Следчы камітэт: Тое, што затрыманыя палякі пакінулі Беларусь, – гэта жэст выключна добрай волі


Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара. Скрыншот

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара на брыфінгу сілавых структур заявіў, што ў дачыненні Марыі Цішкоўскай, Ірыны Бярняцкай і Ганны Панішавай крымінальныя органы адмянілі меру стрымання і ўхвалілі абавязковую яўку, а жанчыны самі выехалі за межы Беларусі.

«Усё гэта адбывалася па ініцыятыве польскага боку. Афіцыйная Варшава заяўляла аб захаванні максімальнай канфідэнцыйнасці. Гэтыя пажаданні былі намі ўлічаныя і выконваліся намі ў поўнай меры», – падкрэсліў Гара.

Ён адзначыў, што пасля таго, як спадарыні пакінулі Беларусь, Польшча пачала тыражаваць факты, якія не маюць дачынення да рэчаіснасці, і таму ён мусіць данесці погляд беларускага боку.

«Кіраўніцтва Казахстану па асабістай просьбе польскага лідара Дуды звярнулася да прэзідэнта Беларусі наконт магчымасці выезду групы асобаў, якіх абвінавачваюць у распальванні нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і розні», – заявіў старшыня СК.

Артыкулы
Трох фігурантак «справы Саюзу палякаў» прымусова вывезлі з Беларусі
2021.06.02 13:23

З ягоных словаў, потым Польшча папрасіла дазволу на наведванне абвінавачаных польскім прадстаўніком, і пры дапамозе Гары гэтая сустрэча адбылася, а абвінавачаныя добраахвотна выказалі жаданне выехаць у Польшчу. Каб падмацаваць свае словы, Гара паказаў відэа, на якім затрыманыя камунікуюць з польскім консулам Анджэем Рачкоўскім. Пра што яны гавораць, паказвае накладзены на відэа тэкст, але з гуку запісу словаў амаль нельга разабраць. Затрыманыя п’юць гарбату, едуць у аўтобусе і мінаюць мяжу.

Дазвол затрыманым выехаць з Беларусі Гара назваў «жэстам выключна добрай волі беларускага боку, які быў прадыктаваны прынцыпамі добрасуседства»:

Hавiны
Прэзідэнт Польшчы прыняў польскіх актывістаў, вызваленых з-пад беларускага арышту
2021.06.04 17:48

«Ініцыятарам зʼяўляецца афіцыйная Варшава. Пры гэтым польскае МЗС да гэтага не мае абсалютна ніякага дачынення. Пытанне вырашалася на лініі спецыяльных службаў».

Напрыканцы ён яшчэ раз падкрэсліў, што фігуранты пакінулі Беларусь добраахвотна і без нейкіх умоваў, хаця застаюцца абвінавачанымі ў крымінальнай справе, якая мае «пэўную судовую перспектыву».

У Беларусі засталіся яшчэ два чалавекі, затрыманыя ў той жа крымінальнай справе. Гара сказаў, што ўчынкі Варшавы ставяць пад пытанне мажлівасць іх выезду з Беларусі:

«Напэўна, іх лёс там мала каго ўжо хвалюе».

Таксама старшыня СК выказаў думку, што польскія палітыкі такім чынам намагаюцца «здабыць сабе лёгкія палітычныя балы».

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў