У Берасці звольнілі дырэктарку гімназіі, якая падчас выбараў вывесіла сапраўдныя пратаколы галасавання


Дырэктарку берасцейскай гімназіі № 4 Алену Шкулепу, якая падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года была кіраўніцай дзвюх выбарчых камісіяў, звольнілі, а яе намесніцаў панізілі да шараговых настаўніц. Пра гэта піша газета «Новы час».

Абодва яе ўчасткі – № 37 і № 38 – вывесілі напрыканцы 9 жніўня пратаколы, паводле дадзеных якіх перамагла Святлана Ціханоўская. Лік галасоў на ўчастку № 37 – 543:524, а на ўчастку № 38 – 510:380 на карысць Ціханоўскай.

Паводле выдання, яшчэ перад Новым 2022 годам сярод настаўнікаў папаўзла чутка: дырэктарку здымаюць разам з усімі намесніцамі, якія таксама былі ў выбарчай камісіі і падпісалі сапраўдны пратакол. Прычым, нібыта, здымаюць з папярэджаннем, што ў Берасці працы сабе яны не знойдуць.

Праз тыдзень на месцы пацвердзіўся факт звальнення дырэктаркі і прызначэння замест яе Дзіяны Пятроўны Басалай. Дзвюх намесніц Шкулепы не звольнілі з гімназіі, але панізілі да шараговых настаўніц.

Шкулепа пацвердзіла «Новаму часу» факт звальнення. На пытанне журналіста, ці казалі ёй пры звальненні, што працы ў Берасці яна не знойдзе, адказала: «Наўпрост не сказалі, але адчуваю, што гэта сапраўды так».

Аналітыка
«Пік звальненняў іншадумцаў яшчэ наперадзе». Што адбываецца сёння ў беларускай культуры?
2021.12.22 10:51

РР belsat.eu

Стужка навінаў