Перамяшчэнне ядравай зброі ў Беларусь дапаможа пазбыцца расейскага ўплыву?

Мы, беларусы, не жыхары мірнага кавалка зямлі ў цэнтры Еўропы. Мы – жыхары франціру Еўропы.

Францір у палітычнай тэорыі ЗША – гэта мяжа паміж самымі заходнімі штатамі і мясцовымі плямёнамі ў перыяд каланізацыі. Францір – значыць мяжа. У нашым выпадку – мяжа цывілізацыі з непрыязным і непрадказальным суседам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Мы жывём там, дзе Еўропа заканчваецца. З 1795 года нашыя землі застаюцца пад эфектыўным кантролем Расейскай імперыі. Гэта апошнія 220 гадоў з невялікімі перапынкамі.

Калі Расея захапіла ўсход Рэчы Паспалітай, францір заходняй цывілізацыі прайшоў на ўсходняй мяжы Расейскай імперыі. Увесь гэты час яна праводзіла сістэмную і планамерную працу дзеля каланізацыі, сцірання нацыянальнай ідэнтычнасці і русіфікацыі беларусаў на захопленых землях.

Увесь гэты час, больш за дзвесце гадоў, беларусы не спынялі спробаў вызвалення. Праз 35 гадоў пасля анексіі – лістападаўскае паўстанне 1830 года, затым праз 30 гадоў – паўстанне Каліноўскага ў 1863 годзе. Праз 55 гадоў, у 1918-м, была абвешчаная першая беларуская рэспубліка – БНР. Спадчынніца Расейскай імперыі, савецкая Расея, падавіла гэтую спробу беларусаў вызваліцца ад расейскага каланіялізму.

Пасля 1920 года францір Еўропы прайшоў на лініі падзелу Усходняй і Заходняй Беларусі. Мяжа заставалася там без зменаў да 1939 года, калі расейцы зноў рушылі на захад і захапілі Заходнюю Беларусь і Польшчу.

У выніку Другой сусветнай вайны ўжо нашмат больш земляў Усходняй Еўропы былі занятыя расейскімі войскамі. Францір Еўропы і акупаваных не Еўропай тэрыторыяў быў пракладзены ўжо на 900 км на захад – на лініі, што падзяляе заходнюю і ўсходнюю Нямеччыну.

Праз 45 гадоў расейскія войскі пакідалі Усходнюю Еўропу. Прайграная Расеяй вайна ў Афганістане і распад СССР, што адбыўся пасля, стварылі магчымасць для беларусаў вызваліцца ад расейскага ўплыву. Была абвешчаная сучасная Рэспубліка Беларусь. Францір еўрапейскай цывілізацыі перасунуўся з цэнтру Берліну на 1400 кіламетраў на ўсход, на заходнюю мяжу Расеі.

Пасля 200 гадоў кантролю беларускіх земляў Расея не хацела страчваць свайго палітычнага ўплыву і дамаглася ўтрымання ва ўладзе ў Беларусі палітыка, максімальна да яе лаяльнага. Лаяльнага настолькі, што дзеля ўтрымання сваёй улады ён зрабіў залежнасць Беларусі ад Расеі больш падобнай да пазіцыі сярэднявечнага васала. Праз год пасля прыходу да ўлады Лукашэнка фальсіфікуе рэферэндум 1995-га, якім адкрывае беларускую мяжу для расейскага войска.

Францір еўрапейскай цывілізацыі зноў перамясціўся на 550 кіламетраў на захад – з усходняй мяжы Беларусі на заходнюю. Гэтым разам зрух прайшоў гібрыдна і таму малапрыкметна. Фармальна Беларусь як была, так і заставалася незалежнай, кіраўнік нават не змяніўся. Ключавымі момантамі размыцця суверэнітэту можна назваць стварэнне гэтак званай Саюзнай дзяржавы і зняцце мяжы з РФ.

Праз гэтую размытасць у беларускай палітычнай думцы дагэтуль існуе памылковы наратыў: рабіць што-небудзь дзеля таго, каб «Беларусь не страціла суверэнітэту» – хоць немагчыма страціць тое, чаго ўжо няма.

На нашую думку, памылковым і шкодным ёсць пашыраны наратыў, што «Беларусі лепш не ўваходзіць у саюзы з ЕЗ або з РФ, а быць нейтральнай, як Швейцарыя». Пад гэтым маецца на ўвазе, нібыта нашая краіна будзе атрымліваць выгады ад узаемадзеяння з іншымі і не несці ніякіх абавязанняў. Магчыма, гэта было б слушна, калі б мы насамрэч былі ў цэнтры Еўропы, аточаныя сучаснымі еўрапейскімі дзяржавамі, якія паводзяцца як неагрэсіўныя гандлёвыя партнёры. Але мы месцімся не ў цэнтры цывілізацыі, а на яе франціры. Адзіны гулец, якому можа быць выгадны распаўсюд тэзісу «Беларусі лепш захоўваць нейтралітэт за межамі Еўропы» – гэта Расея. Акурат такі тэзіс Расея спрабавала прасоўваць, патрабуючы ад Украіны не ўваходзіць у ЕЗ і NATO. У Беларусі ёсць толькі два варыянты: або быць часткай свабоднай Еўропы – або заставацца калоніяй Расеі.

Дык што ж рабіць?

Для адказу на гэтае пытанне, па-першае, трэба прызнаць, што немагчыма вызваліць Беларусь толькі знутры і толькі сваімі сіламі. Паколькі пра гэтую немагчымасць саромеюцца гаварыць і палітыкі, і грамадскія актывісты, паўстае велізарная фрустрацыя, расчараванне, дэпрэсія і адчуванне бяссілля беларусаў.

Ёсць пэўная загана ў ідэі, што «лёс Беларусі вызначаюць не тыя палітыкі, якія з’ехалі, а толькі беларусы ўнутры краіны». Уявіце сабе ўкраінскага палітыка, які скажа, што лёс Марыупалю мусяць вызначаць жыхары Марыупалю пад акупацыяй, а не палітыкі ў Кіеве. У беларусаў унутры краіны ёсць прыкладна такія ж магчымасці выказацца, як ва ўкраінцаў у Марыупалі – маўчаць, пайсці ў турму на катаванні, загінуць або з’ехаць.

Вызваленне Беларусі выключна знутры і выключна сваімі сіламі стане магчымым толькі ў выпадку, калі Расея страціць магчымасць урывацца ва ўнутраныя справы Беларусі, фінансуючы палітыка, які прайграў выбары, і шантажуючы нас размяшчэннем на нашай зямлі ядравай зброі. Пакуль Расея нападае на ўкраінцаў і выкарыстоўвае пры гэтым нашыя землі як плацдарм для сваіх войскаў і лагеры для сваіх наймітаў, а беларусаў – як жывы шчыт для сваіх ядравых сістэмаў, усё, што мы можам зрабіць – гэта спрабаваць вызваліць краіну звонку.

Нягледзячы на тое, што ЗСУ паспяхова знішчаюць расейскія войскі, як бачым, нават рэгулярнага войска Украіны недастаткова. Войска краіны з насельніцтвам у чатыры разы большым, чым у нас, якая валодае дзевяцігадовым баявым досведам, падмацаваным шырокім апалчэннем, забяспечанай зброяй і фінансаваннем ЕЗ і ЗША. Так, дагэтуль недастаткова, каб цалкам пазбыцца расейскай прысутнасці. Падтрымліваць фантазію аб тым, што 9 мільёнаў бяззбройных беларусаў (або некалькі тысяч каліноўцаў) змогуць самастойна справіцца там, дзе з вельмі цяжкімі высілкамі ваюе армія 40-мільённай краіны пры фінансавым падтрыманні наймацнейшых эканомік свету – безадказна і злачынна.

Дадатковая сустрэча, прысвечаная Беларусі, падчас саміту NATO ў Вільні. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Гэта не азначае, што нічога рабіць не трэба. Важна рабіць тое, што кожны з нас можа рабіць, чаго іншыя не могуць. Тыя, хто ў Беларусі, могуць дапамагаць тым, хто сядзіць у турмах, бо гэтага не могуць рабіць тыя, хто выехаў. Тыя, хто выехалі, – працягваць трансляваць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, бо гэтага не могуць зрабіць тыя, што жывуць у Беларусі. Важна дапамагаць ЗСУ. Важна дапамагаць палітыкам і актывістам, якія дамагаюцца вызвалення Беларусі. Пры ўсім гэтым важна разумець, што ніякі францір не ўтрымаецца, калі ён будзе абапірацца толькі на свае сілы.

Гэтак жа, як для Украіны вызначальнай задачай у перамозе ёсць атрыманне дапамогі ЕЗ і ЗША, вызначальнай задачай для вызвалення Беларусі ёсць здабыццё практычнага падтрымання ЕЗ і ЗША.

Ва Украіне страчана каля 20 % тэрыторыі краіны – а 100 % Беларусі цалкам пад кантролем Расеі. Украіна здолела захаваць дзейную ўладу, войска, медыі, адукацыю, дзяржаўнасць. У Беларусі ўсе палітыкі і медыі цяпер або ў турме, або ў выгнанні. Сітуацыя для суверэнітэту Беларусі значна цяжэйшая, чым для Украіны. Значыць, і дамагацца падтрымання ЕЗ і ЗША для нас нават больш крытычна, чым для ўкраінцаў.

Яшчэ адзін важны складнік, які ў фонавым рэжыме ажыццяўляюць беларусы ў выгнанні, гэта бесперапыннае даказванне, што беларусы – гэта самастойны народ, ментальна еўрапейскі, які імкнецца жыць з заходняга боку франціру цывілізацыі.

Самае небяспечнае, што можа здарыцца з намі, гэта калі пасля паразы Расеі ЕЗ не пабачыць прычынаў, дзеля якіх на збавенне нас з-пад расейскага кантролю трэба ўкладваць сродкі і намаганні, прапарцыйныя ўкладзеным у адваяванне Украіны.

Парадаксальна, але перамяшчэнне ядравай зброі ў Беларусь можа быць якраз той прычынай, што не дазволіць ЕЗ і ЗША сказаць: «тое, што адбываецца, гэта сумна – але гэта ўнутраная справа Беларусі і Расеі». Ядравая пагроза цалкам можа стаць чыннікам, які будзе матываваць краіны Захаду ўкласці свае рэсурсы і ўплыў, каб Беларусь стала бяспечным месцам і перастала несці ядравую пагрозу кантыненту. Відавочна, што гэта магчыма, толькі калі Беларусь будзе аддзеленая ад расейскага ўплыву.

Адзін з мэсіджаў, які важна адрасаваць палітыкам і народам ЕЗ і ЗША: каб наш народ выжыў, трэба даць Беларусі магчымасць быць уключанай у еўрапейскую цывілізацыю. Вярнуць Беларусь за еўрапейскі францір – гэта найлепшае, што можна зрабіць дзеля бяспекі рэгіёну.

Міхаіл Кірылюк / ВК для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў