Улады пахваліліся «якаснымі зменамі» ў экспарце і змаўчалі пра дэфіцыт вонкавага гандлю


У Міністэрстве эканомікі Беларусі заявілі, што экспарт у грашовым вымярэнні дасягнуў максімальных за 11 гадоў паказнікаў, а ў структуры прадукцыі, якая прадаецца за мяжу, рэкордна павялічылася доля інвестыцыйных тавараў – машынаў і абсталявання, піша sb.by. Пра дэфіцыт вонкавага гандлю ў міністэрстве не сказалі нічога.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: rw.by

Кіраўніца ўпраўлення прагназавання вонкавага гандлю Міністэрства эканомікі Юлія Зубар пракаментавала экспарт ды імпарт Беларусі ў студзені – ліпені сёлета. Яна сказала, што агульны экспарт вырас на 6,4 % год да года, і ў грашовым вымярэнні дасягнуў максімуму з 2012 года ($ 26,9 млрд).

Чыноўніца не ўдакладніла, што экспарт тавараў сапраўды павялічыўся (на 9,7 %), аднак экспарт паслуг знізіўся (на 6,4 %).

Як паведаміла прадстаўніца Мінэканомікі, у структуры экспарту адбыліся «якасныя змены»: паменела прамежных тавараў (сыравіны і матэрыялаў) і паболела – інвестыцыйных (гэта, напрыклад, машыны і абсталяванне).

«Доля інвестыцыйных тавараў перавысіла 13 % – гэта 16-гадовы максімум. Экспарт цяжкавікоў вырас амаль на 17 %, прычэпаў і паўпрычэпаў – у 2,7 разу, аўтобусаў – на 17,5 %. І гэта да леташняй базы, калі пастаўкі раслі двухзначнымі тэмпамі», – адзначыла чыноўніца.

Яна запэўніла, што «экспартныя плыні цалкам пераарыентаваныя», і доля «сяброўскіх краінаў» у беларускім экспарце павялічылася на 18 %:

«Пастаўкі ў краіны Азіі выраслі ў 1,7 разу. Паспяхова асвойваюцца перспектыўныя рынкі Афрыкі. Захоўваюцца высокія тэмпы росту экспарту ў Расею – 30,8 %».

Падрабязную статыстыку пра тое, куды, колькі і чаго Беларусь прадае за мяжу, улады хаваюць. Маецца інфармацыя толькі пра гандаль агулам з краінамі СНД і астатнім светам. З гэтых звестак вынікае, што збольшага беларускі экспарт ідзе ў дзяржавы былога СССР (і галоўны рынак тут – расейскі), і сёлета ён сапраўды вырас. Аднак пастаўкі ў краіны па-за СНД, наадварот, зменшыліся.

Зубар таксама пахвалілася, што пасля сыходу заходніх кампаніяў і пастаўляльнікаў «істотна павялічылася доля беларускіх тавараў у расейскім імпарце машынаў, абсталявання і транспарту, прадукцыі хімічнай прамысловасці, вырабаў з драўніны і чорных металаў».

Інфаграфіка
Адмоўнае сальда вонкавага гандлю таварамі перавысіла ў Беларусі $2 млрд
2023.09.04 19:37

Налета ўлады плануюць павялічыць экспарт у Расею яшчэ на 7 % да сёлетняга ўзроўню і захаваць долю ў расейскім імпарце не ніжэйшую за 9 %, а экспарт у «краіны далёкай дугі», як чакаецца, вырасце не менш як на 20 %.

Гаворачы пра поспехі беларускага вонкавага гандлю, чыноўніца не згадала адмоўнае сальда $ 100 млн, што ўтварылася за сем месяцаў. Як тлумачыў раней «Белсату» эканаміст Дзмітрый Крук, калі раней краіна магла скампенсаваць гэты дэфіцыт інвестыцыямі ды крэдытамі, то цяпер такой магчымасці амаль няма. І калі іншыя дзяржавы могуць сабе дазволіць адмоўнае сальда 2–3 % ВУП, то для Беларусі нават невялікі дэфіцыт вонкавага гандлю можа стаць крытычным. Пакуль жа давядзецца выдаткоўваць грошы з валютных рэзерваў, то бок фактычна праядаць запасы.

Аналітыка
Беларусь перастала назапашваць валюту. Эканаміст: у нас праблемы
2023.09.12 16:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў