Прапаганда: Журналіста Баяровіча маглі затрымаць за матэрыял 2021 года


14 сакавіка ў Бараўлянах затрымалі фатографа і журналіста Дзмітрыя Баяровіча разам з жонкаю Валерыяй. У іх удома ўчынілі ператрус. У чым абвінавачваюць сужэнцаў, пакуль не паведамляецца.

Затрыманне Дзмітрыя Баяровіча. Скрыншот з відэа: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», Дзмітрыя Баяровіча затрымалі раніцай, калі ён выходзіў з пад’езду. На відэа з камераў назірання бачна, як мужчыну паклалі на зямлю сілавікі. Да мужчыны падбегла ягоная жонка.

Потым сілавікі разам з Дзмітрыем і Валерыяй пайшлі ў кватэру на ператрус. Праз 10 хвілінаў сілавікі вывелі Дзмітрыя і пасадзілі ў мікрааўтобус. Праз 40 хвілінаў з пад’езду вывелі і Валерыю, пасадзілі ў бусік і некуды павезлі.

«Вельмі ціхі, інтэлігентны хлопец»

Дзмітрый Баяровіч працаваў на СТВ, але ў 2021 годзе звольніўся. Прапагандысцкія рэсурсы ў апісанні затрымання згадваюць, што журналіст рабіў матэрыял для Беларускага расследавальніцкага цэнтру, які пасля выйшаў на «Белсаце». Магчыма, гэта і стала нагодай для затрымання.

«Пытанне толькі ў адным: гэтая інфармацыя ў іх была вельмі даўно. А затрымаць вырашылі цяпер», – распавёў былы калега Баяровіча Міхаіл Прановіч.

Калегі адзначаюць, што затрыманы не ўдзельнічаў у пратэстах і больш не супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі, «але не дапамагло».

«Вельмі ціхі, інтэлігентны хлопец. На працы ўсе, уключаючы дзейных прапагандыстаў, яго любілі», – сказаў Прановіч.

У чым канкрэтна вінавацяць Дзмітрыя і Валерыю Баяровічаў, пакуль невядома.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў