

Яго кіраўніком стаў былы расейскі афіцэр, вайсковы выведнік Уладзіслаў Амосаў – этнічны якут, які спачатку хацеў сфармаваць якуцкае нацыянальнае падраздзяленне ў складзе ЗСУ. Як заяўляецца, ён да 2011 года служыў у расейскім войску, але сышоў з яго праз расавую дыскрымінацыю, а ў 2019 годзе з’ехаў у Польшчу. Амосаў адзначаў, што як «прадукт Савецкага Саюзу» ўдзельнічаў у дзвюх Чачэнскіх войнах, якія яго «ацверазілі». Ва Украіну ён прыехаў у снежні 2022 года. Свой баявы хрост «Сібірскі батальён» прайшоў праз год – у снежні 2023 года на Аўдзееўскім участку фронту.

Апроч якутаў, у шэрагах батальёну змагаюцца таксама татары, бураты ды іншыя расейскія рэгіяналісты. Пры гэтым у адрозненні ад вышэй згаданых падраздзяленняў яны не з’яўляюцца прыхільнікамі «адзінай і непадзельнай» Расеі. Як кажа сам Амосаў, паколькі ў РДК служылі «толькі славяне», а ў ЛСР былі збольшага «імперцы», ён вырашаў ствараць «Нярускі батальён», дзе могуць ваяваць людзі, якія «не толькі за свабоду Украіны, але і за свабоду сваіх народаў, сваіх рэгіёнаў».

«Каб вайна скончылася, дастаткова прызнаць незалежнасць нацыянальных рэспублік Расеі», – мяркуе ён.

Паводле яго, у РДК і ЛСР таксама за апошні час змянілася стаўленне да іншых народаў, але «ападачак застаўся».

А што ўлады Расеі?

Федэральныя служба бяспекі цягам 2023 году ўнесла «Расейскі добраахвотніцкі корпус» і Легіён «Свабода Расеі» ў склад тэрарыстычных арганізацыяў. Пераследу падвяргаюцца і публічныя асобы фармаванняў. Гэтак, камандзір РДК Капусцін быў летась завочна асуджаны ў РФ да пажыццёвага зняволення. Такі ж тэрмін атрымаў сёлета і баец корпусу, актор Канахін. Шэраг іншых расейскіх добраахвотнікаў абвешчаныя ў вышук або названыя замежнымі агентамі.

Аналітыка
«Замазаць крывёю». Навошта народы Расеі гінуць за «русский мир» ва Украіне
2022.05.05 13:10

Макар Мыш belsat.eu