Пяскоў: Мы гатовыя выслухаць Вялікую Брытанію, калі да нас звернуцца з нагоды смяротных прысудаў


Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна заявіў, што ўлады Вялікай Брытаніі дасюль не звярталіся да Масквы з мэтаю дапамагчы двум брытанцам, якіх асудзілі да смяротнага пакарання за ўдзел у вайне ва Украіне. Дзмітрый Пяскоў заявіў, што афіцыйнаму Лондану варта звярнуцца наўпрост да ўладаў «ДНР», аднак у Крамлі гатовыя выслухаць, чым могуць дапамагчы, калі да іх звернуцца, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Фота: kremlin.ru

Пяскоў агучыў пазіцыю Расеі, што ўрад Вялікай Брытаніі павінен беспасярэдне абмеркаваць вызваленне двух брытанцаў з так званаю ДНР – самаабвешчанаю дзяржаваю, якую Захад не прызнае.

«Трэба, вядома, звярнуцца да ўладаў той краіны, суд якой вынес прысуд, а гэта не Расейская Федэрацыя», – сказаў Пяскоў.

І дадаў, аднак, што Расея гатовая абмеркаваць пытанне вызвалення асуджаных, калі Брытанія звернецца да Масквы:

«Вядома, усё будзе залежаць ад запытаў з Лондану. І я ўпэўнены, што расейскі бок будзе гатовы да дыялогу».

Днямі міністарка замежных справаў Вялікай Брытаніі Ліз Трас заявіла, што зробіць усё магчымае, каб уратаваць двух брытанцаў, прысуджаных да смяротнага пакарання.

Нагадаем, што 9 чэрвеня Вярхоўны суд «ДНР» вынес вырак тром замежных добраахвотнікам, якія ваявалі на баку Украіны. Іх прысудзілі да смяротнага пакарання. Гаворка пра грамадзянаў Вялікай Брытаніі Шона Пінэра і Эйдэна Азліна, а таксама грамадзяніна Марока Брагіма Саадуна.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў