Літва з сакавіка 2024 года будзе канфіскоўваць аўтамабілі з расейскімі нумарамі і перадаваць іх Украіне


Раней пра намер з наступнага года канфіскоўваць і перадаваць ва Украіну зарэгістраваныя ў Расеі аўтамабілі паведаміла Латвія. Тое самае збіраецца рабіць і Літва з сярэдзіны сакавіка 2024 года, піша «Delfi» са спасылкай на тэлеканал LNK.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Костанай.Тв

З 11 верасня Літва не ўпускае ў краіну аўтамабіляў, зарэгістраваных у РФ.

«За першы тыдзень верасня мы налічылі 58 аўтамабіляў з расейскімі нумарамі, за другі – 70, а цяпер ці ніводнага, ці 1-3 на дзень трапляюцца», – кажа прадстаўніца Мытнага дэпартаменту Літвы Ірміна Фралова-Мілашыене.

Зарэгістраваныя ў РФ аўтамабілі не ўпускаюць таксама Літва, Польшча, Фінляндыя, Латвія і Эстонія. Латвія абвесціла пра намер канфіскоўваць такія аўтамабілі да 1 лютага 2024 года і перадаваць іх грамадзянам Украіны. Такое ж рашэнне прыняла і Літва.

«Ім дадзены пераходны перыяд да 11 сакавіка, яны могуць вывезці гэтыя аўтамабілі. Калі яны гэтага не зробяць, аўтамабілі канфіскуюць. Ці суправодзяць да мяжы, каб іх маглі вывезці», – сказаў кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Касчунас.

Такія рашэнні Латвія і Літва прынялі на падставе рэкамендацыяў Еўракамісіі. У той жа час Еўрапарламент зазначаў, што краіны Еўразвязу павінны спыніць канфіскацыю аўтамабіляў з расейскімі нумарамі, бо гэта дыскрэдытуе санкцыі. Дэпутат Еўрапарламенту Андрус Кубілюс заяўляў, што ЕЗ павінен прыняць больш жорсткія захады, чым санкцыі ў дачыненні да касметыкі ці аўтамабіляў. Ён лічыць, што пад санкцыйныя абмежаванні мусяць трапіць «Росатом», расейскія ўгнаенні, іншыя энергарэсурсы, якія Расея экспартуе.

Hавiны
Латвія не стала забараняць беларускія нумары на машынах – пад забаронаю толькі расейскія
2023.11.02 15:55

Касчунас жа не лічыць канфіскацыі аўтамабіляў дробяззю.

«Лёгка сядзець на канапе і казаць, што я не ваюю, ваюе хтосьці іншы. Але калі цябе просяць зрабіць штосьці, каб вайна скончылася – не, я лепш паеду ў Еўропу, павандрую. Не, такога не будзе. Я лічу, што аўтамабілі трэба канфіскоўваць. А потым аддаваць украінцам», – сказаў ён.

Літва свайго рашэння змяняць не будзе, зазначыў кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Еўракамісія яшчэ ў верасні пастанавіла забараніць увоз у Еўразвяз шэрагу рэчаў з Расеі: пад забарону могуць трапіць нават асабістыя аўтамабілі, лічбавая тэхніка накшталт ноўтбукаў і тэлефонаў, касметыка, валізы, каштоўныя камяні і іншае. Як дакладна рэалізоўваць гэтыя санкцыі, кожная краіна мусіць вызначыць сама. Польшчакраіны Балтыі і некаторыя іншыя краіны пастанавілі, што забароняць уезд аўтаў на расейскіх нумарах. Гэтак, з 2 кастрычніка ўезд аўтамабіляў з расейскай рэгістрацыяй забараніла Балгарыя.

Пра выпадкі канфіскацыі аўтамабіляў з расейскімі нумарамі ўлетку 2023 года паведамлялі расейцы, якія былі ў Нямеччыне.

Hавiны
Расейцам прыгразілі канфіскацыяй аўтамабіляў, смартфонаў і ноўтбукаў пры ўездзе ў ЕЗ
2023.09.10 16:12

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў