Колькасць ахвяраў ад наваднення ў Лівіі дасягнула 7 тысячаў чалавек


Колькасць ахвяраў наваднення ў Лівіі, выкліканага штормам, дасягнула 7 тысячаў чалавек. Аб гэтым паведаміў прадстаўнік лівійскага парламенту Абдала Бельхак.

Наступствы паводкі ў горадзе Дэрна, Лівія. 12 верасня 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Выступаючы на канале Al-Qahera News, Абдала Бельхак адзначыў, што «тысячы целаў яшчэ знаходзяцца на гарадскіх вуліцах або ў моры, і ў нас пакуль няма магчымасці іх пахаваць».

Як паведамляюць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя Лівіі, колькасць ахвяраў патэнцыйна можа дасягнуць 10 тысячаў.

Паводле словаў прадстаўніка Чырвонага Паўмесяца, станам на сярэдзіну дня серады арганізацыя зафіксавала больш за 9 тысячаў заяваў аб людзях, зніклых без вестак.

Мясцовым уладам прыходзіцца хаваць загінулых у агульных магілах, нават без ідэнтыфікацыі, каб пазбегнуць распаўсюджання эпідэміі.

Нагадаем, што ў выніку шторму, які ўсчаўся на паўночным усходзе Лівіі 10 верасня, была разбураная дамба, і вадой былі змытыя цэлыя кварталы разам з жыхарамі горада Дэрна. У выніку горад апынуўся адрэзаным ад свету: тут няма ні інтэрнэту, ні электрычнасці. Акрамя Дэрны, таксама пацярпелі гарады Бэнгазі, Суса і Аль-Мадж на ўсходзе краіны. Улады на ўсходзе Лівіі ўвялі каменданцкую гадзіну.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў