Пра свой досвед расказваюць пяць жанчын, хворых на рак. У Беластоку прадставілі дакументальны фотапраект


Шырокай публіцы свае гісторыі пагадзіліся прадэманстраваць тры журналісткі – Кацярына Ваданосава, Кацярына Пытлева і Алена. Прэзентацыя праекту была ў кастрычніку ў Вільні, а з першым выездам выстава была ў польскім Беластоку, дзе яе і наведаў журналіст «Белсату».

Рэалізацыяй праекту займалася Ірына Новік, журналістка, рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life.

Журналістка Ірына Новік.
Фота: Белсат

– Мне вельмі цікавыя жаночыя лёсы, 90 % асобаў, пра якіх я пішу, жанчыны. Мне падаецца, у нашых медыях малавата жанчын. Яшчэ адна прычына – я сама сутыкнулася з даволі сур’ёзнай хваробай, таксама пасля таго, як зʼехала з Беларусі. Ведаю, як цяжка пра гэта гаварыць, як цяжка гэта тлумачыць, як цяжка гэта пражываць – і як важна падзяліцца, зразумець, што ты не адна ў гэтай сітуацыі, што іншыя перажываюць такое ж. Што да некага можна звярнуцца па параду і падтрыманне. І зразумець, што табе не горш за ўсіх. Гэта вельмі важна, падзяліцца, – кажа Ірына.

Куратарка праекту адзначае, што хоча паказаць гісторыі беларусак для максімальнай колькасці людзей. Яна распавядае, што праект «Пра рак – гісторыя беларусак» рабілі разам з НДА і ініцыятывай «Лекары за праўду і справядлівасць», заснаванай беларускімі дактарамі ў Вільні.

Фотапраект «Пра рак – гісторыя беларусак».
Фота: Белсат

– Уласна праз гісторыі гэтых дзяўчат хацелася расказаць, як людзі пражываюць рак. Дзяўчаты, якія сталі гераінямі праекту – гэта беларускія журналісткі: Каця Пытлева, дырэктарка «Маланкі»; Каця Ваданосава, тэлевядоўца «Белсату»; Лена, якая мае да медыяў пэўнае дачыненне. Вельмі мне хацелася паказаць рак грудзей не як хваробу, не як нешта фатальнае, што ставіць кропкі ў жыцці, а як частку жыцця, выпрабаванне. Як людзі праходзяць праз нейкія іспыты, складанасці. Як захварэлыя людзі могуць захаваць сябе, знайсці новыя рысы, знайсці новых сяброў, знайсці падтрыманне і прайсці праз гэта, – адзначае Ірына.

Журналістка кажа, што рак грудзей – гісторыя не ўнікальная, і цяпер, дзякуючы дыягностыцы, вельмі шмат у каго знаходзяць такую хваробу. Каля 10 % жанчын у свеце хварэюць цяпер на рак грудзі.

– Але гісторыі беларусак унікальныя тым, што, апроч цяжару хваробы, на плечы гэтых дзяўчат зваліўся яшчэ цяжар эміграцыі. Яны адарваныя ад Радзімы, ад свайго дому, ад сямʼі. Бываюць складанасці з доступам да бясплатнай медыцыны. Вось у гэтым унікальнасць, у гэтым высокая маральная стойкасць, якую і хацелася паказаць. Беларускія жанчыны, якія бралі ўдзел у пратэсце, праз свае лёсы і целы нясуць далей гэты цяжар, – распавядае нашая суразмоўца.

Яна ўзгадвае словы доктара Валера Астапенкі: быць жанчынай – гэта ўжо чыннік рызыкі, бо жанчыны прыкладна ў сто разоў часцей хварэюць на рак малочнай залозы, чым мужчыны.

– Маёй задачай было знайсці гераінь, паспрабаваць разгаварыць іх, практычна залезці пад скуру з вельмі інтымнымі пытаннямі, каб як мага бліжэй падвесці да іх чытача, каб гэта можна было не толькі чытаць і адчуваць. Дарэчы, адна з гераінь засталася жыць у Беларусі, – кажа Ірына.

Фотапраект «Пра рак – гісторыя беларусак».
Фота: Белсат

Каця Пытлева, праграмная дырэктарка «Маланка-Медыя» і адна з гераінь фотапраекту, кажа:

– Калі ў жыццё прыходзіць рак, гэта мяняе прыкладна ўсё. Хтосьці можа ставіцца да праяваў хваробы больш спакойна, іншых накрывае трывожнасцю ажно да прыступаў панікі. У мяне таксама так было, і пра гэта таксама важна казаць. Калі чалавек з гэтым сутыкаецца і не ведае, што гэта, такое перанесці ў разы цяжэй», – адзначае Кацярына Пытлева.

Іншая Кацярына – Ваданосава – жыве ў Беластоку. Яна таксама пагадзілася распавесці сваю гісторыю.

– Аднаго разу мне было настолькі балюча, што не магла нават уздыхнуць. І такое адчуванне, што я зараз памру, што я проста распадаюся. І я не магу нават нікога паклікаць, бо не маю сілаў ні закрычаць, ні штосьці сказаць. Было адчуванне, што я паміраю. Так, страшнавата, канечне. Нават не ад таго, што я зараз памру, а ад таго, як гэта будзе для іншых. Вось зараз прыйдзе муж з крамы, а я тут валяюся. І што са мной рабіць у чужой краіне?» – дзеліцца Кацярына Ваданосава.

Ірына Новік кажа, што гэты праект яшчэ і адукацыйны. Дзякуючы яму можна зразумець, што важна заняцца сваім здароўем, схадзіць да доктара, праверыцца. Ніякай гарантыі няма, але важна даведацца пра хваробу як мага раней, каб пачаць яе лячыць. Ірына спадзяецца, што праект удасца паказаць у тых месцах, дзе цяпер жывуць беларусы, што гэтую выставу пабачаць у многіх дыяспарах. Спачатку яе пакажуць у некалькіх гарадах Польшчы і Літвы, а пазней – у Італіі і Швецыі.

Трэба пагаварыць
Як сястра Рамана Бандарэнкі пераадолела боль
2022.11.13 12:00

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў