ЗША забароняць TikTok? Да гэтага можа прывесці законапраект, які ўхваліла ніжняя палата Кангрэсу


Палата прадстаўнікоў Злучаных Штатаў – ніжняя палата парламенту – ухваліла законапраект, які, калі стане законам, паставіць выбар перад папулярнай сацсеткай TikTok: або аддзяліцца ад кітайскай матчынай кампаніі «ByteDance», або застацца заблакаванай у ЗША.

Фармальна законапраект не скіраваны супраць TikTok: ён завецца «Актам аб абароне амерыканцаў ад праграмаў, кантраляваных іншаземнымі праціўнікамі». Але ў тэксце праекту TikTok згадваецца як прыклад такой праграмы, бо сацсетка падкантрольная кітайскай кампаніі «ByteDance».

За законапраект прагаласавалі 352 дэпутаты, супраць яго – 65. Законапраект атрымаў падтрымку абедзвюх галоўных партыяў, Дэмакратычнай і Рэспубліканскай, што цяпер здараецца не так часта. Як піша CNBC, цяпер законапраект чакае цяжкае абмеркаванне ў Сенаце – верхняй палаце парламенту, дзе некаторыя сенатары не згодныя з ідэяй блакавання сацсеткі.

Праціўнікі праекту, расказвае «The Verge», лічаць, што гэта не будзе эфектыўным рашэннем рэальных праблемаў нацыянальнай бяспекі, а толькі выставіць непрымальныя абмежаванні свабоды слова.

Ды прэзідэнт ЗША Джо Байдэн казаў, што ён падпіша закон, калі парламент ухваліць праект. CNN заўважае, што ідэя паходзіла з розных напрамкаў, у тым ліку ад Дональда Трампа – найбольш імавернага суперніка Байдэна на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах. Але меркаванне Трампа змянілася літаральна тыдзень таму – цяпер ён супраць забароны сацсеткі, расказвае «Time». Ды і сам Байдэн у выбарчай кампаніі выкарыстоўвае TikTok (у адрозненне ад Трампа).

Калі закон сапраўды прымуць, цягам 5–6 месяцаў TikTok будзе вымушаны аддзяліцца ад кітайскай матчынай кампаніі «ByteDance», іначай застанецца заблакаваны ў Штатах. Як тлумачыць NPR, гаворка хутчэй пра другі варыянт, бо і сама кампанія, і кітайскія ўлады, якім яна падкантрольная, раней адмаўляліся ад раздзялення.

Прадстаўнік TikTok у каментары «Wired» казаў, што спадзяецца на адхіленне законапраекту, бо сацсеткай карыстаюцца 170 мільёнаў амерыканцаў і ад яе залежаць 7 мільёнаў малых бізнесаў у Штатах.

Генеральны дырэктар TikTok раней заяўляў, што кампанія не кантраляваная кітайскім урадам і з’яўляецца прыватнай. Але, як адзначае праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch», гэта сумнеўная заява, хоць непасрэдных доказаў адваротнага няма. Кітайскія камуністычныя ўлады кантралююць суды і сілавыя структуры, а ў апошнія гады ў Кітаі таямніча знікалі або паміралі буйныя бізнесоўцы. А ў 2018 годзе ўлады Кітаю закрылі адну з праграмаў «ByteDance», калі палічылі кантэнт «вульгарным» – тады заснавальнік кампаніі выбачаўся за «адхіленне ад сацыялістычных каштоўнасцяў» і абяцаў «рашуча перадаць голас» Кампартыі.

Hавiны
Беларусы пачалі пераходзіць з пошуку «Google» на «Яндэкс» – статыстыка «DataReportal»
2024.02.23 17:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў