Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікае ЕЗ узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі


Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) асудзіла вырак журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай. Супольна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў арганізацыі заклікаюць ЕЗ узмацніць ціск на беларускае кіраўніцтва і ўзмацніць санкцыі супраць усіх рэпрэсіяў у Беларусі.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд – 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

13 ліпеня Гомельскі абласны суд прысудзіў журналістцы Кацярыне Андрэевай 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў здрадзе дзяржаве (арт. 356 Крымінальнага кодэксу).

Нашую каляжанку схапілі сілавікі ​ ў лістападзе 2020 года падчас трансляцыі мірнай акцыі пратэсту на плошчы Пераменаў. За стрым Кацярыну разам з Дар’яй Чульцовай асудзілі на 2 гады зняволення нібыта за «арганізацыю незаконнай акцыі пратэсту».

«Беларускі дыктатар і ягоныя паплечнікі не цураюцца ніводнай нізкай кропкі. Яны зайшлі так далёка, што прыцягнулі да адказнасці ўжо несправядліва зняволеную журналістку паводле новых сфабрыкаваных абвінавачанняў. Гэты судовы пераслед і ўзмацненне рэпрэсіяў у дачыненні журналістаў дэманструе сапраўдную прыроду дыктатарскага рэжыму ў Беларусі», – заявіла прэзідэнтка EFJ Мая Сэвэр.

«Гэта адзін з самых жорсткіх прысудаў у дачыненні журналіста ў Беларусі. Кіраўніцтва Беларусі хоча пакараць Кацю за мужнасць. Яны прысуджаюць ёй 8 гадоў пазбаўлення волі ўсяго за два месяцы да запланаванага вызвалення ад папярэдняга прысуду. Патрабуем адмены судовага рашэння і перагляду судовага разбору», – дадаў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікае Еўразвяз, Еўрапейскую раду і АБСЕ ўзмацніць дыпламатычны ціск на беларускае кіраўніцтва і ўзмацніць санкцыі супраць усіх рэпрэсіяў у Беларусі.

Паводле БАЖ, цяпер у Беларусі за кратамі толькі за выкананне працы застаецца 31 журналіст і працаўнік медыяў.

Артыкулы
Журналістцы Кацярыне Андрэевай прысудзілі яшчэ 8 гадоў зняволення – цяпер за «здраду дзяржаве»
2022.07.13 13:34

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў