Расейскія добраахвотнікі зноў прыйшлі з рэйдам у Белгародскую вобласць. Што вядома?


Расейскія добраахвотніцкія фармаванні ў складзе Збройных сілаў Украіны 1 чэрвеня паведамілі пра чарговы рэйд на тэрыторыю Расеі. На гэты раз іх удар быў скіраваны на 40-тысячны горад Шабекіна ў Белгародскай вобласці РФ.

Ваяр Расейскага добраахвотніцкага корпусу.
Фота: Русский Добровольческий Корпус / Telegram

1 чэрвеня Расейскі добраахвотніцкі корпус (РДК) ЗСУ апублікаваў відэа пра тое, што яго ваяры цяпер на мяжы паміж Расеяй і Украінай і «зусім неўзабаве будзе ўскраіна Шабекіна». Легіён «Свабода Расеі» (ЛСР) таксама збіраўся рушыць на тэрыторыю РФ, «каб прынесці свабоду, мір і спакой».

«У МУС Шабекіна абвешчаны план «Крэпасць». «Доблесныя» абаронцы пуцінскай шайкі, паводле пратаколу, сабраліся ў будынку адміністрацыі. Мы далі ім сабрацца і «накрылі» пакетамі «Градаў», – заявілі ў РДК.

А затым было апублікаванае відэа пра тое, што перадавыя атрады корпусу вядуць баі ў ваколіцах Шабекіна – Новай Тавалжанцы і Цітаўцы.

У тэлеграм-канале легіёну паведамілі, што знішчылі расейскі КамАЗ з боекамплектам, самаходны мінамёт «Цюльпан» і калону РСЗА «Град». Паводле ЛСР, баі ідуць у раёне Новай Тавалжанкі.

Пра баі ў раёне памежнага пункту «Шабекіна» паведаміў і расейскі тэлеграм-канал «Baza». Паводле яго, памежнікаў атакавалі з дапамогай танкаў, але «актыўная атака ля мяжы была адбітая».

Аператыўны штаб Белгародскай вобласці заявіў, што ў раёне Шабекіна склаліся «цяжкія абставіны, ідуць абстрэлы, чуваць гукі бою», але «ніякага прарыву ЗСУ няма». Кіраўнік вобласці Вячаслаў Гладкоў сказаў, што Шабекіна застаецца «пад бесперапынным агнём». Паводле яго, горад абстрэльваюць у тым ліку з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град». У прыватнасці, загарэўся будынак інтэрнату і быў пашкоджаны будынак мясцовай адміністрацыі. Таксама пад агонь трапіў аўтобус, у якім эвакуявалі жыхароў Шабекіна, але на той момант там нікога не было.

У сваю чаргу, Мінабароны РФ паведаміла пра «сарваную спробу ўварвання» ў Белгародскую вобласць. Як распавёў афіцыйны прадстаўнік ведамства Ігар Канашэнкаў, каля 03:00 пасля інтэнсіўнага абстрэлу ўкраінскія фармаванні «сіламі да дзвюх мотапяхотных ротаў, узмоцненых танкамі», пачалі спробу ўварвання на тэрыторыю РФ у зоне населенага пункту Новая Тавалжанка і міжнароднага аўтамабільнага пункту пропуску «Шабекіна». Аднак,  са словаў Канашэнкава, непрыяцель панёс істотныя страты і быў адкінуты. Нібыта забітыя каля 30 удзельнікаў нападу.

Гэта не першы рэйд на тэрыторыю Белгародскай вобласці. 22 траўня расейскія добраахвотнікі ўжо здзейснілі рэйд на тэрыторыю Грайваранскай гарадской акругі. Пасля гэтага ў Мінабароны РФ заявілі, што знішчылі 70 украінскіх дыверсантаў. РДК і ЛСР заяўлялі пра дваіх забітых і дзесяцярых параненых ваяроў.

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў