У Генпракуратуры распавялі падрабязнасці «справы TUT.by».Па ёй будуць судзіць пяць чалавек


Генпракуратура перадала ў суд крымінальныя справы ў дачыненні да пяці фігурантаў «справы TUT.by». Гэта экс-гендырэктар Людміла Чэкіна, галоўны рэдактар парталу Марына Золатава, галоўны рэдактар палітыка-эканамічнага блока навінаў Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка.

Марина Золотова, главный редактор TUT.BY и политзаключенная
Марына Золатава, галоўны рэдактар TUT.BY і палітычная зняволеная, ў судзе. Менск, Беларусь. 1 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Нібыта праз тое, што ТАА «ТУТ БАЙ МЕДИА» незаконна атрымлівала льготы ПВТ, памер недаплачаных у 2019-2021 гадах падаткаў склаў больш за 3 млрд рублёў.

У Генпракуратуры сцвярджаюць, што «з мэтай атрымання падатковых прэферэнцый як рэзідэнта ПВТ у 2019 годзе была ўкаранёна схема па «драбненню бізнесу»: створана падкантрольнае ТАА «Паблишер бокс», на якое для працягу атрымання выручкі фармальна «перавялі« функцыі аказання пасрэдніцкіх паслуг, звязаных з распрацоўкай, вырабам рэкламных матэрыялаў, размяшчэннем рэкламы на інтэрнет-рэсурсах удзельнікаў дагаворных адносін і іншых паслуг з выкарыстаннем іншага праграмнага забеспячэння».

«Ажыццяўленне вышэйпаказанай дзейнасці было несумяшчальнае з сяброўствам у парку, у сувязі з чым адсутнічалі падставы для падатковых паслабленняў, пры гэтым у адміністрацыю ПВТ падаваліся непраўдзівыя звесткі аб рэальным становішчы спраў. Як вынік – у бюджэт у 2019-2021 гадах недаплачана больш за 3 млн рублёў падаткаў», – паведаміла прэс-служба Генпракуратуры.

Людміле Чэкінай інкрымінаваны ўхіленне ад выплаты падаткаў, арганізацыя распальвання сацыяльнай варожасці і варожасці, а таксама распаўсюджванне матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Золатава, Лойка і Талкачова абвінавачваюцца ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці, распаўсюджванні матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Ткачэнку вінавацяць у дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Яшчэ дзевяць фігурантаў «справы TUT.by», якія абвінавачваліся ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, вызваленыя ад крымінальнай адказнасці. Яны прызналі віну, пакрылі шкоду і заявілі хадайніцтвы ў адрас Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе служба інфармацыі Генпракуратуры.

Супрацоўнікі парталу «TUT.by» былі затрыманыя ў траўні 2021 года. Двух фігурантак справы, журналістак Вольгу Лойку і Алену Талкачову, КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў».

Чытайце па тэме:

«Амаль усе фігуранты кампенсавалі шкоду». СК завяршыў следства ў «справе TUT.BY»

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў