Лукашэнка пра McDonald’s у Беларусі: Гэта ўжо наша прадпрыемства


«Сышлі гаспадары – да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не жадаеце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізавана», – такім чынам Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вырашаць пытанні з уласнасцю замежных уласнікаў і інвестараў, якія сыходзяць з беларускага рынку з-за вайны ва Украіне. Аб гэтым паведамляе БелТА. 

«МакДоналдс» на Кастрычніцкай плошчы. Фота мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 12 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка даў распараджэнні, што і як рабіць з пакінутымі замежнікамі прадпрыемствамі. Адпаведныя ўказанні ён даў пры разглядзе кадравых пытанняў 12 снежня ў Менску.

«Прадпрыемствы, якія былі заснаваны замежным інвестарам або прыватызаваны і замежны інвестар атрымаў гэтыя прадпрыемствы, а сёння (гэта ў асноўным з недружалюбных краін і іншых) пайшлі, – памахайце ім рукой, перахрысціцеся, што яны пакінулі вам уласнасць», – пракаментаваў Лукашэнка сітуацыю з сыходам брэндаў з Беларусі.

Лукашэнка назваў сітуацыю з «McDonald’s» у Беларусі ўзорнай: «Я ж вам на прыкладзе «McDonald’s» гэта гаварыў. Працаваў і працуе. І людзі прыходзяць. І прадукцыю вырабляюць нармальную. Але гэта наша ўжо прадпрыемства. Не захацелі працаваць – ну, як хочаце. Нашы людзі не дурнейшыя, каб, як я казаў, гэтую булачку разрэзаць і ўпіхнуць туды лісце салаты або кавалак каўбасы».

Лукашэнка адзначыў як дасягненне сітуацыю, калі сусветныя брэнды сыходзяць, але маёмасць пакідаюць: «Усё ж засталося. Яны ж з сабой нічога не забралі. Але калі б забралі, то я б паздымаў галовы з адказных людзей. Ніхто нічога не павінен забраць. Вы не павінны гэтага дапусціць».

Размова пра замежную ўласнасць зайшла пры ўзгадненні кандыдатуры Дзмітрыя Шабетніка на пасаду старшыні Светлагорскага райвыканкаму. Шабетнік згадаў аб заводзе зварачных электродаў, які пакуль прыпыніў працу з-за сыходу ўкраінскіх інвестараў. Па яго словах, завод гатовы да працы, але вырашаецца пытанне змены ўласніка. «Думаю, што ў наступным годзе ён пачне працаваць, калі планы па змене ўласніка рэалізуюцца», – сказаў чыноўнік.

За перапынак у працы згаданага заводу Лукашэнка выгаварыў кіраўніку сваёй адміністрацыі і прэмʼер-міністру, назваўшы сітуацыю прыкладам «неўтаймаванай цяганіны і бюракратызму»: «Якую змену ўласніка? Я вам даў указанне: сышлі гаспадары – да пабачэння, мы вас не ведаем, вы нас ведаць не жадаеце. З гэтага моманту прадпрыемства нацыяналізавана. Што мы яшчэ чакаем, якой змены ўласніка, і як мы будзем вырашаць пытанне ва ўрадзе па паўгода – па годзе?!»

Лукашэнка даручыў Шабетніку асабіста заняцца прадпрыемстваў і заявіў, што ўрад павінен даць адказ да канца года: «Яны вам адказ дадуць. Думаю, пасля сённяшняга яны вам да Новага года памяняюць уласніка».

Усплыла падчас нарады і сітуацыя з прадпрыемствам «ІКЕА». «Ах, »ІКЕА«!.. Да спаткання! Мы гэтыя зэдлічкі, крэслы і іншае зробім. Ці дэталі для ложкаў. Яны ж у асноўным дэталі для кухні, для ложкаў, мэблі рабілі. Што, мы не можам зрабіць? Тым больш яны ж нічога не забралі і людзі засталіся. Пайшоў гаспадар – ну і ідзі. На рынку попыт прыстойны, на тым жа рынку ў Расеі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка лічыць, што прычыны сыходу замежных інвестараў, уласнікаў і брэндаў не ў санкцыях і пагаршэнні эканамічных умоў, а ў іх несамастойнасці: «Хтосьці там прыйшоў-сышоў… Добра. Яны ўклаліся туды, тэхналогіі прывезлі, тая ж «ІКЕА» ці ўкраінцы (выраблялі электроды), абсталяванне прывезлі. Яны інвеставалі. Чыста палітычны момант: ім сказалі «Сыходзьце»– яны сышлі. Да спаткання. А вось вернем мы іх назад ці не – пытанне».

Чытайце па тэме:

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў