Рэпарацыі за вайну ва Украіне: ці заплаціць Расея за свае злачынствы і што чакае Беларусь


Вайна ва Украіне ідзе трэці месяц, і ўсё часцей гучаць галасы аб яе пасляваенным аднаўленні. Страты ацэньваюць ужо на суму ад 600 мільярдаў да трыльёну долараў. Натуральна, у такой сітуацыі паўстае пытанне выплаты кампенсацый і рэпарацыяў з боку краіны-агрэсара – Расеі. Дзеля гэтага ўжо цяпер судовыя эксперты фіксуюць прычыненую шкоду.

Разам з тым, атрымаць непасрэдныя рэпарацыі з боку Расеі пасля заканчэння вайны будзе надта складана. Якое можа быць выйсце з такой сітуацыі і чаго будзе каштаваць Беларусі роля суагрэсара ў гэтай вайне, мы паразмаўлялі з доктарам філасофскіх навук, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.

Кіеўская вобласць, Украіна. 13 красавіка 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Каб рэпарацыі выплачваліся, з боку краіны-агрэсара мусіць быць жаданне і гатовасць гэта рабіць»

Рэпарацыі – гэта расцягнутыя ў часе выплаты з боку пераможанай дзяржавы на адрас дзяржавы-пераможцы. Іх можна ўсталяваць рознымі спосабамі:

  • добраахвотна краінай-агрэсарам;
  • краінамі-пераможцамі ў аднабаковым парадку, як гэта было зроблена ў дачыненні Нямеччыны на Потсдамскай канферэнцыі ў 1945 годзе;
  • на падставе рашэння структураў ААН, напрыклад, Міжнароднага суда ААН ці Рады бяспекі ААН.

Пытанне рэпарацыяў можа быць зафіксаванае ў мірнай дамове паміж бакамі канфлікту. У якасці выплатаў акрамя грошай могуць канфіскоўваць маёмасць, замежныя актывы, інтэлектуальную ўласнасць, працы і паслугі, напрыклад, на аднаўленне гарадоў, разбураных ракетнымі ўдарамі. І гэтак далей.

Пошукавая група шукае целы ў масавым пахаванні каля царквы ў Бучы, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Але ў выпадку з Расеяй ёсць нюансы. У 2020-м у Канстытуцыю Расеі былі спецыяльна ўнесеныя папраўкі, згодна з якімі рашэнні міждзяржаўных органаў, якія супярэчаць Канстытуцыі РФ, не падлягаюць выкананню. Таму Расея з лёгкасцю адмовілася выканаць рашэнне Міжнароднага суда ААН аб спыненні агрэсіі і гвалту ва Украіне.

Ва Украіны няма саюзнікаў, якія адкрыта ваююць супраць Расеі, маглі б уводзіць кантынгент і перамагаць на полі бою і прымусіць яе да выплаты рэпарацыяў.

«Каб рэпарацыі і кампенсацыі выплачваліся, з боку краіны-агрэсара павінна быць жаданне і гатовасць гэта рабіць. У тэорыі можна ўявіць, што яе можна прымусіць, але ў нашым выпадку размова ідзе пра Расею – краіну, у якой ёсць ядравая зброя. Таму з расейскага боку павінна быць гатовасць выплачваць рэпарацыі», – кажа ў інтэрв’ю «Белсату» Аляксандр Фрыдман.

У якім выпадку такая гатовасць можа з’явіцца? Напрыклад, калі Расея атрымае паразу ў гэтай вайне, будзе падпісанае мірнае пагадненне з зафіксаваным рашэннем аб рэпарацыях, да ўлады ў Расеі прыйдзе іншы ўрад, які прызнае, што гэта была аніякая не спецаперацыя, а вайна, Расея нанесла страты ўкраінскаму боку і за гэта мусіць плаціць.

«Пакуль цяжка ўявіць, што ў Расеі будзе такі ўрад, які пагодзіцца прызнаць віну і выплачваць кампенсацыі. Калі паглядзім расейскую гісторыю, то асэнсаванне ўласнай гісторыі, праца над памылкамі – гэта не іх моцная рыса. Пуцін пераконвае насельніцтва, што расейцы заўсёды былі добрыя. А калі прыйдзе новы ўрад і скажа, што расейцы адказныя за злачынствы, што Расея распачала буйную крывавую вайну ў Еўропе, – гэта стане вельмі моцным ударам па расейскай ідэнтычнасці. Пераасэнсаванне ўласнай гісторыі вельмі непрыемна псіхалагічна. А калі яшчэ дадаць фінансавы кампанент, для расейцаў гэта будзе абсалютны шок», – перакананы наш суразмоўца.

Святкаванне Дня Перамогі ў Маскве, 9 траўня 2022 года.
Фота: EVGENIA NOVOZHENINA / Reuters / Forum

Расейскі рэваншызм за распад СССР прывёў Пуціна да вайны, як калісьці нямецкі рэваншызм прывёў да Другой сусветнай вайны

Нямеччына ў сваёй гісторыі два разы плаціла рэпарацыі. Пры гэтым рэпарацыі пасля Першай сусветнай вайны сталі адным з фактараў, якія спарадзілі яшчэ большую ваенную агрэсію гэтай краіны. Ці можа такая ж сітуацыя здарыцца з Расеяй цяпер?

«Вэрсальская мірная дамова пасля Першай сусветнай вайны была фактычна дыктатам з боку Францыі і Вялікай Брытаніі, немцам навязалі гэтую кабальную дамову. Сумы рэпарацыяў былі вельмі вялікія – 132 мільярды нямецкіх марак. Але пытанне было не толькі фінансавае, але і эмацыйна-псіхалагічнае. Параза ў вайне, страта тэрыторыяў, Нямеччына была аб’яўленая адзінай вінаватай, яшчэ і павінна была плаціць вялізныя грошы. У выпадку нявыплаты рэпарацыяў Францыя і Бельгія маглі акупаваць частку яе тэрыторыі, што і адбылося на пэўны час у 1923 годзе, калі французскія і бельгійскія войскі занялі Рурскую вобласць. Усё гэта ў 1920-я гады ўзмацніла ў нямецкім грамадстве рэваншысцкія настроі, якія выкарысталі нацысты і прыйшлі да ўлады. Вынікам стала Другая сусветная вайна. Таму цяпер у Еўропе на пытанне рэпарацыяў для Расеі глядзяць з гэтага гледзішча», – адзначае Аляксандр Фрыдман.

Пра гэта нядаўна выказаўся прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Ён падкрэсліў, што вайна не мусіць скончыцца прыніжэннем Расеі. Тут простая логіка: Расея зазнае паразу, будзе вымушаная прызнаць віну і плаціць грошы, у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве ў гэтай краіне нічога не палепшыцца. Новы расейскі ўрад, які б прызнаў віну і пагадзіўся на рэпарацыі, будзе асацыявацца з паразай і прыніжэннем для расейцаў, таму можа праіснаваць нядоўга. Да ўлады ў выніку прыйдуць рэваншысты, якія зноўку паспрабуюць зрабіць тое, што робіць сёння Пуцін, ці нават горшае.

Святкаванне Дня Перамогі ў Маскве, 9 траўня 2022 года.
Фота: Sergei Karpukhin / TASS / Forum

«Але памылка ў тым, што самае горшае ў Расеі ўжо здарылася. Псіхалагічна Расея сваю Вэрсальскую мірную дамову перажыла ў 1991 годзе з распадам Савецкага Саюзу. І якраз расейскі рэваншызм за тыя падзеі сёння прывёў Пуціна да вайны, якая можа перарасці ў Трэцюю сусветную. І дамова, якая можа быць заключаная пасля яе, хутчэй будзе капітуляцыяй 1945 года, а не мірным пагадненнем 1919 г. А пасля поўнай паразы ў 1945 годзе немцаў ужо ніхто не пытаў. Былі савецкая, французская, брытанская, амерыканская зоны акупацыі Нямеччыны, і рабілі яны там тое, што лічылі патрэбным – перавыхоўвалі нямецкае насельніцтва, якое было адказным за дзве сусветныя войны і страшныя злачынствы. Нямецкаму боку прыйшлося за ўсё заплаціць, хоць, згодна даследаванням, нямецкае грамадства гэтага не хацела рабіць», – распавядае Аляксандр Фрыдман.

Варта адзначыць, што шэраг кампенсацыяў, напрыклад, вязням лагераў, Нямеччына выплачвала на ўласнае жаданне. Часам такія памкненні мелі вельмі прагматычны характар: напрыклад, выплачванне рэпарацыяў Ізраілю паводле дамовы 1952 года. Такія крокі значна паляпшалі імідж і становішча Нямеччыны на міжнароднай арэне, а таксама стасункі з заходнімі краінамі ды ЗША. Нямеччына не ядравая краіна, і ў яе асаблівае стаўленне да ўласнай гісторыі. Таму яна выплачвае кампенсацыі за ахвяры нямецкага каланіяльнага панавання ў сучаснай Намібіі яшчэ да Першай сусветнай вайны. Апошнія рэпарацыі за Другую сусветную вайну Нямеччына выплаціла ў 2010 годзе.

«Можна толькі ўявіць, які жах чакае Еўропу, калі прынцып дамінацыі моцнага пераможа»

Украіна будзе падаваць усе магчымыя пазовы ў міжнародныя суды і інстанцыі супраць канкрэтных асобаў, палітычнага і вайсковага кіраўніцтва Расеі. Магчыма, яна зможа нешта атрымаць, напрыклад, з канфіскаванай расейскай маёмасці і замарожаных за мяжой расейскіх актываў. Гэтым будуць займацца амерыканскія, еўрапейскія суды і юрысты – таму на пэўны вынік будзе. Відавочна, што Расея будзе проста заваленая судовым пазовамі.

«Расея пакуль ігнаруе ААН, іншыя міжнародныя структуры. Яна імкнецца навязаць новы сусветны парадак, у якім будзе дамінаваць права моцнага. Я моцны, у мяне ёсць ядравая зброя, таму я магу рабіць усё што заўгодна: разбураць гарады, забіваць людзей. Таму цалкам слушна кажа і амерыканскі ўрад, і еўрапейцы: калі гэтыя прынцыпы перамогуць, калі Расея пераможа ва Украіне, то гэта стане будучыняй Еўропы. І можна толькі ўявіць, які жах чакае Еўропу, калі прынцып дамінацыі моцнага пераможа.

Hавiны
Чаму расейцы падтрымліваюць вайну ва Украіне. Тлумачыць незалежны сацыёлаг
2022.05.14 08:30

Адказаць на сённяшнія выклікі ў той сістэме, якая выбудаваная ў свеце, немагчыма, бо калі яна стваралася, ніхто нават уявіць не мог, што ў Еўропе можа адбыцца яшчэ адна буйная вайна. Пасля вайны ва Украіне адбудзецца пераасэнсаванне, чаму да такога дайшло і што трэба зрабіць, каб гэтага больш не паўтарылася. Цяпер жа, калі мы сутыкнуліся з такімі сур’ёзнымі выклікамі, прымаюцца палітычныя рашэнні, якія яшчэ два месяцы таму здаваліся немагчымымі», – адзначае эксперт.

Патрабаванняў да Расеі будзе шмат, іншая справа – дамагчыся іх выканання. Наступны расейскі ўрад будзе вымушаны вырашаць, што з гэтым рабіць.

«Расяянам, якія маюць палітычныя амбіцыі ў будучыні, трэба вывучаць гісторыю Нямеччыны ў ХХ стагоддзі. Магчыма, гэта будзе першы прэцэдэнт, калі дзяржава з ядравай зброяй вымушаная будзе плаціць. Калі зло і несправядлівасць будуць непакараныя, то мы будзем мець у будучыні новыя рэцыдывы», – адзначае наш суразмоўца.

Лукашэнка – не Франка

Беларусь прызналі краінай-суагрэсарам у гэтай вайне, паколькі яна дала сваю тэрыторыю для нападу на Украіну. Ці павінна яна будзе выплачваць рэпарацыі?

«Усё будзе залежаць ад Украіны. Пакуль не было агучана патрабаванняў наконт рэпарацыяў у дачыненні Беларусі. Ва Украіне ёсць дакладнае разуменне, што галоўны вораг сядзіць у Крамлі, з Лукашэнкам можна разабрацца пасля. Тэарэтычна да Беларусі могуць быць выстаўленыя патрабаванні. Яе ўдзел у агрэсіі задакументаваны», – кажа Аляксандр Фрыдман.

Паводле яго, усе рэжымы, якія актыўна падтрымлівалі немцаў падчас Другой сусветнай вайны, пасля краху нацыстаў зніклі. Было адно выключэнне: Іспанія часу Франка. Гітлер і Мусаліні дапамаглі Франка прыйсці да ўлады і ўсталяваць сваю дыктатуру. І ў Другой сусветнай вайне ад яго чакалі дапамогі. А Іспанія засталася нейтральнай краінай і не ўдзельнічала ў вайне. Франка, каб немцы ад яго адчапіліся, дазволіў нямецкім добраахвотнікам накіравацца на ўсходні фронт і ваяваць там. Але калі нацысты запатрабавалі выдаць ім іспанскіх габрэяў і такім чынам стаць суўдзельнікам забойства габрэйскага насельніцтва, Франка сказаў – не. Ён не быў упэўнены, што Нямеччына пераможа, і дзейнічаў вельмі асцярожна.

Корпус расейскай ракеты, усталяваны ў якасці помніку каля будынку Харкаўскай адміністрацыі. Харкаў, Украіна. 24 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Лукашэнка – такі Франка? Хутчэй не. Так, ён не накіраваў войскаў ва Украіну, але перакрочыў мяжу і стаў часткай вайны супраць Украіны. Ён даў тэрыторыю для расейцаў, працягвае падтрымліваць іх прапагандысцкі, лагістычна ды іншымі рэчамі.

Вядома, калі ў пэўны момант Лукашэнка перабяжыць на іншы бок і дыстанцуецца ад Расеі, то ён гіпатэтычна можа мець шанец вытаргаваць сабе штосьці. Але шмат будзе залежаць ад таго, як сябе будзе паводзіць украінскі бок», – падсумаваў эксперт.

Аналітыка
«Беларусь свайго лёсу ўжо не вызначае». Размова з гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам
2022.03.21 13:46

СП belsat.eu

Стужка навінаў