Быць проста лаяльным ужо недастаткова. Якія ўзроўні рэпрэсіяў цяпер існуюць у Беларусі


Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі супраць нелаяльных прасякаюць усе магчымыя сферы, пазбаўляючы людзей не толькі волі, але і ўласнасці. Эксперты налічылі больш як паўтузіна розных узроўняў таго, як улады пераследуюць нязгодных з фальсіфікацыяй выбараў і вайною ва Украіне. Але і гэта не мяжа, і хутка да гэтых рэпрэсіяў могуць дадацца новыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Пра розныя ўзроўні рэпрэсіяў, якія сёння існуюць у Беларусі, распавёў «Белсату» старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў. На ягоную думку, можна вылучыць прынамсі сем-восем такіх пластоў.

Прапагандысцкі газлайтынг

Першы ўзровень – прапаганда, якая стварае базавыя ўмовы для легалізацыі ціску. Пры гэтым вядзецца не толькі пра дзяржаўныя і праўладныя медыі, але пра і ўсю сістэму, якую даўно выбудоўвалі ў Беларусі, уключаючы ўладную вертыкаль, ідэолагаў і гэтак далей. Пасля 2020 года сюды дадалося прызначэнне былых сілавікоў у разнастайныя арганізацыі і прадпрыемствы на пасаду намеснікаў у пытаннях ідэалогіі, якія мусяць сачыць за лаяльнасцю падначаленых.

«Асноўнае прызначэнне ідэалагічнага пласту – гэта газлайтынг, адмаўленне рэчаіснасці, прынамсі падзеяў 2020–2021 гадоў. Заявы, што гэтага не было, а калі і было, то рабілі гэта «здраднікі, наркаманы, прастытуткі». Да таго ж, апроч адмаўлення, мэта – дэгуманізацыя тых, хто выступае супраць уладаў, што вельмі добра ілюструюць заявы сілавых органаў», – тлумачыць Генадзь Коршунаў.

Паводле яго, хоць у прапаганды не вельмі атрымліваецца зрабіцца татальнай, але «яна працуе, на жаль». Што відаць сярод іншага і са звестак сацыялагічных даследаванняў.

Зачыстка ўсяго незалежнага

Другі ўзровень рэпрэсіяў – вынішчэнне самых розных незалежных арганізацыяў. Паводле падлікаў Lawtrend, на канец сакавіка 2023 года ў Беларусі былі ліквідаваныя або ліквідуюцца не менш як 1249 зарэгістраваных арганізацыяў.

«Але ўсё роўна даволі шмат арганізацыяў яшчэ ёсць. Іх таксама пакрысе дзясяткамі ў месяц закрываюць», – падкрэсліў эксперт.

Вялікі брат сочыць

Наступны пласт, які не так навідавоку, – гэта ўсталяванне сістэмы кантролю і сачэння за беларусамі. Напрыклад, указ Лукашэнкі № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўнікоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць» абавязвае паштовых правайдараў, мэсэнджары, інтэрнэт-крамы, службы таксі і каршэрынгу захоўваць звесткі пра карыстальнікаў і даваць уладам доступ да іх.

«Фактычна гэтым указам ствараюцца юрыдычныя падставы для сачэння онлайн за беларусамі. Сілавыя органы могуць атрымліваць онлайн усе звесткі, пачынаючы ад таго, што чалавек замаўляе ў краме, і куды ён на таксі ездзіць. Гэта неймаверная прастора для сачэння за любым беларусам», – кажа эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Згадаў Генадзь Коршунаў і іншыя юрыдычныя навацыі, што скасоўваюць права беларусаў на прыватнасць, у тым ліку прафесійную таямніцу для псіхолагаў і юрыстаў. Ён не выключыў, што цяпер у Беларусі могуць распрацоўвацца і іншыя дакументы, якія «скарачаюць і зводзяць пад нуль» прыватную сферу.

Воўчыя білеты

Чацвёрты ўзровень – масавыя звальненні з палітычных матываў людзей ва ўсёй Беларусі. На думку Генадзя Коршунава, звальненні ахопліваюць тысячы людзей, «а мо і болей». Пры гэтым часцяком без працы застаюцца тыя, хто корміць сям’ю, у выніку чаго лічбы рэпрэсаваных такім чынам можна памнажаць у некалькі разоў. Больш за тое, людзям фактычна «выпісваюць воўчыя білеты», праз якія яны больш нідзе не могуць уладкавацца на працу. У выніку яны застаюцца без сродкаў на існаванне і часта вымушаныя з’язджаць з Беларусі.

Затрыманні: планавыя і рэакцыйныя

Далейшы ўзровень – сістэматычныя затрыманні, якія ў сваю чаргу можна падзяліць на некалькі дадатковых узроўняў.

«Яны ніколі не сканчаюцца. Хоць ужо не важна, ці была якая нагода ці не. Я думаю, што ёсць нейкія планы ў розных сілавых органаў, якія яны адпрацоўваюць», – мяркуе суразмоўца.

Але да таго ж існуюць і рэакцыйныя затрыманні ў адказ на пэўныя падзеі. Як, напрыклад, у выпадку з дыверсіяй у Мачулішчах і рэакцыяй на моладзевы феномен «ЧВК Рёдан».

«Атрымліваецца, што пры любой пагрозе ці намёку на непадпарадкаванне рэжым тупа ўключае фармат хапуну і хапае дзясяткі і сотні чалавек, не зважаючы ані на іхны век, ані на што», – заявіў Генадзь Коршунаў.

Ціск на палітвязняў: цяперашніх і былых

Асобным узроўнем застаецца ціск на палітвязняў у месцах зняволення:

«Там чыняцца проста неймаверныя рэчы, калі людзей змяшчаюць фактычна ва ўмовы катаванняў».

І апошні ўзровень – ціск на людзей, якія ўжо адбылі пакаранне, бо нават вызваленне чалавека з-за кратаў не ёсць гарантыяй таго, «што рэжым ад яго адчапіўся».

«Ён усё роўна застаецца пад пільнай увагай сілавых органаў. Ён усё роўна застаецца пад неймаверным ціскам – і псіхалагічным, і адміністратыўным. І існуе пагроза – і такіх выпадкаў шмат, – што чалавека праз некаторы час затрымліваюць зноў», – падкрэсліў Генадзь Коршунаў.

«Ціхенька адседзеліся»

Між тым Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка прыгразіў рэпрэсіямі недастаткова лаяльным, прынамсі ў сферы адукацыі і аховы здароўя:

«Трэба страсянуць наш рэктарскі корпус. 2020 год мы бачылі – ціхенька адседзеліся. Яны як бы ні пры чым. Не, я не хачу цень кінуць на ўсіх. Але ёсць у нас асобныя, якія перасталі не тое што бегчы, ісці перасталі. Звярніце на гэта ўвагу».

Паводле Лукашэнкі, «патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт». Але, сказаў ён, «нямала і тых, хто сёння думае інакш».

«2020 год гэта асвятліў. Таму ў гэтым кірунку будзем дзейнічаць», – дадаў Лукашэнка.

Тэму актыўнай лаяльнасці падхапілі і мясцовыя медыі. Які піша MAYDAY.TEAM, напрыклад, у Мсціславе ледзь не тыдзень дзяліліся «меркаваннем аб асноўных тэзісах паслання» Лукашэнкі не толькі кіраўнікі раёну і прапагандысты, але і кіраўнікі музею, прафсаюзаў, старшыні сельскіх выканкамаў, загадчыца клубу і нават маладыя спецыялісты. Паводле незалежных журналістаў, «ад «жадання выказацца» будзе залежаць кар’ера ўсіх без выключэння начальнікаў, пра гэта яны неафіцыйна папярэджаныя. А самі меркаванні будуць публікавацца «да апошняга начальніка».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: TUT.BY / Reuters / Forum

Генадзь Коршунаў назваў гэта чарговай прыкметай дрэйфу ў бок таталітарнага грамадства, калі «недастаткова рабіць сваю справу, а трэба ўсяляк дэманстраваць сваю лаяльнасць, падпарадкаванасць і гатовасць выконваць любы загад зверху».

«Прага да пашырэння такіх практык з вуснаў Лукашэнкі гучыць не першы год. Цяпер гэта будзе пашырацца. Такая магчымасць цалкам імаверная, і гэтага нам трэба чакаць», – мяркуе эксперт.

Наступныя ў чарзе – сілавікі

Таксама Генадзь Коршунаў лічыць даволі блізкай перспектывай і тое, што пад рэпрэсіі могуць трапіць і самыя сілавікі, якія цяпер адказваюць за палітычны пераслед.

Эксперт падкрэсліў, што сярод сілавых органаў ёсць пэўная канкурэнцыя. Гэтак, з аднаго боку «небывалую моц» набывае ГУБАЗіК, а з другога – «КДБ таксама дэманструе сваю патрэбнасць рэжыму». Прагназуе ён, што міліцыя таксама не застанецца ўбаку, як і пракуратура, якая таксама «набывае вялікую палітычна-ідэалагічную ролю ў беларускім рэжыме».

«І цалкам магчыма, што гэта прывядзе да нейкай канкурэнцыі і змагання пад дываном паміж органамі», – заявіў суразмоўца.

Таму ён чакае ўрэшце і рэпрэсіяў у дачыненні сілавікоў у выніку канкурэнтнай барацьбы.

Інтэрв’ю
Ці сапраўды беларусы пражываюць нанова 1937 год? Гісторык – пра асаблівасці рэінкарнацыі сталінізму ў Беларусі
2023.04.02 07:05

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў