Латвія задумала збудаваць АЭС. Адзін з варыянтаў лакацыі – каля мяжы з Беларуссю


Міністэрства клімату і энергетыкі Латвіі 12 сакавіка агучыла даклад для латвійскіх дэпутатаў аб магчымым развіцці атамнай энергетыкі. Даклад выклікаў абурэнне ў сацсетках: адно з прапанаваных месцаў для АЭС – у нацыянальным парку блізу мяжы з Беларуссю, расказвае Латвійскае радыё.

Тэмэлінская АЭС
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэмэлінская АЭС, Чэхія.
Фота: Martin Vorel / Libreshot.com / CC0

Пакуль Міністэрства клімату і энергетыкі не мае канкрэтных планаў будаваць атамную электрастанцыю, а дэпутаты падкамісіі па навакольным асяроддзі паставіліся скептычна да ідэяў міністэрства.

Але ідэя была такой: збудаваць АЭС з малым ядравым рэактарам, каб не павялічваць залежнасць Латвіі ад электраэнергіі з іншых краінаў, бо да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Латвія выкарыстоўвала расейскія рэсурсы. Такая станцыя можа каштаваць «звыш мільярда еўра» – для параўнання, на Астравецкую АЭС Беларусь брала ў Расеі крэдыт на 10 млрд долараў.

Для АЭС у Латвіі прапанавалі шэсць лакацыяў: блізу возера Разна (Rāznas); у прыгарад Рыгі Ацонэ; каля Павіласта, што на беразе мора між Ліепаяй і Вентспілсам; на самай паўднёвай частцы таго берагу бліз мяжы з Літвой; каля Буртніекі на поўначы краіны.

Латвійцаў абурыла ідэя з возерам Разна – там нацыянальны парк і папулярнае месца сярод турыстаў. Мясцовыя ўлады таксама здзівіліся, бо там няма адпаведнага калектару энергіі ці транзітных шляхоў для энергіі.

Дарэчы, ад гэтага возера да мяжы з Беларуссю менш за 40 км. Але да Верхнядзвінску, бліжэйшага райцэнтру Беларусі, каля 70 км. Да БелАЭС адтуль больш як 190 км.

Але міністр клімату і энергетыкі Латвіі Каспанс Мэлніс растлумачыў, што мапу магчымых пляцовак для АЭС распрацоўвалі ў 2010 годзе, калі была «зусім іншая геапалітычная сітуацыя», а калі б цяпер сур’ёзна разглядалі будаўніцтва АЭС, дык мапа была б іншай.

Пакуль жа, па словах міністра, «пакуль больш пытанняў, чым адказаў» адносна ідэі з АЭС, таму можна казаць хіба аб пачатку будаўніцтва ў 2035 годзе.

Акрамя таго, міністэрства разглядала варыянт, у якім Латвія не будуе ўласную АЭС, а супрацоўнічае з Эстоніяй, якая збіраецца будаваць АЭС на сваёй тэрыторыі (але пакуль таксама толькі прыглядваецца да магчымых пляцовак).

Мэлніс таксама адзначаў, што трэба ўлічыць меркаванне грамадзянаў. Ды ягоная партыя, Саюз зялёных і фермераў, нядаўна расказала пра вынікі апытання, у якім больш жыхароў Латвіі выказаліся за АЭС: 21,6 % падтрымалі б ідэю будаўніцтва ўласнай АЭС, 28,9 % хутчэй падтрымалі б, а толькі 36,8 % не падтрымалі б ці хутчэй не падтрымалі б.

Улады Беларусі тым часам абмяркоўваюць з Расеяй будаўніцтва ўжо другой АЭС на поўдні краіны ці пабудовы трэцяга энергаблоку БелАЭС у Астраўцы. Украіна збіраецца пачаць будаўніцтва чатырох новых ядравых энергетычных рэактараў летам ці восенню гэтага года, каб кампенсаваць страты энергетычных магутнасцяў праз расейскую агрэсію. А Польшча рыхтуецца да пабудовы сваёй першай АЭС.

Разбор
Немцы адмовіліся ад АЭС, а палякі плануюць сваю першую станцыю. Ці выгадны «атам» у свеце і ў Беларусі?
2023.04.26 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў