«Значна павялічылася колькасць людзей, якія паміраюць у месцах зняволення». Чаму?


«Вось якраз тая самая касметычка, з якой я трапіла ў турму. І ў ёй мае лекі, што мушу штодня прымаць», – паказвае касметычку журналістка Ірына Новік. Можна сказаць, што Ірыне яшчэ пашанцавала: ёй дазволілі ўзяць лекі, не білі і ў камеры яна правяла ўсяго некалькі содняў. Але паводле стану здароўя ёй была патрэбная хіміятэрапія і пасцельны рэжым.

«Паспрабавала сесці, адразу дзверы адчыніліся і вартаўнік мне паведаміў, што сядзець я не маю права, ляжаць я не маю права. Мне можна або стаяць, або хадзіць», – распавядае Ірына.

Адразу пасля вызвалення жанчына трапіла ў больніцу і пачала хіміятэрапію. Малы тэрмін затрымання – семдзесят дзве гадзіны – яе фактычна выратаваў. Да зняволеных з сур’ёзнымі хваробамі не ставяцца лепш, чым да астатніх, і магчымасці для лячэння абмежаваныя.

«Калі сітуацыя патавая, трэба тэрміновая аперацыя, то вязуць на хуткай у мясцовую больніцу. Але гэта складана: трэба арганізаваць палату, канвой, ахову, таму на гэта працаўнікі ўстановаў, дзе і так не стае кантралёраў, мусяць здымаць са службы людзей… На гэта ідуць вельмі рэдка. У асноўным, калі пытанне жыцця і смерці», – распавядае працаўнік калоніі.

Цяпер у Беларусі каля 33 000 зняволеных, колькі з іх маюць патрэбу ў сурʼёзным лекаванні, не вядома.

Тэма права на здароўе ва ўмовах зняволення раней не даследавалася. Няма ніякіх статыстычных звестак, лічбы смяротнасці ў турмах таксама не раскрываюцца. Цяпер група беларускіх лекараў, якія выехалі з Беларусі, даследуе і аналізуе тэму. І задача-максімум – падрыхтаваць канцэпцыю рэформы.

Да 2011 года зняволеных лячылі ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі пры папраўчай калоніі № 1. Шпіталь закрылі, лекары тады пісалі петыцыі і запэўнівалі, што без новай больніцы смяротнасць сярод зняволеных узрасце на траціну. Новую больніцу ў Калядзічах будуюць ужо 10 гадоў, гэтым летам Лукашэнка зноў перанёс тэрмін здачы.

«Значна павялічылася колькасць людзей, якія паміраюць у месцах зняволення, і мы, калі яшчэ працавалі ў Беларусі, рабілі запыты, каб далі нам лічбы пра колькасць памерлых. Мы атрымалі адказы, што гэта службовая інфармацыя, якая не падлягае распаўсюду», – кажа Васіль Завадскі, былы кіраўнік турэмнай медслужбы.

Частыя праблемы са здароўем сярод зняволеных датычаць стаматалогіі, цяпер дадаўся каронавірус, не развязаная праблема з сухотамі. І гэта не ўсё…

«Найчасцей – прастудныя захворванні, захворванні органаў дыхання. Тое ж самае, што і на волі. Захворванні сэрцава-судзіннай сістэмы. Вельмі шмат патрэбы ў псіхіятрычнай дапамозе. Гэта сфера наогул вельмі слаба адлюстраваная. Бо калі ёсць адзін псіхіятр, то зразумела…» – кажа Васіль Завадскі.

Ненаданне медычнай дапамогі супярэчыць беларускай Канстытуцыі, якая гарантуе права на ахову здароўя для ўсіх. І для зняволеных няма ніякіх выключэнняў.

Алена Дубовік, «Белсат»

Стужка навінаў