Шэсць міфаў пра «партызанскую рэспубліку»


Беларусь – «партызанская рэспубліка». На гэтым вобразе выхаванае не адно пакаленне. Але ад пачатку ён пабудаваны на савецкіх міфах, якія Васіль Быкаў назваў «антыпамяццю». Партызанскі міф больш хаваў, чым высвятляў і служыў савецкай ідэалогіі, пакідаючы па-за ўвагай іншыя антынацысцкія і адначасова антысавецкія рухі.

Партызаны атраду імя Будзённага Добрушскай брыгады. Фотаздымак 1943 года. Крыніца: МАММ/МДФ

Згодна «Беларускай энцыклапедыі», партызанская вайна – гэта ўзброеная барацьба народных масаў (асобных сацыяльных групаў і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нацыянальныя, сацыяльныя і іншыя свабоды. У савецкі час быў сфармаваны міф пра «партызанскую рэспубліку», які складаўся з шэрагу больш дробных міфаў, якія і сёння працягваюць панаваць у беларускай гісторыі, не дазваляючы цалкам зразумець, што сабою насамрэч уяўляла Другая сусветная вайна для беларускага народу.

Міф 1. «Усенародны характар» партызанскага руху

«Усенародная барацьба ў тыле ворага» – так апісвалі партызанскі рух ў СССР і працягваюць гэта рабіць у Беларусі. У якасці пацверджання – лічба партызанаў, якая расла тым больш, чым больш часу праходзіла пасля Другой сусветнай вайны. Пачынаючы з 1 мільён у 1944-м, да 1986 года афіцыйная лічба дасягнула 1,4 мільёна чалавек, «якія абапіраліся на дапамогу і спачуванне ўсяго насельніцтва» (П. Пономаренко. «Всенародная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков 1941–1944», с. 7). Урэшце зразумелі, што так можа ісці да бясконцасці і пачалі пісаць проста: «звыш 1 млн партызанаў» (Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны) : учеб. пособие для 9(11) кл., 2022, с. 118).

Але малавядомы факт, што з крытыкай такога павышэння выступіў адзін з арганізатараў партызанскага руху Ілля Старынаў (1900–2000), які тлумачыў, што несувымерна перабольшаныя лічбы ў якасці пацверджання «ўсенароднага характару» партызанскага руху згуляюць з ім злы жарт. Старынаў тлумачыў гэта простай матэматыкай: калі з 70 мільёнаў чалавек, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі СССР, у партызаны пайшоў 1 мільён чалавек, то выходзіць, што гэта ўсяго 1,4 %. Калі браць афіцыйныя перабольшаныя лічбы ў выпадку Беларусі (374 тысячы партызанаў), то гэты паказнік складзе 4,7 % (у РСФСР – 0,9 %, ва УССР – менш за 0,9 %). Дык які гэта «ўсенародны характар»? На гэта адказаў Ілля Старынаў: «Атрымліваецца, што праз два гады пасля пачатку вайны праявілі савецкі патрыятызм і паказалі, што яны шануюць сваю народную ўладу, толькі ад 0,17 % да 1,9 % насельніцтва акупаванай тэрыторыі. Атрымліваецца, што савецкі патрыятызм быў у некалькі разоў ніжэйшы, чым патрыятызм народу ў Францыі, Югаславіі і многіх іншых акупаваных фашыстамі краінах, значна ніжэйшы, чым у першыя гады савецкай улады ў вайне супраць замежных інтэрвентаў і белагвардзейцаў».

Ілля Старынаў. Крыніца: mycdn.me

Міф 2. «Народны ўздым»

«З пачаткам вайны ўвесь савецкі народ узняўся на барацьбу з ворагам» – так партызанская барацьба характарызуецца ў беларускім падручніку сусветнай гісторыі. «Народны ўздым» на барацьбу з акупантам – вобраз, які мэтанакіравана выбудоўваўся савецкай прапагандай. Менавіта гэты міф выкарыстоўвае Аляксандр Лукашэнка, калі робіць заяву: «У выпадку ваенных дзеянняў атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух».

Але нават афіцыйныя лічбы агульнай колькасці партызанаў у Беларусі на канец 1941 года (12 тысяч чалавек) сведчаць, што не тое што не было «народнага ўздыму», але і амаль не было «партызанскага руху». Праўда, гэта не перашкаджала першаму сакратару ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймону Панамарэнку запэўніваць Іосіфа Сталіна, што «пераважная большасць сялянаў цяжка перажывае страту савецкай улады». Хіба так магло быць пасля жудасных паводле свайго маштабу рэпрэсіяў, дэпартацыяў, калектывізацыі, барацьбы з рэлігіяй? Але рабілася гэта ў справаздачах мэтанакіравана: савецкі міф пра партызанаў «хутчэй у закамуфляванай форме, чым у адкрытай, служыў легітымацыі савецкага рэжыму» (Богдан Мусял. «Савецкія партызаны ў 1941–1944 гг. Міфы і рэчаіснасць, 2018, с. 9).

Кіраўнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху Панцеляймон Панамарэнка размаўляе з групай віцебскіх і магілёўскіх партызанаў. Масква, ліпень 1942 года. Крыніца: Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Міф 3. Кіроўная роля Камуністычнай партыі

«Арганізатарам барацьбы беларускага народу супраць акупантаў стала Камуністычная партыя» – гэта сказ з падручніку гісторыі Беларусі (Новик Е.К. История Беларуси, 1917–1945 гг.: учебное пособие для 10-го класса, 2012, с. 134). Насамрэч так не было, але Іосіф Сталін дамагаўся гэтага, калі 29 чэрвеня 1941 года падпісаў дырэктыву, у якой абвінавачваў мясцовае партыйнае кіраўніцтва ў «дабрадушнасці», у жыцці яшчэ мірнымі настроямі, загадаўшы ў захопленых раёнах ствараць партызанскія атрады і дыверсійныя групы. Каб зразумець, што з гэтага выйшла, уявіце, як кіраўнікі сённяшніх сельсаветаў, райвыканкамаў ды аблвыканкамаў, якія ўсе пагалоўна ўваходзяць у арганізацыю «Белая Русь», вымушаныя пайсці ў лясы для арганізацыі партызанкі. Зразумела, што з гэтага выйшла, бо 18 ліпеня 1941 года Сталін падпісаў яшчэ адну пастанову – «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войскаў», у якой адзначаў: «Між тым усё яшчэ нярэдкія выпадкі, калі кіраўнікі партыйных і савецкіх арганізацыяў у раёнах, якія падвергліся пагрозе захопу нямецкіх фашыстаў, ганебна кідаюць свае баявыя пасты, адыходзяць у глыбокі тыл, на спакойныя месцы, ператвараюцца на справе ў дэзерціраў і бездапаможных баязліўцаў».

Дырэктыва СНК СССР і ЦК УКП(б) арганізацыям прыфрантавых вобласцяў ад 29 чэрвеня 1941 года. Крыніца: otrageniya / livejournal

Пасля правалу камуністычных кіраўнікоў на месцах разгортваннем партызанскай дзейнасці на пачатковым этапе занялося створанае ў кастрычніку 1941 года і рэарганізаванае ў студзені 1942 года 4-е ўпраўленне НКВД СССР на чале з Паўлам Судаплатавым. Пазней, каб прадставіць партызанскі рух як народны, савецкае кіраўніцтва сфармавала партызанскія штабы паводле нацыянальнага прынцыпу, але, напрыклад, сярод 83 кіраўнікоў Беларускага штабу большасць складалі не нарадзінцы Беларусі. У той жа час у пераважнай большасці гэта былі наменклатурнікі і чэкісты.

Міф 4. Пра 374 тысячы «народных мсціўцаў» і 440 тысячаў «схаванага партызанскага рэзерву»

Паводле выведзеных у часы СССР лічбаў, «колькасць беларускіх партызанаў перавышала 374 тысячы чалавек. Партызанскія рэзервы складалі больш за 440 тысячаў чалавек» (Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны) : учеб. пособие для 9(11) кл., 2022, с. 118). Але каб зразумець, што хаваецца за афіцыйнымі лічбамі, прасочым, як яны змяніліся з пачатку вайны да вызвалення Беларусі ў 1944-м.

«Моцны партызанскі рух на беларускіх землях разгарнуўся ўжо восенню 1941 года» – гэтую тэзу любяць паўтараць ідэолагі. Але насамрэч на пачатковым этапе мясцовае насельніцтва не падтрымлівала створаныя НКВД партызанскія атрады ў Беларусі (напрыклад, ужо на 26 чэрвеня 1941 года ва Усходняй Беларусі НКВД стварыў 14 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 1,2 тысячы чалавек).

Аб тым, як насельніцтва ставілася да савецкага партызанскага руху на самым яго пачатку, сведчыць лічба гэтых самых партызанаў на канец 1941 года – 12 тысячаў, палову з якіх складалі якраз чэкісты. На канец 1942 года гэтая лічба вырасла да 56 тысячаў чалавек – у асноўным коштам былых савецкіх ваеннапалонных і перакінутых паветрам ды праз лінію фронту вайсковых аддзелаў, як брыгада «Жалязняк» на Бягомельшчыне. З гэтай мэтай ва Уладзімірскай вобласці Расеі былі створаныя спецыяльныя курсы, праз якія прайшлі 3 тысячы чалавек, накіраваных у Беларусь.

Афіцыйна лічыцца, што цягам 1943 года колькасць партызанаў павялічылася да 153 тысячаў, а ў ліпені 1944 года дасягнула 374 тысячаў – акурат на гэты час і прыходзіцца масавае знішчэнне нацыстамі беларускіх вёсак. Адной з істотных крыніцаў росту колькасці партызанаў на фоне поспехаў Чырвонай арміі на фронце і распаўсюджванні чутак пра будучую помсту жыхарам акупаваных тэрыторыяў сталі, як ні дзіўна, перабежчыкі-калабаранты. Прыклад тут Першая расейская нацыянальная брыгада СС («Дружина № 1») на чале з Уладзімірам Гілём, якая пасля пераходу на бок партызанаў атрымала назву 1-ая Антыфашысцкая партызанская брыгада.

Уладзімір Гіль, кіраўнік 1-й Расейскай нацыянальнай брыгады СС. Крыніца: Жуков Д., Ковтун И. 1-я Русская бригада СС «Дружина»

«Схаваны партызанскі рэзерв» – гэта тыя, хто, паводле падлікаў саміх партызанаў, мог праз мабілізацыю трапіць у партызанскія шэрагі або дапамагаў партызанам. Гэта вельмі ўмоўная характарыстыка, якая на хвалі барацьбы з «ворагамі народу» пасля вызвалення і чыстак тых, хто жыў на акупаванай тэрыторыі, было ратавальнай саломінкай для людзей. Як папаўняўся гэты «рэзерв», вельмі паказальна апісаў Васіль Быкаў у апавяданні «Ружовы туман».

Насамрэч, «374 тысячы» – гэта ў значнай ступені завышаная лічба. Напрыклад, паводле нацысцкіх звестак, супраць іх дзеялі ўсяго каля 100 тысяч партызанаў; згодна з падлікам Іллі Старынава – 250 тысячаў; сённяшнія гісторыкі называюць лічбу 200 тысячаў (65 % з іх – беларускія партызаны). Гэтую лічбу ў прынцыпе пацвярджае колькасць узнагароджаных савецкімі медалямі партызанаў (180 тысячаў), а таксама інфармацыя парталу «Партизаны Беларуси», які змяшчае звесткі амаль з 212,5 тысячы картак. Аднак насамрэч гэта партызаны не толькі з Беларусі, насуперак назве парталу, бо ў базу звестак «трапляюць дакументы партызанскіх атрадаў, якія змагаліся з фашызмам на тэрыторыі Беларусі, Расеі, Украіны, Польшчы і іншых краінаў».

Міф 5. Пра эфектыўнасць партызанскага руху

Паводле звестак Беларускага штабу партызанскага руху, на канец 1943 года партызаны кантралявалі 108 тысячаў квадратных кіламетраў (58,4 % акупаванай тэрыторыі Беларусі), у тым ліку 37,8 тысячы квадратных кіламетраў было ачышчана ад захопнікаў поўнасцю. Паўтараючы гэтыя лічбы, савецкія ідэолагі пакідалі па-за ўвагаю тое, што гэта былі звычайна лясныя або балоцістыя мясцовасці без чыгункі, што не надта цікавілі нацыстаў, а таксама тое, што ў партызанскіх зонах савецкія партызаны не спынялі карных аперацыяў супраць мясцовага насельніцтва.

Паводле савецкіх звестак, у Беларусі былі знішчаныя 500 тысяч акупантаў і калабарацыяністаў, пры гэтым самыя партызаны, згодна «Энцыклапедыі Беларусі», страцілі ўсяго 44 791 асобу. Але як гэта ўдалося з улікам таго, што да вясны 1944 года колькасць вайскоўцаў вермахту ў Беларусі была каля 160 тысяч чалавек? Усяго ж савецкія партызаны быццам бы знішчылі 1,5 мільёна нацыстаў. Як трапна заўважыў Ілля Старынаў, партызанскія начальнікі займаліся прыпіскамі, бо, паводле іхных зводак, «партызаны больш знішчалі немцаў, чым былі іх страты на Усходзе, на долю Савецкай Арміі нічога не заставалася».

Згодна падліку нямецкага гісторыка Бэрнда Бонвэча, партызаны ў часе вайны знішчылі каля 30–35 тысячаў нямецкіх вайскоўцаў. Аднак нашмат большыя страты былі сярод тых, хто пайшоў на службу да нацыстаў, і мірных жыхароў. Як заўважае пісьменнік Уладзімір Барташоў, галоўнай мэтай партызанскага руху на акупаванай тэрыторыі было далёка не знішчэнне рэсурсаў немцаў, на што партызаны пры сваёй колькасці моцна паўплываць не маглі. Найпершая задача – «перашкодзіць супрацоўніцтву мірнага насельніцтва з немцамі».

Эшалон сышоў пад адхон. Крыніца: Диктант Победы

Міф 6. «Рэйкавая вайна»

11 128 эшалонаў – менавіта гэтую лічбу любіць называць Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выступах. Калі падзяліць гэтую лічбу на дні нямецкай акупацыі (1101), то выходзіць, што ў сярэднім штодня на тэрыторыі Беларусі партызаны пускалі пад адхон 10 эшалонаў. Пры гэтым, паводле афіцыйных падлікаў, толькі ў ліпені 1943 года партызаны ў Беларусі пусцілі пад адхон 743 эшалоны, а ў жніўні – 467. Толькі чаму ў такім разе ў тым жа жніўні 1943 года вермахт у раёне дзейнасці групы арміяў «Цэнтр» атрымаў  2159 эшалонаў (на 330 больш, чым у чэрвені) – не тлумачыцца. Як трапна заўважае гісторык Ігар Кузняцоў, нават пры такіх лічбах і рэкордах часоў «рэйкавай вайны» «ніводная аператыўная перавозка вермахту на ўсходзе не была сарваная, ні адна буйная наступальная аперацыя германскіх войскаў не пачалася са спазненнем з-за дзеянняў партызанаў».

Ілля Старынаў прыводзіць вельмі паказальны прыклад таго, што ў чэрвені-жніўні 1943 года на тэрыторыі тылу групы арміяў «Цэнтр» было праведзена 33 569 баявых акцыяў у межах «рэйкавай вайны» – аперацыі для знішчэння лініяў камунікацыі ворага ў тыле. Але высветлілася, што 20 218 акцыяў з іх – гэта насамрэч не акцыі, а падарваныя рэйкі. Такім чынам, кожная падарваная рэйка ператварылася ў цэлую баявую аперацыю. Усяго, паводле савецкіх звестак, партызаны знішчылі больш за 600 тысячаў рэек і нават быццам бы прымусілі немцаў здымаць летам 1943 года рэйкі і прывозіць іх з Нямеччыны і Францыі. Але ў рэчаіснасці гэтыя лічбы былі завышаныя як найменш у 4 разы. Пры гэтым самыя немцы не толькі не завозілі рэйкі з Захаду, а за час «рэйкавай вайны» вывезлі на захад з тэрыторыі СССР больш за 120 тысячаў рэек для пераплаўкі.

Партызанскія брыгады і злучэнні на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1942–1944). Крыніца: Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны), 2022.

Партызанскі рух у Беларусі сапраўды атрымаў шырокае распаўсюджанне, асабліва ў параўнанні з іншымі рэспублікамі СССР. Але ўтойванне таго, як гэта было дасягнута, які мела кошт і ўплыў на вайну і жыццё тых, хто заставаўся на акупаванай тэрыторыі, дзе нацысты ўсталёўвалі «новы парадак», не дазваляе ацаніць усёй трагічнасці Другой сусветнай вайны для нашага народу і пакідае па-за ўвагай іншыя вайсковыя фармаванні, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі супраць нацыстаў, у тым ліку беларускія несавецкія, габрэйскія, украінскія, літоўскія і польскія (АК) атрады.

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў