Аляксандра Герасіменя: Поспех Ганны Гуськовай – медаль для вольнай Беларусі!


У эксклюзіўным інтэрв’ю «Белсату» кіраўніца Беларускага Фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя паведаміла, што ўважліва сачыла за выступам спартоўкі Ганны Гуськовай і вельмі ўсцешылася, калі ў яе атрымалася прызямленне.

Беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова на Алімпійскіх гульнях у Пекіне.
Фота: noc_belarus

Аляксандра Герасіменя адрэагавала на ўзнагароду беларускі на Алімпіядзе. Аляксандра падзялілася з «Белсатам» сваймі ўражаннямі.

«Я бачыла скачок Ані, відавочна, хвалявалася за яе. Вельмі ўсцешыліся ўсе ў нашым штабе. Гэта такая сімвалічная перамога для ўсіх сапраўдных беларусаў, таму што шмат хто шчыра заўзеў менавіта за Аню, і я ўпэўненая, што яна адчувала гэтую падтрымку вольнай Беларусі. Пагадзіцеся, нічога не бывае проста так. Значыць, гэты медаль быў патрэбны не толькі ёй, але і ўсім беларусам».

Аляксандра Герасіменя ў студыі «Белсату». 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: ЯП / Белсат

– Гуськову павіншавалі абодва Лукашэнкі. Але як ім і ўсім тым, хто падпісваўся за гвалт і беззаконне, цкаваў Мікалая Казеку ды Аляксандру Раманоўскую ставіцца да поспеху той, хто не падтрымаў афіцыйныя вынікі выбараў прэзідэнта і больш не жадае жыць мінулым?

– Я думаю, што знойдуць спосаб, як прымазацца да гэтага медаля і перакруціць усё так, што яно, гэтае срэбра, заваяванае толькі дзякуючы таму, што ёсць у нас адзін галоўны чалавек, які вучыў, які настаўляў і казаў, як трэба правільна рабіць. І толькі яму павінныя быць удзячныя. У нас, калі медаль, то толькі так. На самой справе я вельмі шчыра цешуся за Аню. І раней заўсёды заўзела за дзяўчатак-фрыстайлістак. Самыя шчырыя словы віншавання і Мікалаю Казеку, таму што я ведаю, што гэта ягоная ў першую чаргу вялізная праца, у якую ён укладаў не толькі свой розум, але і досвед, і душу! Таму гэтая ўзнагарода чалавека, якія верным сваім прынцыпам, сваёй краіне і свайму народу.

– Зараз усе заўзеем за яшчэ адную Аню – Ганну Сола…

– Я, як і ўсе спартоўцы, не магу прагназаваць. Мы можам толькі меркаваць, але Бог бачыць лепей у каго павінен быць медаль. Але я верыла і веру, што дзяўчаты могуць, і Аня сваім чацвёртым месцам у пераследзе, стартуючы з 26-й пазіцыі, даказала, што можа. Калі штосьці не адразу атрымалася ад пачатку, то гэта не значыць, што так будзе на працягу ўсёй Алімпіяды. Усе тыя дабро і святло, якія вылучае Аня Сола, можа праявіцца ў самай апошняй гонцы, на самых апошніх метрах, секундах. І я ўпэўненая, што моц нашай падтрымкі дапаможа ёй паказаць свой максімум.

Двухразовую прызёрку Алімпіяд павіншавала і Святлана Ціханоўская:

«Я шчыра віншую Аню з гэтым цудоўным поспехам і шчыра зычу, каб наперадзе ў яе было яшчэ шмат такіх упэўненых выступаў і сумленна заваяваных узнагародаў. Усім нам патрэбная краіна, у якой будзе важны кожны беларус у не залежнасці ад таго, ці выйграў ён медаль, ці не, лаяльны ён да ўраду, ці не, і наколькі ён шчыры перад сабою і заўзятарамі, ці гаворыць ён усё тое, што думае. Мы будуем такую краіну, у якой спорт сапраўды будзе незалежны ад палітыкаў», – сказала Святлана Ціханоўская.

Hавiны
У Беларусі другі медаль Алімпіяды. Ганна Гуськова – падпісантка ліста за сумленныя выбары
2022.02.14 15:41

Алесь Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў