Класічныя наліснікі, на рошчыне, веганскія: пяць рэцэптаў бліноў на Масленіцу


Масленіца – старажытнае славянскае свята, якое мае паганскія карані і першапачаткова было звязанае з вясновым сонцаваротам, але з цягам часу было адаптаванае хрысціянствам. Дата святкавання цяпер залежыць ад тэрмінаў Вялікага паста ў Праваслаўнай Царкве – Масленіца адзначаецца ў нядзелю перад пачаткам паста. Сёлета гэта 17 сакавіка, пост пачынаецца 18-га. Адзін з галоўных сімвалаў Масленіцы – гэта, безумоўна, бліны. Мы выбралі пяць рэцэптаў на любы густ – ад класічных да веганскіх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Класічныя бліны

Для прыгатавання класічных бліноў вам спатрэбяцца:

  • 3 яйкі
  • 500 мл малака
  • 280 г мукі
  • 3 сталовыя лыжкі алею
  • 1 сталовая лыжка цукру
  • 1 чайная лыжка солі

Прыгатаванне:

У глыбокай місцы трэба ўзбіць яйкі з соллю і цукрам. У атрыманую сумесь уліць палову патрэбнай колькасці халоднага малака. Добра змяшаць да аднастайнай кансістэнцыі. Муку прасеяць праз дробнае сіта і паступова дадаць у яечна-малочную сумесь, змешваючы да атрымання цеста кансістэнцыі аднастайнай смятаны. Вельмі важна, каб не было камякоў. Дадаць у цеста рэшткі малака і старанна змяшаць. Потым уліць алей, яшчэ раз змяшаць. Смажце бліны з абодвух бакоў да залацістага колеру на патэльні, змазанай алеем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Бліны з тварагом

У гэтым рэцэпце да класічных бліноў дадаецца тварог, што робіць іх яшчэ больш сакавітымі і смачнымі.

Складнікі:

  • 3 яйкі
  • 500 мл малака
  • 280 г мукі
  • 3 сталовыя лыжкі алею
  • 1 сталовая лыжка цукру
  • 1 чайная лыжка солі

Для начынкі:

  • 500 г тварагу
  • 2 сталовыя лыжкі смятаны
  • 1 яйка
  • 2 сталовыя лыжкі цукру
  • ванілін

Класічныя бліны гатуюцца як у рэцэпце вышэй. Для прыгатавання начынкі ў тварожную масу дадаем яйка, цукар, ванілін, смятану. Усё добра перамешваем. Выкладваем 1 – 2 сталовыя лыжкі начынкі на блін, раўнамерна размазваем і зварочваем блін рулецікам.

Бліны з начынкай пакладзіце ў рондаль, дадайце кавалак сметанковага масла, пастаўце ў духоўку ці печку на 30 хвілінаў.

Да класічных бліноў можна дадаваць любыя складнікі, не толькі тварог, а яшчэ мёд, сочыва, цукар, якім можна проста пасыпаць бліны.

Агляд
Піўная поліўка, крупнік, збіцень: беларускія альтэрнатывы глінтвейну
2024.01.07 09:00

Веганскія бліны

У гэтым рэцэпце выкарыстоўваюцца раслінныя складнікі, якія, тым не менш, захоўваюць смак бліноў.

Вам спатрэбяцца:

  • 1 банан
  • 250 мл расліннага малака (напрыклад, соевага ці аўсянага)
  • 150 г мукі (можна выкарыстаць пшанічную ці грачаную)
  • 1 сталовая лыжка расліннага алею
  • соль і цукар па смаку.

Прыгатаванне:

У місцы разамніце банан відэльцам да стану пюрэ. Дадайце расліннае малако, алей, соль і цукар (калі выкарыстоўваеце) і добра перамяшайце. Паступова дадавайце муку і працягвайце перамешваць, каб пазбегнуць камякоў. Разагрэйце патэльню і змажце яе раслінным алеем. Выліце цеста на патэльню і раўнамерна размяркуйце яго па ўсёй паверхні. Смажце бліны з абодвух бакоў да залацістага колеру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Бліны «з прыпёкам» ад гаспадыні харчэўні ў Тураве

Гэта рэцэпт ад Алены Серады – гаспадыні харчэўні «Палюшкі» у Тураве. У блінах «з прыпёкам» прыпякаюць розныя начынкі – яйкі, грыбы, гародніну і інш.

Інгрэдыенты:

  • 300 гр мукі
  • 500 гр кефіру
  • 2 яйкі
  • 200 гр кіпеню
  • 0,5 чайнай лыжкі соды
  • Соль, цукар па смаку
  • Прыпёк – вяндліна, вараныя яйкі, марынаваныя агуркі, сыр, зеляніна альбо іншыя інгрэдыенты па смаку

Спосаб прыгатавання:

Змяшаць кефір з яйкамі. Дадаць муку і астатнія інгрэдыенты, акрамя кіпеню. Размяшаць і ўліць кіпень. Інгрэдыенты для прыпёку нарэзаць дробна. Уліць цеста ў разагрэтую патэльню, зверху дадаць прыпёк, смажыць да залацістага колеру, перавярнуць, смажыць 1 – 2 хвіліны. Зняць з патэльні і пакласці на талерку прыпёкам уверх. Прыпёк можа быць абсалютна розным: салодкім, салёным, з ягадамі, садавіной, любым мясам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels

Бліны на рошчыне з мачанкай

Бліны на рошчыне – ідэальныя для падачы з мачанкай.

Інгрэдыенты:

  • 1,5 шклянкі мукі
  • 1,5 шклянкі малака або вады
  • 1 яйка
  • 1 чайная лыжка цукру
  • 20 г дражджэй
  • 2 вялікія бульбіны
  • 2 сталовыя лыжкі алею або маргарыну для цеста
  • алей для смажання
  • соль

Спачатку трэба прыгатаваць апару, для чаго ўліць у міску дзве траціны патрэбнай колькасці малака ці вады, падагрэтых да 35–40 °С, развесці ў іх дрожджы, усыпаць палову мукі, размяшаць да аднароднай кансістэнцыі, накрыць палатняным ручніком і паставіць у цёплае месца на 1 – 1,5 гадзіны.

Калі рошчына падыдзе, дадаць цукар, соль, яйка, алей або маргарын, муку, якая засталася, падагрэтае малако, якое засталося, добра вымешаць і даць падысці ў цёплым месцы, затым зноў перамяшаць цеста і зноў паставіць у цёплае месца. Калі цеста зноў падыдзе, перамяшаць, дадаць нацёртыя на тарку сырыя бульбіны, перамяшаць і выпякаць на алеі.

Падаваць з мачанкай.

Самы просты рэцэпт мачанкі: мясныя абрэзкі, вэнджанае альбо салёнае сала, вяндліны, каўбасы і т.п. нарэзаць дробнымі кавалкамі і смажыць на патэльні. За хвіліну да гатоўнасці дадаць смятану і можна крыху мукі для загушчэння. Мачанка гатовая.

Агляд
Гарбата з чабору, куркума-латэ ці глінтвейн – што лепш ад прастуды? Наш топ-5 смачных і карысных напояў
2023.11.25 13:40

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў