Маці Мікалая Лукашэнкі, Качанава і Баскаў. Каго менскія дэпутаты вылучаюць у сенатары?


Маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская, верагодна, увойдзе ў верхнюю палату парламенту – Савет Рэспублікі. Ейную кандыдатуру вылучыў 14 сакавіка Менскі гарадскі савет дэпутатаў. Даведаліся, каго яшчэ чыноўнікі хочуць бачыць сенатарамі.

Ірына Абельская.
Фота: sb.by

Усяго вылучаныя васьмёра кандыдатаў. Галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Ірына Абельская першая ў спісе, апублікаваным у «Беларусь сегодня».

За ёй – набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў. Цяпер ён кіруе прадстаўніцтвам ТАА «Акумулятарны Альянс», а раней узначальваў федэрацыю хакею Беларусі. Баскава падазраюць у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі.

Далей – Дзмітрый Жук, дырэктар і галоўны рэдактар установы адміністрацыі Лукашэнкі «Издательский дом «Беларусь сегодня».

Яшчэ ў спісе – дырэктарка менскай гімназіі № 13  Марына Ільіна і галоўны доктар Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага цэнтру Віктар Кандратовіч.

За імі – цяперашняя старшыня Савету Рэспублікі і нязменная прыхільніца Лукашэнкі Наталля Качанава.

Hавiны
Качанава перакананая, што Пуцін і Лукашэнка «выключныя палітыкі», а грамадзянам пашчасціла жыць пад іх началам
2022.07.20 21:26

Таксама ў сенатары вылучаюць дырэктара Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алега Румо і старшыню Сталай камісіі Савету Рэспублікі ў заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргея Сіўца.

Усяго ў Савеце Рэспублікі 64 сенатары, па восем з кожнай вобласці і Менску. Яшчэ васьмярых прызначае сам Лукашэнка. Паколькі ад Менску абраныя толькі васьмёра кандыдатаў, яны, відаць, і ўвойдуць у Савет Рэспублікі.

Чым займаецца Савет Рэспублікі?

Савет Рэспублікі можа прымаць або адхіляць законапраекты, што прымае ніжняя палата парламенту – Палата прадстаўнікоў. Прынамсі, паводле закону можа даваць згоду на прызначэнне прэзідэнтам генпракурора, кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю, кіраўніцтва Нацыянальнага банку.

Таксама курыруе працу мясцовых саветаў дэпутатаў і нават можа іх распусціць.

Сярод іншых кампетэнцыяў Савету Рэспублікі – ініцыяванне законаў.

Hавiны
Дэпутаты зацвердзілі пажыццёвыя гарантыі для Лукашэнкі і ягонай сям’і
2023.12.07 20:42

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў