«Мы вас не ведаем». Дык чый жа «McDonald’s»?

12 снежня Лукашэнка прапанаваў не саромецца, не цягнуць часу, і, чарговы раз, не звяртаць увагі на закон. Маўляў, калі ўласнікі нейкага прадпрыемства пастанавілі не працягваць дзейнасці на тэрыторыі Беларусі, дык мы іх тут больш і ведаць не хочам, а калі ў іх тут нешта засталося з уласнасці, значыць, цяпер яно нашае: трэба забраць і кіраваць.

«McDonald’s» на праспекце Незалежнасці ў Менску.
Фота: Белсат

Да легендарнага «адабраць і падзяліць» крышачку не хапіла.

Далей Лукашэнка пачаў сам сябе пераконваць, што няма ў такім сыходзе нічога страшнага: маўляў, і «Масквіч» ужо робяць дзесьці недалёка ад Крамля, і «Лада» паехала, і ў нас тут з былым «McDonald’s» усё ў шакаладзе. Людзі ходзяць, ядуць: цяпер ужо ў нашанскім фаст-фудзе.

Пры бліжэйшым разглядзе ўсё аказваецца зусім не так радасна.

На АЗЛК пакуль займаюцца буйнавузлавым зборам кітайскага кросоўвэра «JAC JS4». Каб не было зусім ужо сорамна, на яго будуць ляпіць шыльдачку «Масквіч 3». Такі спосаб імпартазамяшчэння беларусы памятаюць па маніторах «Гарызонт», яны ж «Acer».

Цэннік на маскоўскага кітайца стартуе ад $ 30 тыс., і ён беспасярэдні канкурэнт беларускім кітайцам, прадукцыі «БелДжы». Калі-небудзь на АЗЛК абавязкова дабʼюцца такой ступені лакалізацыі, каб аўтамабіль можна было назваць расейскім. Калі-небудзь гэта абавязкова адбудзецца.

З той жа «Ладаю» таксама дзіўная гісторыя. Дзеля захавання хоць нейкіх продажаў давялося пайсці на рэзкае зніжэнне дзяржаўных нарматыўна-тэхнічных патрабаванняў да аўтамабіляў як у Расеі, так і ў Беларусі. І нават пры гэтых умовах самая танная мадэль усё роўна стартуе ад $ 13 тыс.

Гэта можна назваць поспехам? Узяць за прыклад?

Пакуль без замежнікаў атрымліваецца горш і даражэй. Насельніцтва такім аўтанавінам радуецца вельмі стрымана, у адрозненне ад дзяржаўных прапагандыстаў.

Але вернемся да нашага / не нашага «McDonald’s».

Загадкавая гісторыя, годная пяра Артура Конан Дойла.

Сам амерыканскі брэнд шчасна вынес ногі ў бок больш прадказальных і менш агрэсіўных тэрыторыяў.

Аляксандр Говар, уласнік расейскага спадчынніка, брэнду «Вкусно – и точка», пры пытаннях пра планы ў Беларусі хрысціцца, махае рукамі і сцвярджае, што «памылка выйшла», маўляў, я не збіраўся, здалося вам, дарагія дружалюбныя беларусы.

Асірацелая беларуская сетка працуе пад новым (вельмі сціплым) брэндам «КСБ Віктары», што расшыфроўваецца як Кайрат Саветаевіч Баранбаеў. Менавіта так завуць уласніка беларускіх рэстаранаў сеткі. Пра продаж установаў Кайратам Саветаевічам каму-кольвек з беларусаў не паведамлялі.

Дый цяжка было б уявіць такую ўгоду – казахскі прадпрымальнік цяпер у СІЗА паводле абвінавачання ў буйным крадзяжы дзяржаўных сродкаў, і на ўгоды з ягонаю маёмасцю відавочна накладзеныя абмежаванні з боку казахскіх праваахоўных органаў.

Праўда, валодае Кайрат Баранбаеў беларускімі рэстаранамі не наўпрост, а праз уласную кампанію ў адной з азіяцкіх краінаў, так што мог і праскочыць продаж, незнарок.

І інфармацыя, агучаная Лукашэнкам, што цяпер гэта «нашае прадпрыемства», цалкам можа аказацца праўдаю. Пагатоў адно з беларускіх выданняў сцвярджае: «займацца «McDonald’s» даверылі Аляксею Алексіну, набліжанаму да трону прадпрымальніку.

Арцём Чайка і Аляксей Алексін на байк-фэсце ў Варонежы.
Фота: riavrn.ru

Калі такі пераход кіравання сапраўды адбыўся, то пацярпела ніяк не заакіянская сетка, а казахскі сядзелец. Ці другі варыянт: высокія бакі здзейснілі сумленную ўгоду – і пацярпелых няма. Крыкі ж Лукашэнкі пра дрэнных чужаземных інвестарах трэба ўспрымаць у рэжыме «сабака брэша – вецер носіць».

Можна забраць (або купіць) сетку прыгожых рэстаранаў коштам больш за $ 50 млн. Можна нават паспрабаваць нейкі час падтрымліваць узровень якасці, чысціні, сэрвісу і ўсмешак. Натрэнаваны замежнікамі менеджмент пакуль яшчэ на месцы, і гэтыя навыкі забудуцца не хутка. Але ці сталі ад гэтага рэстараны «нашымі»?

Алексін вядомы гандлем нафтапрадуктамі і спробамі манапалізаваць розныя сектары тытунёвага рынку. Сапраўды, прадпрымальніцкіх поспехаў, а тым больш на надзвычай складаным, развітым і тэхналагічным рынку фаст-фуду за ім не назіралася.

Ёсць сёе-тое, што яднае расейскую «Ладу» і беларускі «McDonald’s». Больш за 50 гадоў таму італьянцы пабудавалі аўтазавод у Тальяці. Ён быў цалкам сучасны для свайго часу, і мадэль «Fiat 125», што сталася ў СССР «капейкаю», таксама выглядала вельмі годна. Але італьянцы, завяршыўшы праект, сышлі, а застаўся наш, савецкі менеджмент заводу, які працаваў па замежных лякалах, эксплуатаваў спадчыну заснавальнікаў дзясяткі гадоў, не ствараючы нічога новага і паступова адстаючы ад «Захаду, што загнівае». Якасць падала, аднак галодны савецкі спажывец «браў што даюць», перабіраючы, падфарбоўваючы і падкручваючы ў гаражах. Паступова італьянскі «Fiat» зрабіўся нашым «Жыгулём».

І «КБС Віктары», нягледзячы на магчымую змену ўласніка, – усё яшчэ вельмі замежны рэстаран, гэта не вытруціць за адзін дзень, месяц, нават, магчыма, за год. Ёсць на гэта надзея.

Пра тое, што ён стаўся сапраўды «нашым», вы даведаецеся тады, калі ў ім пачнуць знікаць харчы, мяняцца якасць, і ўсмешкі супрацоўнікаў стануць крыху вужэйшыя, а потым і знікнуць зусім.

Калі вам прапануюць не вырабляцца і «есці, што даюць». А вашая нязгода і нават некаторая незадаволенасць будзе ацэньвацца згодна са свежымі артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Вось тады ён сапраўды стане «нашым».

Аляксандр Кныровіч /ІР belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў