Адказнасць за дыверсіі ў Бранскай вобласці ўзяў «Расейскі добраахвотніцкі корпус»


У Бранскай вобласці Расеі 2 сакавіка ідуць баі з украінскімі дыверсантамі. Пра гэта паведамляюць расейскія тэлеграм-каналы. Украінскія ўлады гэта ніяк не каментуюць.

Мабілізаваныя расейскія вайскоўцы.
Фота: function.mil.ru

Як паведаміў губернатар Браншчыны Аляксандр Багамаз, 2 сакавіка з Украіны на тэрыторыю Клімаўскага раёну ў сяло Любячане прайшла дыверсійна-разведвальная група. Дыверсанты нібы ўчынілі абстрэл аўтамабілю, які рухаўся. У выніку абстрэлу адзін жыхар загінуў, паранена дзесяцігадовае дзіця, якое цяпер у больніцы.

«Узброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі вядуцца ўсе неабходныя мерапрыемствы па ліквідацыі дыверсійнай групы», – заявіў Багамаз.

Таксама, паводле яго, у вёсцы Сушаны (Клімаўскі раён) у выніку скіду з БПЛА загарэўся жылы дом. А мінамётнаму абстрэлу падвергнулася сяло Ламакоўка Старадубскай муніцыпальнай акругі, пацярпелых няма.

РИА Новости піша, што некалькі чалавек узятыя ў закладнікі ў краме ў вёсцы Любячане. Пры гэтым выданне абвяргае звесткі некаторых медыяў пра нібыта абстрэл школьнага аўтобусу – школы знаходзяцца на дыстанцыйнай адукацыі.

Выданне SHOT паведамляе, што дыверсанты ўзялі ў закладнікі фельчара ў сяле Любячане і павезлі ў невядомым напрамку. Таксама нібыта ў закладніках шэсць асобаў у сяле Сушаны.

Як паведамляе тэлеканал «112», група з 50 дыверсантаў падзялілася па двух кірунках – Любячане і Сушаны. У Сушанах яны нібы абкружаныя сілавікамі, а ў Любячанах, як мяркуецца, утрымліваюць закладнікаў.

Таксама паведамляецца пра абстрэл памежнага пасёлку Цяткіна ў Курскай вобласці і варонку дыяметрам 1,5 метра ў Тульскай вобласці.

Не ўкраінцы, а «вагнэраўцы»?

Былы ўкраінскі дэпутат Барыслаў Бяроза ў сваім тэлеграм-канале назваў паведамленні пра ўкраінскую ДРГ на Браншчыне пастаноўкай.

«Навошта ўкраінскай ДРГ заходзіць у сяло ці забіваць дзяцей ніхто ў Рашцы не задумаецца. Гэта занадта складана для іх. Як група ў 40 чалавеку магла перайсці мяжу? Для іх і гэта занадта складанае пытанне. Прымітыўныя ідыёты думаюць на ўзроўні найпрасцейшых рэакцыяў. А вось тое, што «вагнэры» збеглі і ад безвыходнасці спрабавалі захапіць транспарт або ўзялі ў закладнікі мясцовых жыхароў, мала хто з расейцаў задумаецца», – заявіў ён.

Агулам, паводле яго, «усё гэта нагадвае пастаноўку ў стылі «Гляйвіц»», якую нямецкія войскі ў 1939 годзе выкарысталі для нападу на Польшчу.

Ва Украіне пра магчымыя правакацыі Расеі з мэтаю «абвінаваціць украінскіх абаронцаў у парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці» ў памежных з паўночнай Украінай тэрыторыях Расеяй казалі яшчэ 23 лютага.

Хто ўзяў адказнасць?

Між тым уваход у Бранскую вобласць пацвердзіў у сваіх сацсетках «Расейскі добраахвотніцкі корпус», што ваюе ў складзе ЗСУ. Паводле яго, РДК «прыйшоў у Бранскую вобласць, каб паказаць суайчыннікам, што надзея ёсць, што вольныя расейскія людзі са зброяй у руках могуць змагацца з рэжымам». Пры гэтым яны зняпраўдзілі захоп закладнікаў і забойства дзяцей.

Прадстаўнік выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў назваў паведамленне пра сутыкненні ў Бранскай вобласці «працягам трансфармацыі Расеі, яе ачышчэннем і вызваленнем ад дыктатуры Пуціна».

«РФ сёння з’яўляецца такім утварэннем, унутры якога ёсць вялікая колькасць міжнацыянальных, міжэтнічных, міжрэлігійных, сацыяльна-палітычных і іншых канфліктаў. Сёння ёсць публічная заява РДК. Гэта людзі, якія са зброяй у руках ваююць супраць рэжыму пуціна і тых, хто яго падтрымлівае… Магчыма, расейцы пачынаюць прачынацца, усведамляць нешта і прымаць нейкія канкрэтныя меры», – кажа Юсаў.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк падкрэсліў, што «партызанскі рух у Расеі робіцца больш моцным і больш агрэсіўным.

«Бойцеся сваіх партызанаў», – напісаў Падаляк.

Дыверсанты вярнуліся ва Украіну

У 14:21 паводле мясцовага часу расейскае выданне ТАСС паведаміла, што ўкраінскія дыверсанты, якія праніклі раней у прымежны раён Бранскай вобласці, не праяўляюць прыкметаў актыўнасці і маглі пакінуць расейскую тэрыторыю.

«На тэрыторыі РФ нікога з украінскай групы ўжо няма, яны ўсе выйшлі. Цяпер ідзе пошук, магчыма, байцоў ЗСУ, якія засталіся, на нашай тэрыторыі», – сказаў суразмоўца агенцтва.

Ваяр «Расейскага добраахвотніцкага корпусу» пацвердзіў «Важным историям», што РДК заходзіў на тэрыторыю Бранскай вобласці.

«Нас на гэтай задачы было 45 асобаў. Зайшлі, знялі, зрабілі засаду на дзве БМП. Дзяцей пацярпелых я не бачыў. Але быў адзін пацярпелы памежнік. Ніякіх закладнікаў не бралі», – заявіў баец корпусу.

Як паведамляюць расейскія медыі, Савет бяспекі РФ ці то ўжо сабраўся, ці то бліжэйшым часам збярэцца на экстраннае паседжанне. Праўда, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што паседжанне Савету бяспекі РФ 2 сакавіка не плануецца.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў