Міністр абароны Хрэнін – Захаду: На сілу будзем адказваць толькі сілай


Тактычную ядравую зброю, якую збіраюцца размясціць у Беларусі, зможа выкарыстоўваць беларускі бок. Апроч таго, з Захадам Менск будзе размаўляць з пазіцыі сілы. Аб гэтым заявіў міністр абароны РБ Віктар Хрэнін.

Віктар Хрэнін.
Фота: Ян Гарбанюк / «Ваяр»/ Telegram / modmilby

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін зрабіў 14 красавіка некалькі заяваў, звязаных з выкарыстаннем ядравай зброі і стасункамі з Захадам. Паводле генерала, у пытанні, хто зможа выкарыстоўваць тактычную ядравую зброю (ТЯЗ), трэба арыентавацца на словы Аляксандра Лукашэнкі падчас паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Паводле Хрэніна, Лукашэнка тады «вельмі выразна» адказаў на пытанне, ці толькі расейскі бок зможа прымяняць ядравую зброю. З гэтага можна зрабіць выснову, што Менск будзе мець ад Крамля паўнамоцтвы на выкарыстанне расейскай ТЯЗ, калі яна будзе размешчаная на тэрыторыі Беларусі.

«У нас падрыхтаваная тэхніка, самалёты, якія могуць несці ядравыя боепрыпасы, мы атрымалі сучасны комплекс «Іскандэр», які таксама здольны прымяняць ракеты з ядравымі боегалоўкамі. На наступным тыдні завершыцца падрыхтоўка адпаведнага падраздзялення ў Расеі, і яно вернецца да нас», – сказаў Віктар Хрэнін.

Таксама міністр абароны Беларусі прыгразіў краінам Захаду магчымасцю прымянення і стратэгічнай ядравай зброі: «Калі трэба, у нас будзе і стратэгічная ядравая зброя. І мы ўжо займаемся падрыхтоўкай пляцовак, якія існуюць у нас. І калі варожая рыторыка працягнецца, гэта будзе наступны крок. На сілу мы будзем адказваць толькі сілай. Па-іншаму на Захадзе не разумеюць».

«Белсат» паведамляў раней, што 31 сакавіка падчас звароту да беларускага народу і Нацыянальнага сходу Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў заявы Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядравай зброі, агучаныя 25 сакавіка. У сваім выступе Лукашэнка хваліўся ядравай зброяй так, нібы яна ўжо ёсць на тэрыторыі Беларусі і падпадае пад ягоны кантроль (а не будзе размешчаная пад кантролем Расеі не раней за лета, як казаў Пуцін).

Затым словы Лукашэнкі 3 красавіка пракаментаваў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, заклікаўшы арыентавацца на заявы расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна: раней ён заявіў, што Расея не перадае Беларусі сваёй ядравай зброі, а толькі размесціць яе на тэрыторыі нашай краіны. Што азначае, што кантроль над ёю будзе мець расейскі бок.

Заява Віктара Хрэніна прагучала пасля таго, як на сустрэчу да Лукашэнкі прылятаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Падчас сустрэчы Лукашэнка казаў, што Расея павінна абараняць Беларусь як сваю тэрыторыю. Пасля гэтага эксперты выказвалі меркаванне, што мелася на ўвазе або выкарыстанне ядравай зброі Расеяй, або наданне Менску паўнамоцтваў самому прымяняць ТЯЗ.

Агляд
Што такое тактычная ядравая зброя і чым яна адрозніваецца ад стратэгічнай
2023.04.12 08:00

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў