Лявон Вольскі ў свой дзень народзінаў прэзентаваў новы альбом «Emigranty»


Легенда беларускай музыкі Лявон Вольскі ў свой дзень народзінаў прэзентаваў новы альбом – «Emigranty». Гэта эпічнае палатно, дзе апавядаецца пра новую беларускую рэчаіснасць – масавую эміграцыю, піша Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Вокладка новага альбому Лявона Вольскага «Emigranty». Крыніца: Lavon Volski / Facebook

Паводле музыкі, у гэтай новай рэчаіснасьці беларусы сутыкаюцца з новымі ўражаньнямі ды эмоцыямі, з новымі праблемамі ды выклікамі.

«Хтосьці сумуе па радзіме, хтосьці чарговым разам перажывае траўматычны досьвед знаходжаньня там, нехта спадзяецца на хуткае вяртаньне, камусьці дапамагае вырашыць праблемы са здароўем таямнічы лекар Ачуняй, некаму прывозіць неабходныя рэчы з дому чароўны перавознік на сваім «Фордзе Транзыце»… Польшча, Каліфорнія, Ізраіль, Нямеччына – «раскідала выбухам нас па Зямлі», – дзе толькі не апынуліся беларусы пасля векапомных падзеяў 2020 году!» – піша Лявон Вольскі.

Ён дадае, што паўсюль беларусаў аб’ядноўвае адно жаданне: каб цемра, якая апанавала радзіму, хутчэй знікла, і яны здолелі б вярнуцца дадому.

Паслухаць новы альбом можна на стрымінгавых пляцоўках (спіс будзе дапаўняцца) або на YouTube.

Сёння, 14 верасня, Лявону Вольскаму спаўняецца 58 гадоў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў