Польскія памежнікі ў 2022 годзе прапусцілі праз мяжу больш за 2,8 мільёна беларусаў


Сярод падарожнікаў, якія пераходзілі польскую мяжу ў 2022 годзе, было 2 мільёны 868 тысяч беларусаў. Гэта склала 7,7 % агульнага трафіку на польскай мяжы, паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Графіка: strazgraniczna.pl

Колькасць перасячэнняў польскай мяжы беларусамі параўнальная з аналагічным паказнікам, датычнага жыхароў Еўразвязу: 3 мільёны 180 тысячаў.

«Трафік на мяжы з Украінай таксама амаль падвоіўся: з 8,7 млн ​​у 2021 годзе да 17,3 млн у 2022 годзе. Гэта, безумоўна, ёсць вынікам агрэсіі Расеі ва Украіне і хвалі ўцекачоў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Памежнай аховы Польшчы. Украінцы склалі 46 % усіх падарожнікаў.

Ведамства канстатуе, што памежны рух павольна вяртаецца да ўзроўню, які назіраўся да пандэміі.

Памежнікі адзначаюць таксама леташняе павелічэнне руху транспартных сродкаў. У 2022 годзе ён склаў 5,6 млн адзінак (у 2021 – 5,1 млн). Колькасць самалётаў на межах Польшчы вырасла амаль на 50 %.

Усяго ў 2022 годзе польскія памежныя пункты наведалі 37,3 мільёна падарожнікаў. У сярэднім – больш за 102 тысячы наведванняў за дзень.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў