Святлана Ціханоўская сустрэлася з палітыкамі Фінляндыі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Фінляндыю на запрашэнне міністра замежных справаў. Лідарку прымаюць на найвышэйшым узроўні, як кіраўніка дзяржавы. Падчас сустрэчаў Ціханоўская падняла пытанні дапамогі палітвязням, апошняй хвалі рэпрэсіяў, новых законаў аб пазбаўленні грамадзянства і смяротным пакаранні для чыноўнікаў, смерць Макея і адказнасць Лукашэнкі за ўдзел у вайне.

Візіт Святланы Ціханоўскай у Фінляндыю.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ прыняў беларускую лідарку Святлану Ціханоўскую ў сваёй прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Абраная прэзідэнтка Беларусі распавяла, што грамадства нашай краіны супраць удзелу ў расейскай агрэсіі. А адказнасць за абстрэлы Украіны з беларускай тэрыторыі нясе Лукашэнка.

Лідары таксама абмеркавалі магчымыя сцэнары транзіту і неабходнасць прынцыповай пазіцыі краінаў Захаду дзеля абароны беларускай незалежнасці. Паводле Ціханоўскай, расейскія войскі павінныя быць выведзеныя не толькі з Украіны, але і з Беларусі.

Ціханоўская наведала парламент Фінляндыі, правяла сустрэчы з камітэтам па замежных стасунках і з фінскай дэлегацыяй у Паўночнай радзе (Nordic Council, куды ўваходзяць прадстаўнікі пяці скандынаўскіх краінаў).

Ціханоўская таксама падзякавала міністру замежных справаў Пэка Хаавіста за запрашэнне і рашэнне падтрымаць Міжнародную платформу доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, у якую ўваходзяць асноўныя праваабарончыя арганізацыі Беларусі, і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Падчас сустрэчы палітыкі абмеркавалі магчымасць прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку праз Міжнародны крымінальны суд. Закранулі пытанне выдзяленне стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, а таксама падтрыманне беларускіх даследчыкаў і гісторыкаў, дапамогу для беларускіх добраахвотнікаў.

Таксама Ціханоўская абазначыла недапушчальнасць саступак і зняцця санкцыяў узамен на транзіт збожжа.

«Спачатку вызваленне палітвязняў і вывад расейскіх войск – потым размовы аб прыпыненні санкцыяў. Палітвязні не павінны быць закладнікамі і таварам у руках рэжыму», – адзначыла Ціханоўская.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў