Беларусь паскардзілася ў Генасамблею ААН на санкцыі і «палітычны ціск»


Скардзяцца ў Генеральную асамблею той самай ААН, у якой адмысловая група з ухвалення Рады па правах чалавека расследуе гвалт пасля выбараў у Беларусі.

Анатоль Ісачанка.
Фота: zhodinonews.by

Намеснік старшыні Савету Рэспублікі Анатоль Ісачанка выслаў на адрас Генеральнай Асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў заяву адносна «эканамічнага і палітычнага ціску на Беларусь», піша БелТА.

Ісачанка – нацыянальны каардынатар у дасягненні Мэтаў устойлівага развіцця (праграмы Генасамблеі ААН). Ён заявіў, што Беларусь выконвае свае абавязкі ў рэалізацыі Мэтаў, што ў дзейнасць уцягнутыя як дзяржава, так і грамадзянская супольнасць, што рэспубліка мае істотны прагрэс у дасягненні Мэтаў.

Ён, згадаўшы страты ў Другой сусветнай вайне, заявіў, што Беларусь прытрымліваецца палітыкі неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў. А Злучаныя Штаты і краіны Еўразвязу вядуць «мэтанакіраваную кампанію палітычнага і эканамічнага ціску», таму дасягненне Мэтаў пад пагрозай.

Аналітыка
Дамоклаў меч «іранскага фармату». Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.11 09:00

«Аднабаковыя абмежавальныя меры ў выглядзе недапушчэння вырабленых у Беларусі тавараў на еўрапейскі рынак, забароны заходніх дзяржаваў на пералёты беларускіх перавознікаў над сваёй тэрыторыяй, эскалацыя міграцыйнага крызісу на беларуска-літоўскай мяжы ў цяперашні час набываюць катастрафічныя перспектывы», – заяўляе Ісачанка.

Паводле яго, умяшальніцтва ў беларускія справы парушае Дэкларацыю прынцыпаў міжнароднага права, а ўжываць санкцыі «не можа ніводная дзяржава». Ён таксама наракаў, што «сотні зваротаў працоўных калектываў» супраць санкцыяў ігнаруюцца Еўразвязам.

Hавiны
«Сістэма накіраваная на ўзмацненне жорсткасці». Што ў Радзе па правах чалавека ААН сказалі пра Беларусь
2021.07.05 21:34

Рада ААН па правах чалавека ў сакавіку ўхваліла стварэнне групы ў расследаванні падзеяў у Беларусі пасля выбараў 2020 года, жорсткага здушэння мірных пратэстаў. Яшчэ ў мінулым верасні ААН мела звесткі пра амаль паўтысячы дакументальна зафіксаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі ў Беларусі, а беларускія праваабаронцы потым прысылалі і новыя звесткі. Катаванні ў Беларусі расследуе таксама АБСЕ.

АА belsat.eu

Стужка навінаў