Украінскія эксперты: падзеі ў Бранску вельмі падобныя на інфармацыйную спецаперацыю Расеі


У Бранскай вобласці Расеі адбыліся сутыкненні расейскіх сілавікоў ці то з украінскімі дыверсійнымі групамі, ці то з ваярамі «Русского добровольческого корпуса» (РДК), ці то з беглымі «вагнераўцамі». На інцыдэнт адрэагаваў Уладзімір Пуцін, што не адпавядае яго маштабам. Разбіраліся з экспертамі, чаму гэта ўсё найбольш падобна на расейскую інфамацыйна-псіхалагічную аперацыю і навошта ім гэта.

Кароткая перадгісторыя

  • З раніцы 2 сакавіка расейскія тэлеграм-каналы пачалі паведамляць аб баях з дыверсантамі ў Бранскай вобласці. Затым тэму падхапілі расейскія медыі. Першакрыніцай інфармацыі стаў губернатар Браншчыны Аляксандр Багамаз, які ў тэлеграм-канале паведаміў, што ў паселішча Любячане Клімаўскага раёну Бранскай вобласці з Украіны прайшла дыверсійна-разведвальная група, абстраляла аўтамабіль, у якім ехалі мясцовыя жыхары. Адзін жыхар загінуў, паранена дзесяцігадовае дзіця.
  • Потым была пададзена інфармацыя, што ў вёсцы Сушаны таго ж раёну ад атакі беспілотніка загарэўся жылы дом, а сяло Ламакоўка Старадубскай муніцыпальнай акругі абстралянае з мінамёта. Далей агенцыі паведамілі, што ў Любячанах некалькі чалавек ўзятыя ў закладнікі.
  • Потым зʼявіліся інфармацыя пра колькасць меркаваных дыверсантаў: іх быццам бы было каля 50, частка якіх абкружаныя сілавікамі ў Сушанах, а другая група ў Любячанах, як мяркуецца, утрымлівала закладнікаў.
  • Затым, паводле паведамлення ТАСС у рубрыцы «Здарэнні», ФСБ Расеі сумесна з сіламі мінабароны РФ пачало спецаперацыю па знішчэнні «узброеных украінскіх нацыяналістаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу». Аднак мабыць гэтыя дзеянні поспеху не мелі, бо далей ТАСС напісала: «Па апошняй інфармацыі, украінскія дыверсанты перасталі праяўляць актыўнасць. У гутарцы з ТАСС відавочцы падзеяў выказалі здагадку, што яны маглі схавацца на тэрыторыі Украіны, афіцыйных пацверджанняў гэтаму пакуль не паступала».
  • Разам з тым, Уладзімір Пуцін адмяніў запланаваную паездку ў Пяцігорск і падчас мерапрыемства, прысвечанага адкрыццю ў РФ «Года педагога и наставника» пракаментаваў інцыдэнт у Бранскай вобласці, назваўшы яго тэрарыстычным актам. Пры гэтым спачатку было абʼяўлена ад скліканні экстраннага паседжання Савету бяспекі, потым прыйшла інфармацыя, што паседжанне адбудзецца 3 сакавіка, «як і планавалася».
  • Апроч таго, паведамляецца, што прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў «ніяк не адказаў на пытанне, ці зменіцца з-за гэтых падзей статус «спецыяльнай вайсковай аперацыі»».
Абноўлена
Адказнасць за дыверсіі ў Бранскай вобласці ўзяў «Расейскі добраахвотніцкі корпус»
2023.03.02 12:17
  • Пазней адказнасць за дыверсію на сябе ўзяў РДК са складу інтэрнацыянальнага легіёну ЗСУ.
  • ТАСС таксама прыводзіць каментар нібыта Памежнага камітэту Беларусі, які быццам бы пракаментаваў сітуацыю на мяжы Беларусі з Бранскай вобласцю, сказаўшы, што мае дастаткова сілаў для аховы дзяржаўнай мяжы. Аднак адпаведнага каментару няма ні на сайце памежкамітэта РБ, ні ў яго тэлеграм-канале, ні на сайце дзяржаўнай інфармагенцыі БелТА.
Байцы, якія называюць сябе прадстаўнікамі «Расейскага добраахвотніцкага корпусу». Крыніца: «Вот Так»

Усе прыкметы ІПСА

У інтэрвʼю «Белсату» намеснік дырэктара Цэнтру даследаванняў арміі (Кіеў) Міхаіл Самусь адзначыў, што бачыць шматлікія праявы інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі (ІПСА), арганізаванай расейскімі бокам. На гэта паказваюць шматлікія нестыкоўкі ў паведамленнях расейскіх медыяў і гіпертрафіраваная рэакцыя Крамля.

Самусь мяркуе, што гэта была загадзя спланаваная адміністрацыяй прэзідэнта Расеі ІПСА, на што паказвае даволі хуткая рэакцыя Пуціна на інцыдэнт. «Гэта дзіўна, звычайна ён такія рэчы не каментуе, калі гэта не ўваходзіць у агульны замысел аперацыі. Звычайна Пяскоў ці нехта іншы, а тут Пуцін сам. Таму я думаю, што гэта ІПСА, якая арганізоўвалася загадзя. Тым больш што была тыдзень таму інфармацыя аб тым, што ў гэтым раёне былі заўважаны вайскоўцы ва ўкраінскім «пікселі».

Паводле Міхаіла Самуся, прычына гэтай і іншых ІПСА ў тым, што Пуцін патрапіў у катастрофу 24 лютага 2022 года. Далей такіх ІПСА будзе ўсё болей з наратывам «вставай, страна огромная» і аб неабходнасці гуртавацца вакол лідара.

Яшчэ адна нестыкоўка ў інфармацыі аб падзеях у Бранскай вобласці гэта тое, што дыверсійная група ўжо быццам бы сышла з тэрыторыі Расеі. «Гэта таксама смешна. Ідзе вайна, нейкая група ўзброеных людзей прыходзіць у Расею, чыніць страшныя рэчы і сыходзіць спакойна. Выбачайце, што ў вас там адбываецца? Той жа Лукашэнка можа сказаць: я не разумею, што там у вас адбываецца, зайшлі-вышлі, патапталіся», – адзначыў Міхаіл Самусь.

Уладзімір Пуцін.
Фота: kremlin.ru

У сваю чаргу яшчэ адзін эксперт, былы намеснік начальніка генеральнага штабу ЗСУ, а цяпер заснавальнік дабрачыннага фонду «Закрыем неба Украіны» генерал-лейтэнант у адстаўцы Ігар Раманенка, у інтэрв’ю «Белсату» таксама адзначыў прыкметы ІПСА. Аднак былы вайсковец сумняецца, што аперацыя была спланавая і арганізаваная.

Паводле Раманенкі, 2 сакавіка ў Бранскай вобласці дзейнічалі не ЗСУ, «нам па сутнасці гэта не трэба». Але расейскі бок, здаецца, і сам не можа дакладна зразумець, што адбываецца. «Акрамя добраахвотніцкага корпуса ёсць яшчэ вагнераўцы, якія ўцяклі, якіх шукаюць. І таму спачатку Пуцін ледзьве не сабраў Саўбез па гэтай нагодзе, але потым зразумелі, што могуць яго падставіць нейкім чынам з-за неправеранай інфармацыі і паседжанне перанеслі. Паколькі і Рускі дабравольніцкі корпус зрабіў заяву, і вагнераўцаў няма, якія збеглі і дзесьці там нейкія вырашаюць задачы».

«Гэта не першая і не апошняя ІПСА, якую расейцы хацелі хуценька правесці, каб адпрацаваць украінскі след, але зразумелі, што могуць патрапіць у прасак з гэтым. Таму відавочна, што зараз яны будуць разбірацца, што за РДК, адкуль узяўся, дзе збеглыя вагнераўцы, бо надта тое, што адбылося, падобна на дзеянні былых крымінальнікаў. А вагнераўцы ўсе былыя крымінальнікі», – патлумачыў Ігар Раманенка.

Адцягваюць увагу ад правалаў на вайне

Раманенка лічыць, што ў Бранску расейскія спецслужбы правялі так званую аперацыю пад чужым сцягам, задачай якой было адцягнуць увагу ад правалаў расейскага ўварвання ва Украіну. «Ім трэба адцягваць увагу. На працягу года ідуць баі па ўсім фронце на ўсходзе Расеі, больш за тысячу кіламетраў. Поспехаў няма, няма выканання задач, якія ставіў Пуцін аб захопе Луганскай і Данецкай абласцей у іх адміністрацыйных межах. Гэтыя задачы ён фармуляваў на Чырвонай плошчы на 9 траўня летась. Усё звязана ў іх з перамогай. Але калі перамогі няма, дык трэба неяк адцягваць увагу ад гэтага».

Эксперт правёў аналогію паміж падзеямі 2 сакавіка ў Бранску і падзеямі перад выбарамі прэзідэнта Расеі, калі Пуцін яшчэ толькі ішоў на пасаду. Тады ФСБ узрывала жылыя дамы, перакладаючы віну на чачэнцаў, каб фармаваць вобраз ворагаў. «Яны і цяпер жадаюць фармаваць вобраз ворагаў – «фашысцкіх украінцаў», «натаўцаў». Заўчора ж паведамлялі, што бачылі ў раёне Бахмута танк «Leopard-2». А ўчора ўжо казалі, што захапілі такі танк з польскім экіпажам добраахвотнікаў. Г.зн. мяжы такой гебельсаўскай прапагандзе няма».

Калі гэта РДК, то навошта ім гэта

Міхаіл Самусь не выключае, што «паралельна і ўкраінскія дыверсійныя сілы могуць працаваць і ў глыбіні Расеі, і ў памежных абласцях. Бо гэта іх задача, падчас вайны яны павінны там працаваць. Калі б не працавалі, то дрэнна выконваюць задачы». Адносна магчымага ўдзелу Рускага дабравольніцкага корпусу Міхаіл Самусь не выключыў, што і гэта можа быць праўдай, аднак пакуль «цяжка разабрацца».

Ігар Раманенка таксама не выключае, што байцы Рускага дабравольніцкага корпусу маглі праводзіць паралельна з расейскімі спецслужбамі нейкую ўласную аперацыю, альбо вырашылі скарыстацца нагодай і заявіць аб сабе, зняўшы адпаведны ролік для тэлеграм-канала. У такіх дзеянняў ёсць сэнс – падняць народ. Магчыма, у дадзеным выпадку прадстаўнікі РДК узялі адказнасць на сябе, каб стаць вядомымі і потым гэтую вядомасць скарыстаць, заклікаючы народ да супраціву. «Ці адпаведны зараз час? Каб паднімаць народ да барацьбы за свабоду заўсёды адпаведны час».

«У такім выпадку ім трэба не проста вядомасць, ім трэба падтрымка насельніцтва. Ім трэба на дзяржаўныя структуры ўздзейнічаць, змагацца з расейскімі сілавікамі і заваёўваць папулярнасць у людзей такімі дзеяннямі. Не думаю, што шмат хто ў Расейскай Федэрацыі будуць у захапленні, калі буду абстрэльваць іх машыны і гэтак далей. Таму я моцна сумняюся, што РДК сапраўды гэтыя дзеянні праводзіў. Трэба разбірацца, і аддзяляць расейскую прапаганду ад сутнасці. Бо крамлёўская прапаганда хлусіла, хлусіць і будзе хлусіць».

Абноўлена
Лукашэнка правёў нараду ў вузкім коле сілавікоў
2023.02.27 12:39

Міхаіл Самусь таксама падкрэсліў, што не Украіна гэтую вайна пачала. І калі расейцы думалі, што вайна «гэта толькі калі знішчаецца ўкраінскі Бахмут або Севераданецк, то яны памыляліся». Адносна версіі з расейскага боку, што дзеянні дыверсантаў у Бранскай вобласці ёсць падрыхтоўкай да веснавога наступу ЗСУ, Міхаіл Самусь адзначыў: «Калі мы гаворым, што Украіна рыхтуецца да вясновага наступу, то павінны разумець – гэты наступ не будзе лакальным. Гэта не будзе адзін толькі Данбас, ці Мелітопаль, ці яшчэ які ўчастак. Наступ будзе комплексным. І ў Маскве буду адчуваць, і на аэрадромах, і ў іншых вайсковых частках Расеі будуць адчуваць».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў