«Чалавек створаны дзеля таго, каб жыць моцным і прыгожым жыццём». Памёр Вахтанг Кікабідзэ


У больніцы ў Тбілісі памёр актор і спявак Вахтанг Кікабідзэ, перадае «Першы канал Грузіі». Яму было 84 гады. «Грузія асірацела», – пішуць у сацсетках.

Вахтанг Кікабідзэ.
Фота: Okras / wikimedia.org

Пра смерць Вахтанга Кікабідзэ паведаміў ягоны прадзюсар. Актор памёр у больніцы ў Тбілісі. Апошнім часам ён хварэў.

На радзіме яго ласкава называюць Буба. «Грузія асірацела», – пішуць у сацсетках.

Кікабідзэ стаў вядомы ў савецкія часы дзякуючы фільмам «Не гаруй!» і «Міміно».

Пасля расейска-грузінскай вайны 2008 года ніводнага разу не быў у Расеі. Ён адмовіўся ад Ордэну Дружбы, якім Кікабідзэ сваім указам узнагародзіў тагачасны прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. Пры гэтым у інтэрв’ю актор казаў, што любіць Расею і расейскі народ.

У 2014 годзе, падчас акупацыі Крыму і падтрымкі Крамлём данбаскіх сепаратыстаў, падтрымаў Украіну. Уладзіміра Пуціна называў «палітыкам чорнай сілы» і «захопнікам».

Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання зноў асудзіў Расею, на ганарары за свае канцэрты набываў дапамогу для ўкраінскай арміі.

Вахтанг Кікабідзэ.
Фота: Украина Сейчас / Telegram

Апошні раз артыст прылятаў у Беларусь у 2019 годзе, удзельнічаў у адкрыцці ў Менску помніка свайму герою з карціны «Міміно» Валіко Мізандары. Тады ён казаў, што быў шчаслівы прыехаць, бо лічыць, што грузіны і беларусы вельмі падобныя.

У 2012 годзе Кікабідзэ быў у Менску на кінафестывалі «Лістапад». На прэс-канферэнцыі ён разважаў пра сэнс жыцця.

«Я думаю, што чалавек створаны дзеля таго, каб жыць моцным і прыгожым жыццём, прыносіць дадому кветкі каханай жанчыне, спяваць песні, сустракаць гасцей, выпраўляць гасцей. У нас мала часу для ўсяго гэтага», – казаў Буба.

Hавiны
Грузінскі актор і спявак Вахтанг Кікабідзэ перадаў грошы са свайго канцэрту на дапамогу ЗСУ
2022.08.19 10:55

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў