МУС: сотні чалавек затрымалі ў сакавіку


Нечаканыя госці працягваюць урывацца ў жытло да беларусаў. Сумнавядомы ГУБАЗіК адрапартаваў: за месяц ягоныя супрацоўнікі прыйшлі больш як да 700 чалавек, якія ўжо былі ў полі зроку за «радыкальныя погляды». Амаль траціну затрыманых прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці. Сярод іх – 155 так званых экстрэмістаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але ж гэтым разам новая хваля масавых затрыманняў узнялася пасля інцыдэнту на лётнішчы ў Мачулішчах сёлета ў канцы лютага. Адпаведны загад сваім сілавікам даў Лукашэнка на чарговай нарадзе. Праз больш чым тыдзень пасля здарэння. Але, адзначыў кіраўнік ініцыятывы былых сілавікоў «BYPOL» Аляксандр Азараў, масавыя затрыманні трэба звязваць з іншай нагодай – з Днём Волі. І да гэтай даты ўжо была падрыхтаваная правакацыя з тэрарыстам, якога нібыта ліквідавалі ў Горадні 19-га сакавіка.

«І пад гэта яны планавалі ўзмацніць рэпрэсіі і пачаць працаваць па людзях больш шчыльна. Але тут адбыўся самалёт, нечакана для іх. Яны гэтага не планавалі. Таму цяпер яны ўсё скідваюць на самалёт, і на самой справе не было б самалёта, яны б расказвалі пра тэрарыста ў Горадні», – патлумачыў Аляксандр Азараў.

Менавіта на другую палову сакавіка, паводле праваабаронцаў цэнтру «Вясна», прыпала большасць затрыманняў. Паводле іх звестак, у мінулым месяцы лукашэнкаўскія сілавікі забралі мінімум 614 чалавек. Масавыя аблавы праходзілі амаль штодня па ўсёй краіне: Глыбокае, Мазыр, Гомель, Івацэвічы, Пінск, Полацк, Наваполацк. А таксама іншыя гарады. І затрыманні працягваюцца. Напярэдадні ў тым жа Гомлі затрымалі 8 грамадзянаў за «спажыванне інфармацыі з забароненых крыніцаў».

«Рэпрэсіі сталі, з аднаго боку, руцінай, з другога – гэта такі пастаянны канвеер. І вось гэтыя справаздачы, рапарты аб тым, колькі мы “адпрацавалі” – паказнік таго, што рэпрэсіі сталі такім штодзённым, штомесячным мерапрыемствам па запалохванню грамадства», – распавёў праваабаронца «Human Rights Impact» Раман Кісляк.

Таго ж страху ў грамадстве, што рэжым сее ўжо амаль тры гады, яму адназначна недастаткова, упэўнены эксперт:

«Адназначна яны бачаць, што не выходзяць на пазіцыю, дзе можа быць якаясь згода, перамір’е ў грамадстве. Гэтага няма. Канфрантацыя працягваецца. І, канешне, зараз немагчыма ім пабудаваць кіраванне без страху».

Паўстае лагічнае пытанне: ці варта чакаць узмацнення рэпрэсіяў з боку рэжыму?

«Яны выконваюць той план, які яны запланавалі на Дзень Волі. Яны не змаглі яго выканаць да Дня Волі. Рэпрэсіўная машына заведзеная, і яна будзе паціху павольна спыняцца. Але нельга сказаць, што яны спыняць рэпрэсіі наогул. Гэтага ніколі не будзе. Пакуль рэжым Лукашэнкі пры ўладзе, рэпрэсіі будуць заўсёды», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Як стала вядома напярэдадні, у кнізе вядомага пісьменніка Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» ГУБАЗіК экстрэмізму не знайшоў. Затое ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі тэлеграм-каналы «BelarusWithUkraine», «Чат Бурдейного TUT» і «ВольнаеВока TUT».

Ірына Юр’ева, «Белсат»