Зняволеных музыкаў «Nizkiz» дадалі ў спіс «экстрэмістаў». Выглядае, іх ужо асудзілі


Спіс экстрэмістаў Міністэрства ўнутраных справаў папоўнілі 12 красавіка яшчэ 15 імёнамі – цяпер там 3975 пазіцыяў. Са спісу вынікае, што гурт «Nizkiz» ужо асудзілі, але вырак невядомы.

NIZKIZ
Аляксандр Ільін у кліпе на песню «Правілы».
Скрыншот: Nizkiz / YouTube

У лік «экстрэмістаў» залучылі палітычных вязняў Аляксандра Ільіна, Сяргея Кульшу і Дзмітрыя Халяўкіна – зняволеных музыкаў гурта «Nizkiz». Падстава – прысуд паводле арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак». Гэты артыкул называюць народным, паводле яго судзяць за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

З той жа прычыны ў спіс дадалі Аляксандру Каско, якую асудзілі па вяртанні ў Беларусь з Польшчы.

Мяркуючы з запісу ў спіс «экстрэмістаў», гурт «Nizkiz» ужо асудзілі, рашэнне суда Кастрычніцкага раёну Магілёва набыло моц. Але праваабаронцам вырак невядомы, была інфармацыя, што музыкаў пачалі судзіць 19 сакавіка. Ім пагражала абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

На сайце Праваабарончага цэнтру «Вясна» на старонках, прысвечаных музыкам, пазначана, што вынік суду невядомы, аднак у той жа час гаворыцца, што пакаранне – абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Таксама «Вясна» дадала музыкаў у спіс былых палітвязняў.

Пасля 2020 года гурт «Nizkiz» заставаўся ў Беларусі, раз-пораз выязджаў за мяжу на гастролі. Прапаганда ж сцвярджала, што музыкі нібыта з’ехалі і былі затрыманыя па вяртанні. Гурт не ўтойваў удзелу ў мірных пратэстах, паказваў паходы на маршы ў кліпе на песню «Правілы», якая сталася адным з гімнаў пратэстаў 2020 года.

Спіс экстрэмістаў не адзіны, у які людзей аўтаматычна залучаюць за палітычныя прысуды. Ёсць таксама спіс тэрарыстаў Камітэту дзяржаўнай бяспекі, куды могуць залучыць за каментар у сацыяльных сетках. Так зрабілі, напрыклад, з лідарам гурта «Gods Tower» Уладзіславам Наважылавым: яго назвалі тэрарыстам за тое, што той параўнаў старшыню аблвыканкаму са свіннёю.

Hавiны
Святлана Ціханоўская пра затрыманне музыкаў «Nizkiz»: Яшчэ адзін ганебны акт помсты рэжыму
2024.01.06 17:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў