Зарэгістраваць шлюб, развесціся, памяняць пашпарт: як зрабіць гэта за мяжою


Якія дакументы патрэбныя беларусам, каб ажаніцца за мяжой? У якой краіне найпрасцей зарэгістраваць шлюб і зрабіць гэта можна кругладзённа? Ці можна скасаваць шлюб, калі нельга вярнуцца ў Беларусь? Праз якія складанасці праходзяць беларусы, каб зрабіць пашпарт дзіцяці, народжанаму за мяжой? І што там з «пашпартамі Новай Беларусі»? Шукаем адказы на гэтыя пытанні з беларусамі, якім давялося іх развязваць, а таксама з экспертамі Цэнтру беларускай салідарнасці і Офісу Святланы Ціханоўскай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Фота: Белсат

Рэгістрацыя шлюбу

Грузія

Напэўна, найпрасцей заключыць шлюб у Грузіі. Сюды едуць з розных краінаў, бо Грузія не патрабуе нейкіх дадатковых дакументаў, акрамя пашпартоў. У горадзе Сігнагі, які называюць яшчэ горадам кахання, ёсць нават кругладзённы ЗАГС. У Грузіі апошнім часам ажанілася шмат беларусаў. З іхнага досведу вынікае: каб зарэгістраваць шлюб, трэба зрабіць наступныя крокі:

  • прыйсці ў Дом юстыцыі (установа, дзе надаюцца ўсе дзяржаўныя паслугі) і падаць заяўку;
  • з дакументаў з сабою трэба мець пашпарты і іх пераклады на грузінскую мову, завераныя натарыусам;
  • калі шлюб не першы, то патрэбнае пасведчанне аб скасаванні папярэдняга шлюбу, перакладзенае і заверанае ў натарыуса (але першы ці не першы – тут вераць на слова);
  • патрэбныя таксама пашпарты двух сведкаў, перакладзеныя на грузінскую мову і завераныя натарыусам (але часам пераклад пашпартоў сведкаў не просяць);
  • распісацца можна адразу ў Доме юстыцыі нават у дзень звароту, падчас роспісу абавязковая прысутнасць двух сведкаў, а таксама можна распісацца ўрачыста ў ЗАГСе – тады трэба загадзя запісвацца;
  • на наступны дзень пасля рэгістрацыі можна атрымаць пасведчанне аб шлюбе на грузінскай мове.

Беларус Аляксандр, які жыве ў Польшчы, выбраў Грузію, бо тут не патрабуюць даведкі аб адсутнасці перашкодаў для ўступлення ў шлюб, у адрозненне ад Польшчы. Атрымаць такую даведку можна, толькі калі асабіста прыехаць у Беларусь ці звярнуцца ў беларускую амбасаду, чаго ні Аляксандр, ні ягоная нявеста зрабіць не маглі. Ёсць яшчэ выйсце атрымаць такую даведку – праз суд у Польшчы, але гэта можа заняць год і больш.

У Грузіі працуюць адмысловыя агенцтвы, якія дапамагаюць арганізаваць шлюб. У адно з такіх Аляксандр з нявестай і звярнуліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

«Мы выслалі ім пашпартныя звесткі, а калі прыехалі, пайшлі з пашпартамі ў Дом юстыцыі, там ужо былі падрыхтаваныя заяўкі для нас на грузінскай мове, а таксама дакументы для перакладу будучага пасведчання аб шлюбе, – распавядае Аляксандр. – Мы падалі дакументы, на наступны дзень у нас была ўрачыстая рэгістрацыя. Час нам рэзервавала агенцтва. На наступны дзень мы атрымалі пасведчанні аб шлюбе, у Доме юстыцыі адразу ж атрымалі на іх апастыль, у Польшчы заставалася толькі перакласці яго на польскую мову. Такім чынам, уся працэдура заняла ў нас тры дні. Коштам усё выйшла каля 200 еўраў».

Беларуска Аксана таксама брала шлюб у Грузіі. З будучым мужам яны сутыкнуліся з неабходнасцю ў апошні момант мяняць сведку.

«Тады і высветлілася, што пераклад пашпартоў сведкаў неабавязковы. У Доме юстыцыі проста адсканавалі пашпарт, і ўсё, – распавяла Аксана. – А вось прысутнасць сведкаў абавязковая. Тут ёсць нават грузіны, якія зарабляюць на гэтым: прапаноўваюць пабыць сведкамі за грошы. У Грузіі не ставяць у пашпарт штампу аб шлюбе, толькі выдаюць пасведчанне. Нам вельмі прыгожае далі на ўрачыстай рэгістрацыі, а таксама падарунак – прыгожа аформленую кніжку «Віцязь у тыгравай шкуры» Шаты Руставелі на грузінскай мове».

Польшча і Літва

У Польшчы працэдура рэгістрацыі шлюбу больш складаная. У мясцовы аналаг ЗАГСу (Urząd Stanu Cywilnego) паводле месца жыхарства трэба падаць наступныя дакументы:

  • пашпарты і іх пераклад на польскую мову, завераны натарыяльна;
  • калі гэта не першы шлюб, патрэбнае пасведчанне аб разжэнстве, таксама перакладзенае і заверанае натарыусам;
  • пацверджанне законнасці перабывання ў Польшчы;
  • даведка пра тое, што няма перашкодаў для ўступлення ў шлюб, перакладзеная на польскую мову і завераная натарыяльна.

Атрымаць даведку аб адсутнасці перашкодаў можна ў Беларусі ў ЗАГСе паводле месца рэгістрацыі ці ў амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Каб яе атрымаць у амбасадзе, патрэбны яшчэ стос розных даведак, у тым ліку даведка аб адсутнасці запісу акту аб заключэнні шлюбу, выдадзеная органам ЗАГСу паводле месца рэгістрацыі, калі чалавек зарэгістраваны ў Беларусі. Такую ж даведку можна атрымаць у польскім ЗАГСе, калі беларус стаіць на сталым консульскім уліку ці мае пашпарт серыі РР. Даведку аб адсутнасці перашкодаў можна атрымаць праз польскі суд, для гэтага патрэбная наяўнасць віду на жыхарства (ВНЖ).

Аб працэдуры заключэння шлюбу ў Літве нам распавяла беларуска Дар’я. Тут рэгістрацыя адбываецца ў аддзелах запісу актаў грамадзянскага стану пры муніцыпалітэтах (Civilinės metrikacijos skyrius). Замежнікі абавязаныя падаць пашпарты, дакументы аб законнасці перабывання на тэрыторыі Літвы, а таксама апастыляваную даведку з беларускага ЗАГСу аб адсутнасці перашкодаў для заключэння шлюбу. Даведку Дар’я атрымала, аднак з апастылем узніклі праблемы:

«На гэта велічэзныя чэргі як у Беларусі, так і ў консульстве ў Літве. Я тэлефанавала ў лютым, і мне сказалі тэлефанаваць у чэрвені, каб толькі стаць у чаргу дзесьці з ліпеня. Хлопцу трошкі ў гэтым плане прасцей, бо са статусам уцекача ў консульства нельга, і, наколькі я зразумела, ён проста бярэ ў аддзеле міграцыі даведку, якая пацвярджае ягоны статус і тое, што ён не можа звяртацца ў афіцыйныя беларускія ўстановы. Здаецца, гэтага дастаткова. Наконт усіх гэтых крокаў ён кансультаваўся з юрыстамі».

Праз усе гэтыя перашкоды нашая суразмоўца і ейны хлопец дасюль не зарэгістравалі шлюбу.

Акрамя мясцовых ЗАГСаў, зарэгістраваць шлюб беларусы і ў Польшчы, і ў Літве могуць праз беларускую амбасаду. Пералік неабходных дакументаў і ўмоваў можна знайсці на сайце амбасады.

Скасаванне шлюбу

Грузія

Як і ажаніцца, развесціся найпрасцей у Грузіі. Беларуска Аліна скасавала тут шлюб, заключаны ў Грузіі з грамадзянінам Ізраілю.

«Мы прыйшлі з пашпартамі ў Дом юстыцыі, падалі заяву, што гэта на ўзаемнае жаданне, аплацілі збор – штосьці каля 25 долараў, – распавядае Аліна. – Потым мы чакалі каля 10 дзён, пасля чаго нам прыйшла ведамка, што можна прыйсці забраць пасведчанні аб разводзе».

Таксама Аліна дапамагала скасаваць шлюб сяброўцы – беларусцы, якая ў Грузіі ажанілася з расейцам. Каб Аліна магла за сяброўку і ейнага тады яшчэ мужа падаваць заяву, яны напісалі на яе даверанасць, якую потым трэба было перакласці на грузінскую мову. Таксама трэба было аплаціць збор, і праз 10 дзён прыйшла ведамка аб скасаванні шлюбу.

«Гэта проста, калі няма дзяцей. Калі ж ёсць дзеці ці калі адзін з сужэнцаў супраць разжэнства, могуць узнікнуць складанасці, – зазначае Аліна. – У выпадку такіх няпростых сітуацыяў лепш ісці ў Дом юстыцыі і кансультавацца там».

Польшча і Літва

Калі абодва сужэнцы – грамадзяне Беларусі і адзін з іх ці абодва жывуць у Польшчы, можна падаць заяву на скасаванне шлюбу ў беларускую амбасаду ў Польшчы. Калі ў такіх сужэнцаў няма супольных дзяцей ці маёмасных спрэчак, ім трэба падаць у амбасаду наступныя дакументы:

  • супольную заяву аб скасаванні шлюбу;
  • пашпарты ці іншыя дакументы, якія пацвярджаюць асобы;
  • заяву аднаго з сужэнцаў аб скасаванні шлюбу без ягонай прысутнасці ў выпадку, калі не можа прыйсці ў ЗАГС;
  • пасведчанне аб заключэнні шлюбу;
  • квітанцыю аб аплаце збору (€ 200).

Шлюб будзе скасаваны не раней, чымся праз месяц, і не пазней, чымся праз два месяцы з моманту падачы заявы.

Калі шлюб быў заключаны ў Польшчы ці беларускае пасведчанне аб шлюбе было зарэгістраванае ў польскім рэестры актаў грамадзянскага стану (Urząd Stanu Cywilnego), скасаваць шлюб можна праз польскі суд. Калі абодва сужэнцы – беларусы, і толькі адзін з іх жыве ў Польшчы, ён можа падаваць заяву аб скасаванні шлюбу, калі перабывае ў Польшчы не менш за год да падачы заявы.

Звяртацца трэба ў раённы (okręgowy) суд таго раёну, дзе жывуць сужэнцы ці хаця б адзін з іх на момант падачы заявы.

Дакументы, якія трэба падаць у суд:

  • заява аб скасаванні шлюбу на польскай мове;
  • пасведчанне аб шлюбе;
  • квітанцыя аб аплаце збору (сума залежыць ад складанасці справы);
  • пасведчанне аб нараджэнні дзяцей, калі яны ёсць;
  • пацверджанне законнасці перабывання на тэрыторыі Польшчы.

Усе дакументы не на польскай мове павінны быць перакладзеныя і натарыяльна завераныя.

Скасаваць шлюб могуць вельмі хутка – цягам аднаго паседжання, але калі развязваюцца пытанні апекі над дзецьмі ці маёмасныя спрэчкі, працэс можа цягнуцца некалькі гадоў.

Падобна – праз суд – скасаванне шлюбу адбываецца ў Літве. Звяртацца трэба ў раённы суд паводле месца жыхарства сужэнцаў ці аднаго з сужэнцаў. У нескладаных сітуацыях заява разглядаецца цягам месяца, пасля чаго шлюб касуецца і выдаецца адпаведнае пасведчанне.

Таксама можна развесціся праз беларускую амбасаду ў Літве.

Калі абодва сужэнцы – беларусы і адзін з іх жыве ў Беларусі, развесціся можна ў Беларусі праз даверанасць, якую мусіць аформіць той з сужэнцаў, які застаецца за межамі Беларусі.

Замена беларускіх пашпартоў за мяжой і першы пашпарт для нованароджанага

Грузія

За абменам пашпарта, у якога скончыўся тэрмін дзеяння ці які быў пашкоджаны да такой ступені, што ім нельга карыстацца, у Грузіі, як і ў іншых краінах, можна звяртацца ў амбасаду Рэспублікі Беларусь. Спіс неабходных дакументаў пералічаны на сайце амбасады. У той жа час на практыцы ўвесь час узнікаюць розныя сітуацыі, і тыя, хто звяртаўся ў амбасаду, кажуць пра абсалютна розныя дакументы, якія ў іх патрабуюць. Гэтак, для абмену пашпарта ўнутранай серыі ў амбасадзе могуць запатрабаваць ВНЖ, дамову на кватэру, пасведчанне аб рэгістрацыі ІП ці працоўны кантракт у Грузіі. Таму лепш у кожным канкрэтным выпадку патэлефанаваць у амбасаду і запытацца пра дакументы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Для абмену пашпарта няпоўнагадоваму ў амбасаду з заяваю звяртаюцца бацькі дзіцяці.

Складанасці ўзнікаюць у двух выпадках: калі ў дзіцяці няма рэгістрацыі ў Беларусі ці калі гэта нованароджанае дзіця ды вядзецца пра ягоны першы пашпарт.

Пра сітуацыю з атрыманнем пашпарта пры адсутнасці рэгістрацыі распавяла беларуска Кацярына:

«Так атрымалася, што пакуль мы ўсе не ў Беларусі, там нашага сына проста выпісалі з ягонага месца рэгістрацыі. Калі ў яго скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, у беларускай амбасадзе ў Тбілісі нам сказалі, што ўнутраную серыю без рэгістрацыі ў Беларусі яму не дадуць. Нам прапанавалі спачатку развязаць пытанне з рэгістрацыяй дзіцяці ў Беларусі. Далей высветлілася, што зарэгістраваць дзіця ў Беларусі паводле даверанасці нельга, патрэбная толькі асабістая прысутнасць аднаго з бацькоў. Ні я, ні муж не маглі паехаць у Беларусь».

У амбасадзе беларусам прапанавалі аформіць пашпарт серыі РР. Але, каб дзіця атрымала такі пашпарт, трэба, каб хоць адзін з бацькоў стаяў на сталым консульскім уліку.

«Каб стаць на ўлік, трэба мець ВНЖ у краіне перабывання. Гэтак пачаўся наш доўгі працэс атрымання ВНЖ у Грузіі, падачы заявы на консульскі ўлік, некалькі месяцаў чакання адказу. Цяпер, нарэшце, мы ўжо на канчатковым этапе, і неўзабаве ў дзіцяці будзе новы пашпарт», – распавядае Кацярына.

У больш складанай сітуацыі аказваюцца беларусы ў Грузіі, якія не маюць падставаў для атрымання ВНЖ. Так адбылося ў беларускі Святланы, якая нарадзіла ў Грузіі дзіця. Першы пашпарт нованароджанаму выдаюць толькі ў Беларусі пры асабістай прысутнасці аднаго з бацькоў. Можна атрымаць пашпарт серыі РР, але для гэтага трэба, каб у аднаго з бацькоў быў такі пашпарт ці ён стаяў на консульскім уліку, для чаго патрэбны ВНЖ. Святлана, калі зразумела, што не мае падставаў для атрымання ВНЖ, падалася на ўцякацтва, але Грузія ёй адмовіла. Цяпер жанчына ў чаканні разгляду апеляцыі, а ейная дачка дасюль без пашпарта.

Польшча і Літва

У Польшчы і Літве сітуацыя з абменам і атрыманнем першага беларускага пашпарта праз амбасаду Рэспублікі Беларусь аналагічная. Аднак у гэтых краінах больш магчымасцяў для беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму ці звярнуцца ў амбасаду. Гэтак, у Літве ёсць «пашпарт замежніка», а ў Польшчы – польскі праязны дакумент, які выдаецца замежнікам пры немагчымасці замяніць пашпарт сваёй краіны паходжання. Такі дакумент можна атрымаць і на нованароджанае дзіця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Амбасада Беларусі ў Вільні, Літва.
Фота: Белсат

Пра альтэрнатывы беларускаму пашпарту ў Польшчы распавяла сябра кіравання Цэнтру беларускай салідарнасці, юрыстка Вольга Дабравольская.

Для замежнікаў у Польшчы існуе гэтак званы праязны дакумент, які замяняе пашпарт. Атрымаць яго на сёння можна, калі ў чалавека ёсць адзін з наступных дакументаў:

  • сталы від на жыхарства;
  • дазвол на перабыванне доўгатэрміновага рэзідэнта Еўразвязу;
  • дадатковая абарона ў Польшчы;
  • дазвол на перабыванне з гуманітарных прычынаў (гэта не гуманітарны від на жыхарства, які цяпер атрымліваюць беларусы з гуманітарнымі візамі, аднак з 1 студзеня 2023 года польскі праязны дакумент даступны таксама грамадзянам Беларусі, якія атрымалі дазвол на часовае перабыванне на падставе гуманітарнай візы (гл. арт. 186 пункт 9 Закону аб замежніках).

«Польскі праязны дакумент замяняе беларускі пашпарт у паездках. У яго можна ставіць візы, з ім можна мінаць межы. Таксама ім можна карыстацца ўва ўсіх выпадках, калі трэба пацвердзіць асобу, – тлумачыць Вольга Дабравольская. – Атрымаць яго можа асоба, якая з нейкіх прычынаў засталася без пашпарта сваёй дзяржавы, у нашым выпадку – беларускага. Гэта такія выпадкі, калі пашпарт згублены, пашкоджаны да такой ступені, што яго нельга выкарыстоўваць, а таксама, калі нельга зрабіць новы пашпарт у сваёй краіне ці амбасадзе з прычыны магчымых рэпрэсіяў. Выдаюць яго таксама нованароджанаму дзіцяці, калі папярэдне такі дакумент атрымалі бацькі».

З 1 чэрвеня 2023 года ў правілы атрымання польскага праязнога дакументу ўносяцца змяненні: на яго змогуць прэтэндаваць замежнікі з часовым ВНЖ.

Калі чалавек атрымлівае статус уцекача, а не проста дадатковую абарону ў Польшчы, то пытанне з пашпартам у яго аўтаматычна развязваецца.

«Жэнеўская канвенцыя прадугледжвае гэтак званы жэнеўскі праязны дакумент, які выдаюць пры атрыманні статусу ўцекача, – кажа юрыстка ЦБС. – Такі ж дакумент выдаюць дзіцяці, калі яно нараджаецца ў бацькоў са статусам уцекачоў, пасля праходжання працэдуры легалізацыі».

Што з «пашпартамі Новай Беларусі»?

Пра тое, як беларусам развязваць праблемы з пашпартамі, а таксама на якім этапе распрацоўванне «пашпарта Новай Беларусі», мы запыталі ў Офісе Святланы Ціханоўскай.

«У літоўскім і польскім заканадаўстве ёсць панятак пашпарта замежніка. Ён можа называцца таксама інакш – падарожны дакумент. Яго выдаюць асобам, якія маюць права на часовае ці сталае пражыванне ў Літве, Польшчы, але ў іх ёсць нейкія праблемы з нацыянальным пашпартам – ён згублены ці скончыўся тэрмін дзеяння, ці гэта нованароджаныя дзеці, і калі няма магчымасці выехаць у Беларусь ці звярнуцца ў амбасаду па новы пашпарт. Выдаюць пашпарт замежніка органы міграцыі», – распавялі нам у Офісе.

Дзіця, народжанае за мяжою, можа атрымаць беларускі пашпарт двума шляхамі, і гэта залежыць ад статусу бацькоў у краіне іхнага перабывання. Калі няма ВНЖ, не аформлены выезд на сталае пражыванне за мяжой, адзіны шлях – гэта паездка ў Беларусь. Паводле беларускага заканадаўства, першы пашпарт дзіцяці афармляецца толькі ў Беларусі, падкрэсліваюць у Офісе. Атрымаць пашпарт дзіцяці ў амбасадзе за мяжою можна толькі, калі ў бацькоў аформлены выезд на сталае жыхарства за мяжу, зробленыя пашпарты серыі РР. У такім выпадку і дзіця атрымае беларускі пашпарт серыі РР без неабходнасці ехаць у Беларусь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Праблемы з атрыманнем пашпарта ў дзіцяці могуць узнікнуць, калі перабыванне ягоных бацькоў у краіне неўрэгуляванае. Часцей за ўсё так бывае ў Грузіі, дзе можна цягам года жыць без віду на жыхарства.

«Калі там бацькі жывуць на падставе бязвізавага перабывання, без ВНЖ, то зразумела, што ніякі пашпарт замежніка дзіцяці не свеціць, бо не ўрэгуляваны прававы статус бацькоў», – падкрэсліваюць у Офісе Святланы Ціханоўскай і зазначаюць, што хоць і бываюць складаныя сітуацыі з пашпартамі, але няма безвыходных, бо ніводная краіна не зацікаўленая, каб замежнікі заставаліся на яе тэрыторыі «ў шэрай зоне». У праблемных выпадках у Офісе раяць звяртацца да дыяспары і юрыстаў.

Не так даўно з’явілася ідэя «пашпарта Новай Беларусі», што афармляўся б беларусам, якія не могуць вярнуцца на радзіму, і які б прызнаваўся іншымі краінамі. Паводле Офісу Ціханоўскай, праца трывае, але ёсць пэўная палітычная праблема, якую дэмакратычныя сілы Беларусі і спрабуюць пераадолець.

«Рэч у тым, што мы – урад без тэрыторыі, – кажуць у Офісе. – У свеце існуюць непрызнаныя тэрыторыі, як Абхазія, Прыднястроўе і гэтак далей. Яны выпускаюць пашпарты, якія нікім не прызнаюцца. Гэта ўнутраны дакументы для тэрыторыі, на якой ён быў выдадзены. У нас – люстраная сітуацыя. Нам патрэбны дакумент, які будзе мець статус не ўнутранага, а вонкавага – замежнага пашпарта ці дакументу для падарожжаў».

Каб «пашпарт Новай Беларусі» займеў сілу, трэба каб Еўразвяз прызнаў яго ў якасці дзейнага дакументу.

«Над гэтым мы цяпер і працуем, каб была палітычная гатовасць краінаў прызнаваць гэты дакумент, – кажа прадстаўнік Офісу Святланы Ціханоўскай. – Але тут не ўсё залежыць ад нас. Рашэнне аб прызнанні ці непрызнанні таго ці іншага пашпарта прымае дзяржава. Мы працуем над тым, каб максімальная колькасць краінаў у Еўразвязе прызналі гэты пашпарт. Ад прагнозаў, калі пашпарт новай Беларусі можа быць гатовы, я ўстрымаўся б. Зашмат розных пераменных, якія ўплываюць на працэс».

Ганна Ганчар belsat.eu

 

Стужка навінаў