«Хрысціянская візія»: у Беларусі выкарыстоўваюць святароў для агітацыі ўдзелу ў выбарах


Настаяцелі царкоўных прыходаў выступаюць на старонках рэгіянальных праўладных выданняў і заклікаюць вернікаў прыняць удзел у Адзіным дні галасавання, паведамляе «Хрысціянская візія».

Старшыня Іўеўскага райвыканкаму Ігар Генец правёў сустрэчу са святарамі.
Фота: ivyenews.by

У перадвыбарчай кампаніі ўдзельнічае духавенства Гарадзенскай вобласці. Пераважна праваслаўныя святары, аднак ёсць і адзін каталіцкі.

Публікацыя з загалоўкам «Айцец Георгій ідзе на выбары і заклікае да гэтага сваіх прыхаджанаў» з’явілася ў газеце Астравецкага райвыканкаму. Протаіерэй Георгій Савіцкі, настаяцель царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Астраўцы сцвярджае, што «на выбары трэба ісці абавязкова»:

«У кожнай суверэннай і незалежнай дзяржаве павінна быць моцная і дзейсная ўлада, якая можа і павінна клапаціцца пра сваіх грамадзянаў і абараняць іх у выпадку неабходнасці. А задача грамадзянаў – выбраць такую ўладу», – кажа святар.

Гэтае ж выданне прыводзіць словы Мікалая Уцякалкі, настаяцеля прыходу Святога прарока Іліі ў вёсцы Альхоўка і царквы свяціцеля Іаана Шанхайскага і Сан-Францыскага ў аграгарадку Варняны. Святар заявіў, што «ўдзел у выбарах – не толькі права, але і доўг кожнага грамадзяніна краіны».

«Не дарма кажуць: у кожнага народу тая ўлада, якую ён выбірае. Калі мы хочам жыць паводле справядлівых і мудрых законаў, то павінны выбраць у Адзіны дзень галасавання разумнага і сумленнага прадстаўніка ў парламент», – казаў святар.

«Паслухмянасць перад народам і дзяржавай» – такі загаловак мае публікацыя ў газеце «Светлы шлях» з заклікам да ўдзелу ў выбарах ад імя Анатоля Разановіча, настаяцеля царквы Праабражэння Гасподняга ў Смаргоні. Паводле святара, «прыйсці на выбары і прагаласаваць» – гэта абавязак.

Разбор
Каго «выбіраем», дзе і навошта? 10 пытанняў пра Адзіны дзень галасавання
2024.02.09 10:00

У падобным рэчышчы выказаўся і настаяцель царквы Новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі беларускай у Скідзелі Кірыл Блізнюк.

Каталіцкі святар, пробашч касцёлу Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Тракелях ксёндз Юрый Бяганскі ў інтэрв’ю «Лідскай газеце» распавёў, што, безумоўна, пойдзе на выбары.

«Я ўдзельнічаю ва ўсіх выбарах. Гэта мой абавязак, як і кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, да гэтага часу ў мяне ў памяці захаваліся прыемныя ўспаміны пра маё першае галасаванне: вельмі хвалюючы і ўрачысты момант. Годных людзей, якія могуць стаць народнымі абраннікамі і будуць працаваць на карысць краіны, нямала. І мы, калі выказваемся за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты, давяраем яму, падтрымліваем яго перадвыбарную праграму і ўпэўненыя ў яе рэалізацыі», – сказаў святар.

Аналітыка
Чым адзін адрозніваецца ад іншага? Пачалася агітацыя сярод праўладных кандыдатаў у дэпутаты
2024.01.31 20:03

Газета Іўеўскага раёну распавяла, што старшыня райвыканкаму Ігар Генец правёў сустрэчу са святарамі, на якой прамаўляў пра абавязак удзельнічаць у выбарах.

«Паказаць высокую яўку на фактычна безальтэрнатыўных фармальных выбарах, і такім чынам заявіць пра падтрыманне грамадствам палітыкі дзяржавы – ідэалагічная задача ўлады. Да яе выканання прыцягваюць нават духавенства, што супярэчыць афіцыйнай устаноўцы аб тым, што Царква не мусіць займацца палітыкай», – пракаментавала агляд публікацыяў раёнак «Хрысціянская візія».

Парламенцкія выбары адбудуцца ў Беларусі 25 лютага. Яны ўпершыню пройдуць у фармаце адзінага дня галасавання: беларусы будуць адразу выбіраць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў