Медыі паведамілі пра пранікненне дыверсантаў у Курскую і Белгародскую вобласці Расеі


Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, сцвярджаюць, што зайшлі на тэрыторыю Курскай і Белгародскай вобласцяў Расеі. Паводле не пацверджаных афіцыйна звестак, пачаліся «жорсткія баі».

Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць за Украіну, заявілі пра заход на тэрыторыю Курскай і Белгародскай вобласцяў Расеі. 12 сакавіка 2024 года. Скрыншот: legionoffreedom / Telegram

Першымі пра дыверсантаў паведамілі Z-каналы. Паводле іх дадзеных, некалькі ўзброеных групаў пры падтрыманні артылерыі і мінамётаў спрабавалі прарвацца праз расейска-ўкраінскую мяжу на пікапах. «Wargonzo» піша пра танкі каля мяжы, якія таксама адкрылі агонь. З расейскага боку паведамляюць, што знішчылі адзін танк.

На тэрыторыю Курскай вобласці дыверсанты праніклі каля паселішча Цёткіна. Паводле Telegram-каналу «Baza», у выніку страляніны там параненыя дзве асобы, адная з іх – цывільная.

У Белгародскай вобласці расейскія вайскоўцы нібыта знішчылі каля мяжы тры ўкраінскія бронетранспарцёры.

Крыніца прапагандысцкага тэлеканалу RT сцвярджае, што «спробу ўкраінскіх дыверсійных групаў прарвацца ў Курскую і Белгародскую вобласці своечасова спынілі на падыходах».

Пры гэтым легіён «Свабода Расеі», што ваюе на баку Украіны, апублікаваў у сваім канале некалькі відэа з паведамленнем «мінулі мяжу». Таксама распаўсюджаны запіс са знішчэннем БТР, як сцвярджаецца, у паселішчы Цёткіна.

Паведамленне пра мінанне мяжы з’явілася і ў Telegram-канале «Сібірскі батальён», які таксама ваюе на баку ЗСУ.

Акрамя таго, пра заход на тэрыторыю Расеі абвясціў Расейскі добраахвотніцкі корпус:

«Войска крамлёўскага рэжыму кідае зброю, нават не пачаўшы бой. Калі вы чакалі моманту, каб далучыцца да нас, – ён настаў».

ГУР Мінабароны Украіны не пацвярджае, але і не зняпраўджвае звестак пра атаку, адзначаючы, што расейскія фармаванні «дзеяць як самастойныя падраздзяленні, бо складаюцца з грамадзянаў Расеі»:

«Імаверна, цяпер адбываецца супольная аперацыя гэтых фармаванняў».

Пазней Мінабароны Расеі апублікавала заяву пра тое, што расейскія вайскоўцы «сарвалі спробу ажыццявіць прарыў на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі ў Белгародскай і Курскай вобласцях». Сцвярджаецца, што «парушэнні мяжы не дапушчаныя», а «праціўнік панёс істотныя страты» і нібыта былі знішчаныя пяць танкаў і бронетранспарцёр».

Пажар на нафтабазе ў Арлоўскай вобласці, Расея. 12 сакавіка 2024 года.
Фота: astrapress / Telegram

У ноч на аўторак, восем расейскіх рэгіёнаў былі атакаваныя беспілотнікамі: Курская, Белгародская, Ніжагародская, Маскоўская, Арлоўская, Ленінградская, Бранская і Тульская вобласці.

У выніку ў Арлоўскай вобласці загарэлася нафтасховішча, а ў Ніжагародскай – нафтаперапрацоўчы завод.

Мінабароны Расеі адрапартавалі, што ўначы было збіта 25 дронаў. Колькі агулам беспілотнікаў было зафіксавана, ведамства не ўдакладніла.

Пра пацярпелых у выніку атакі не паведамляецца.

Рэпартаж
«Бяром курс на доўгую вайну». Камандзір палка Каліноўскага сустрэўся з беларусамі Варшавы
2024.01.22 10:03

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў