Адкручвання гаек не будзе. Работнік МУС распавёў аб планах па барацьбе з «экстрэмістамі»


МУС расказала, як збіраецца змагацца з «экстрэмізмам і тэрарызмам у любых формах сваіх праяў» бліжэйшыя два гады. Міністэрства хоча «кантраляваць узровень грамадзянскай свядомасці і маральнай пазіцыі» беларусаў, а таксама «спыняць любую форму пранікнення дэструктыўных ідэй у свядомасць беларускага грамадства». Для беларусаў гэта азначае працяг рэпрэсіяў.

Сілавікі збіваюць мірных беларусаў.
Фота: Human Rights Watch

Планы раскрыў намеснік начальніка УУС Менскага аблвыканкаму Сяргей Карась. Ён лічыць, што сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Беларусі «складаная». Да таго ж, у 2024-2025 гадах Беларусь чакаюць «знакавыя і важныя» падзеі, адзначыў Карась, верагодна, маючы на ўвазе прэзідэнцкія «выбары».

«Экстрэмізм» і «тэрарызм» беларускія сілавікі разглядаюць як «рэальную пагрозу нацыянальнай бяспецы» і «выключную небяспеку», якое ставіць пад пагрозу нават «стабільна і паспяховае грамадства», падкрэслівае Карась.

Ён распавядае, што МУС плануе рабіць з «экстрэмістамі» і «тэрарыстамі». У 2021 годзе з’явіўся Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» і зʼявіліся пералікі людзей, арганізацый і фармаванняў, якія нібыта маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У Беларусі ўжо налічваецца 183 такія фармаванні і больш за 3,7 тысячы чалавек. Падобна на тое, спісы будуць папаўняцца, паколькі МУС нібыта фіксуе «радыкалізацыю экстрэмісцкага руху».

Тлумачыцца гэта тым, што беларусы ад «парушэння грамадскага парадку» перайшлі да «падрыхтоўкі і арганізацыі тэрактаў». Асаблівую ўвагу МУС надае палку Каліноўскага і нават размяшчае ў сябе на сайце лагатып аб’яднання. Карась таксама кажа, што заходнія краіны схіляюць Беларусь да вайны ва Украіне, але не ўзгадвае, што з тэрыторыі Беларусі пачаўся напад на Украіну.

Hавiны
Сілавікі сабралі ў людзей за данаты больш як $ 356 тыс. «добраахвотных ахвяраванняў»
2024.03.14 14:53

МУС збіраецца пільна сачыць за моладдзю і інтэрнэтам. З 2020 года ў «дэструктыўнай дзейнасці» МУС заўважыла больш за 130 студэнтаў і выкладчыкаў БНТУ, 89 – БДУІР, 65 – МДЛУ, 56 – БДУ, а таксама больш за 200 студэнтаў іншых беларускіх навучальных устаноў. МУС прапануе беларусам змагацца з непажаданымі ўладам поглядамі моладзі і «своечасова рэагаваць на дэвіянтныя паводзіны».

Што тычыцца інтэрнэту, падобна, працягнецца практыка блакавання і прызнання рэсурсаў «экстрэмісцкімі». МУС пахвалілася, што інфармацыйная прадукцыя больш за 600 інтэрнэт-рэсурсаў прызнаная «экстрэмісцкай», а з Беларусі немагчыма адкрыць 209 сайтаў.

У МУС лічаць, што ўсе праблемы ад таго , што «грамадства перажывае духоўна-маральны крызіс».

Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі, пра якія дае справаздачу МУС, не спыняюцца з 2020 года. Да 14 сакавіка 2024 года ў Беларусі 1412 чалавек прызнаныя палітвязнямі. Фактычна такіх людзей у разы болей, лічыць дарадца Святнаны Ціханоўскай Франак Вячорка. Сярод політвязняў можна знайсці шматдзетных маці; людзей, якія адны выхоўваюць дзяцей; святароў; пенсіянераў і цяжка хворых людзей.

Hавiны
Маліўся супраць гвалту: тры гады калоніі прысудзілі працаўніку Катэдральнага касцёлу Уладзіславу Беладзеду
2024.03.14 14:34

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў