Замест міратворцаў АДКБ выправіла ў Арменію назіральную місію з Засем на чале


Дамовіліся ацаніць абстаноўку і стварыць працоўную групу для адсочвання сітуацыі пасля абстрэлаў 13 верасня.

У ноч на 13 верасня Азербайджан абстраляў Арменію, патлумачыўшы гэта «дыверсіяй» з армянскага боку. Завязаліся баі: Арменія налічыла прынамсі 49 загінулых са свайго боку, Азербайджан паведаміў пра 50 забітых вайскоўцаў са свайго. Бакі дамовіліся на спыненне агню, але пад вечар 13 верасня Азербайджан заявіў, што Арменія парушыла дамоўленасць.

Абноўлена. Міністэрства абароны Арменіі заявіла, што а 8:00 мясцовага часу аднавіліся баі: Азербайджан звінавацілі ва ўжыванні артылерыі, мінамётаў і буйнакалібернай стралковай зброі, а таксама ў «пераднаступальных дзеяннях» у кірунках паселішчаў Джэрмук і Вэрын-Шаржа.

Гарады і сёлы Арменіі, з якіх паведамлялі пра абстрэлы 13 верасня 2022 года. Мапа на аснове выявы: Golden / WikimediaCC BY-SA 4.0

Арменія звярнулася да Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы і да Расеі па дапамогу (у АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан, але не Азербайджан). АДКБ склікала пазачарговую сесію, але пастанавіла пакуль толькі назіраць.

У сесіі ўзялі ўдзел Уладзімір Пуцін, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, кіраўнікі Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану. Беларусь рэпрэзентаваў дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

У АДКБ выказалі спачуванне Арменіі і дамовіліся накіраваць туды місію на чале з генеральным сакратаром арганізацыі Станіславам Засем (былы дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Беларусі) і з удзелам начальніка Аб’яднанага штабу АДКБ Анатолем Сідаравым (колішні начальнік Заходняй вайсковай акругі Расеі) ды іншых прадстаўнікоў краінаў-чальцоў.

Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась на камандна-штабных вучэннях «Непарушнае братэрства – 2020». Беларусь. 16 кастрычніка 2020 года.
Фота: odkb-csto.org

Місію шлюць для «ацэнкі абстаноўкі, што склалася», і рыхтавання «грунтоўнага дакладу» для чарговай сесіі, запланаванай на гэтую восень. Таксама дамовіліся стварыць працоўную групу для сталага маніторынгу.

Тым часам між чальцамі АДКБ не ўсё спакойна: раніцаю 14 верасня памежнікі Кыргызстану паведамілі пра перастрэлку з памежнікамі Таджыкістану. З таджыкскага боку паведамілі пра некалькі параненых, але дэталі на момант публікацыі невядомыя.

Аналітыка
Хто спрабуе «перавярнуць стол» у Закаўказзі? Што стаіць за канфліктам паміж Арменіяй і Азербайджанам
2022.09.13 18:00

У мінулым канфлікце Арменіі ды Азербайджану сілы АДКБ не бралі ўдзелу. Увосень 2020 года пачаліся інтэнсіўныя баявыя дзеянні ў Нагорным Карабаху – у непрызнанай рэспубліцы ў межах Азербайджану пад кантролем армянаў, якія складаюць у рэгіёне бальшыню. Пасля 44 дзён баёў Баку і Ерэван падпісалі дамову аб спыненні агню пры пасярэдніцтве Масквы. Азербайджан вярнуў пад свой кантроль частку тэрыторыі, а яшчэ частку ўзялі пад кантроль расейскія «міратворцы». Фактычна гэта было паразай Арменіі.

Затое «міратворцы» АДКБ (з Беларусі ў тым ліку) накіроўваліся ў Казахстан падчас пратэстаў у пачатку 2022 года. Іх выправілі з парушэннем міжнародных пагадненняў. На кадрах дзяржаўных медыяў яны дэманстратыўна бегалі на палігоне, пастановачна правяралі дакументы ў казахскіх паліцыянтаў. Адзін з «міратворцаў» наракаў, што вайскоўцам цяжка чытаць дакументы на «казахстанскай» мове. «Міратворцы» АДКБ у Казахстане незаконна выкарыстоўвалі апазнавальныя знакі міратворчай місіі ААН.

Вядома, што «міратворцы» ў Казахстане ахоўвалі аб’екты інфраструктуры (напрыклад, аэрадромы і цеплаэлектрастанцыі), але ці бралі яны ўдзел у здушэнні пратэстаў, невядома. На просьбу кіраўніка Казахстану «міратворцаў» вывелі.

Аб’ектыў
Арганізацыя Дамовы Калектыўнай Аўтакратыі: усю забаву Уладзіміру Пуціну сапсавалі Швецыя і Фінляндыя
2022.05.16 22:58

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў