Як не саступіць у «барацьбе пакутаў» і працягваць гнуць сваю лінію?

Учора мне пашчасціла пабываць у Вене на кніжным кірмашы, прычым не толькі ў якасці цікаўнай наведніцы, але і выступоўцы. Разам з філосафкай і актывісткай Вольгай Шпарагай, а таксама пісьменнікам і журналістам Марцінам Полакам мы адказвалі на літаратурныя і палітычныя пытанні.

Вольга Шпарага, Марцін Полак, Віка Біран. Фота перададзенае рэдакцыі

Зрэшты, нягледзячы на літаратурную тэматыку падзеі, пытанняў чыста палітычных ад мадэратара ўсё роўна паступала болей. Напрыклад, ці ёсць Лукашэнка марыянеткай Пуціна, як расейская вайна ва Украіне паўплывала на Беларусь і г. д. І калі падчас выступу я хутчэй думала пра тое, як падабраць дакладныя нямецкія словы і не рабіць занадта доўгіх паўзаў, то на наступны дзень мяне «дагнала» – а чаму, уласна, пытанняў пра Лукашэнку было значна болей, чым пра маю будучую кнігу? У які момант мая ідэнтычнасць беларускі пачала рабіць з мяне палітычнага аналітыка? Ці ёсць магчымасць гэтаму супрацьстаяць?

Упэўненая, гэтая праблема закранае шмат каго з тых нас, хто калі-небудзь рэпрэзентаваў беларускі парадак дня на літаратурных, тэатральных, кіношных ці іншых падзеях. Дзе праходзіць тая залатая сярэдзіна, каб, з аднаго боку, не ператварацца ў небараку, чыя творчасць цікавая заходняй аўдыторыі толькі таму, што яна ствараецца на падставе рэпрэсіўнай і траўмавальнай палітычнай рэчаіснасці (або флэшбэкаў у гэтую рэчаіснасць), а з другога боку – каб не адмаўляць, што ў гэтай рэчаіснасці сапраўды менш прывілеяў і бяспекі і трэба шмат намаганняў, каб заставацца функцыянальнай там?

У журналістыцы існуе такі панятак, як «траўма-порна». Яно характарызуе эфект перакручанага задавальнення ў назіранні за пакутамі іншых людзей і звядзення ідэнтычнасці гэтых людзей пераважна толькі да гэтай пакуты (абʼектывацыя). Я адчула ўздзеянне эфекту траўма-порна, калі мяне запрасілі распавесці, як складваецца маё новае жыццё на эміграцыі. Мая гісторыя недастаткова драматычная, і мне нават было за гэта трошкі няёмка: у мяне ёсць вучоба, праца, сяброўкі, я займаюся творчасцю, мне ёсць дзе жыць і што есці… Пра свой боль са сцэны казаць няма ніякага жадання – пра яго можна напісаць ці абмеркаваць на тэрапіі.

Аднак раз ужо трапіў мікрафон у рукі, можна скарыстацца гэтай сітуацыяй і гаварыць не пра дакучлівага Лукашэнку – і тым самым падпарадкоўвацца перспектыве ўлады і «вялікай палітыкі», – але гаварыць пра іншыя рэчы. Пра тое, напрыклад, як бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі забралі сілавікі толькі за тое, што яны – бацькі свайго дзіцяці, якое не маўчыць і выказваецца ў медыях. Або пра рэдактара Аляксандра Манцэвіча, чыя газета змяшчала звесткі пра выставы ў краязнаўчым музеі і цэны на прадукты на мясцовым рынку, і за гэта ён трапіў за краты на чатыры гады. Або пра Марыю Калеснікаву, якая выдатна магла сабе жыць у Нямеччыне і далей развіваць сваю паспяховую музычную карʼеру. Ці Жэню Рубашку, які мог бы выбраць спакойнае жыццё айцішніка ў Галандыі… Усе гэтыя людзі зрабілі свой, іншы выбар, і ў гэты момант не важна, якая тэма ў медыях ёсць больш «трэндавай», – давайце працягваць гаварыць пра Беларусь, калі яшчэ засталіся сілачкі, бо гэтыя людзі – сумленныя, шчырыя, маральны арыенцір, героі, і кожны дзень яны працягваюць марнавацца за кратамі і змагацца за сваё жыццё ды здароўе, і таму мы таксама абавязаныя змагацца за іх.

Вы, напэўна, чулі пра гэты прыёмчык – ад непрыемнага пытання заўсёды можна ўхіліцца, перафармуляваць яго на свой лад: «калі дазволіце, я б хацела асвятліць яшчэ адзін аспект…», «безумоўна, гэта важная праблема, аднак…» і гэтак далей. Падзеяў на тэму Беларусі становіцца ўсё меней. Жорсткая інфармацыйная канкурэнцыя і «барацьба пакутаў» – гэта тое, з чым варта лічыцца і чаго не варта адмаўляць, нават калі нас гэта катэгарычна не задавальняе. Да арганізацыі гэтых падзеяў хтосьці прыклаў істотныя намаганні. За гэтым стаяць нашыя хаўруснікі ды сябры. Таму выдыхаем, бярэм мікрафон у рукі – і ідзем распавядаць пра палітвязняў, нават калі нас пытаюцца пра Лукашэнку і Пуціна.

Разбор
Сілавікі ідуць паводле алфавіту. Навошта ўладам спатрэбіліся беларускія медыяперсоны?
2023.11.09 17:29

Здымак вокладкі: «Белсат»

Віка Біран / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў