Тэлеграм-канал, набліжаны да сілавікоў, паведаміў пра затрыманне блогера Віталя Усціновіча з Віцебску. З ім знялі «пакаяльнае відэа», у якім прымусілі заклікаць беларусаў ісці на выбары.
Блог Віталя Усціновіча мае каля 48 тысяч падпісчыкаў. Мужчына здымае ролікі пра кошты ў крамах, зімовую рыбалку і жыццё мястэчак у Віцебскай вобласці. За што затрымалі віцябляніна – дакладна не вядома, імаверна, за каментары.
На «пакаяльным відэа», размешчаным у тэлеграм-канале, набліжаным да сілавікоў, Віталь «прызнаецца», што пісаў абразлівыя каментары ў 2020 годзе. Напрыканцы відэа яго прымушаюць сказаць падпісантам, каб яны не пакідалі негатыўных каментароў пра ягонае затрыманне, бо тады яны «паедуць да яго ў ІЧУ», а таксама ён заклікае людзей ісці на выбары.
Для агітацыі ўдзелу ў выбарах у Беларусі выкарыстоўваюць не толькі ахвяраў рэпрэсіяў. Надоечы стала вядома, што прыйсці прагаласаваць актыўна заклікаюць сваіх прыхаджанаў святары Гарадзеншчыны.
Парламенцкія выбары адбудуцца ў Беларусі 25 лютага. Яны ўпершыню пройдуць у фармаце адзінага дня галасавання: беларусы будуць выбіраць адразу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu